БЕЛ Ł РУС

Беларусаў шакаваў рост цэнаў на скумбрыю, яйкі і сала. Вось што людзі кажуць

12.11.2026 / 12:50

Максім Сыраежка

Сабралі меркаванні беларусаў пра тое, як падаражэлі рыба і іншыя прадукты напярэдадні Новага года.

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Інфармацыя пра рост цаны скумбрыі, якая падаражэла з 36 да 50 рублёў за кілаграм, выклікаў бурную рэакцыю ў тыктоку. Ролік за тры дні паглядзелі больш за паўмільёна разоў, пад ім — больш за тысячу каментароў. 

Самым ўпадабаным каментаром (больш за тысячу лайкаў) пад відэа стаў «Ды што рыба? Яйкі калі сталі па 6,50?»

Іншы глядач з болем успамінае, што яйкі нядаўна каштавалі па 2 рублі, а цяпер па 4-5. Нехта заўважаюць, што малако цяпер амаль па 3 рублі за літр, курыныя субпрадукты, якія раней «былі капейкі», цяпер даражэйшыя за 6 рублёў, а кілаграм агуркоў з бочкі каштуе 12.

Асобная тэма — цэны на курыцу:

«Курыца па цане свініны, а скумбрыя па цане тунца — цудоўна», – іранізуе адзін з гледачоў. Іншыя пішуць, што курыца за два дні падаражэла напалову, і пытаюцца, ці бачыў хто цэннік на курынае філе.

А сала? Каментар «Зусім ужо ашалелі з цэнамі. Ды і не толькі на рыбу і на сала» стаў трэцім па папулярнасці. У яго 732 лайкі. Яшчэ адзін карыстальнік дадае, што сала каштуе 40 рублёў, а рыба — «завоблачна».

Што да самой скумбрыі, то тут людзі дзеляцца цэнамі з крам. Нават замарожаная скумбрыя, піша нехта, каштуе 25 рублёў «і выглядае проста жах». З ім згодныя больш за 200 гледачоў. Іншыя пішуць, што рыба стала на вага золата, і танней ужо ўзяць кілаграм мяса, чым адну рыбку.

Гледачы заўважаюць, што падаражэла і іншая рыба. Хек, паводле аднаго з каментатараў, нядаўна каштаваў 8 рублёў, а цяпер 14, мінтай — 12 замест 7. Нехта не разумее, чаму вобла каштуе 61 рубель за кілаграм, а свежамарожаная стронга — 30. З Гомеля пішуць пра мойву за 28 рублёў. З такой цаной рыба, якую раней мог сабе дазволіць нават студэнт, стала раскошай.

Шмат хто заклікае проста не купляць скумбрыі па такіх цэнах. Так ці інакш пра гэта пішуць больш за тры дзясяткі каментатараў. Самы папулярны з такіх каментароў сабраў 396 лайкаў:

«Сёння глядзеў скумбрыю: 19 рублёў за адну рыбіну на 300 грамаў… Не купляйце. Хай гніе за такія цэны».

Астатнія паўтараюць тое ж на розныя лады: «Хай яна закісне ў прадаўцоў на вітрыне», «Не куплялі б — не павышалі б». Нехта прапануе абвясціць «забастоўку»: купіць на свята мінімум, а Новы год адзначыць караоке і размовамі.

Многія ўжо ведаюць, чым замяніць рыбу. Найчасцей — свінінай і салам. Іншыя раяць узяць карпа ці «беларускага карася».

Частка людзей кажа, што на свята не будзе траціцца ўвогуле. Так каментар «Я ўвогуле святкаваць не буду. З такімі цэнамі лягчэй спаць» стаў другім па папулярнасці, набраўшы 984 лайкі.

«Не толькі рыбка. Усё страшна падаражэла. Пра Новы год маўчаць трэба. Тут жыць няма за што», — рэзюміруе нехта і яго падтрымлівае звыш 510 іншых гледачоў.

Асобныя гледачы акцэнтуюць увагу на сваіх даходах. Фраза «зарплаты на месцы, а цэны растуць» у розных варыянтах сустракаецца зноў і зноў. Нехта запэўнівае, што пенсіянерам рыба «зусім не па кішэні». І з ім згодны амаль 170 іншых. Беларусы іроніяй згадваюць афіцыйную сярэднюю зарплату ў 3700 рублёў: маўляў, гэта і ёсць «выраўноўванне цэн да зарплат». Адна карыстальніца піша, што забылася, калі ела скумбрыю: у яе заробак 820 рублёў.

Не ўсе, аднак, вераць у шчырасць скаргаў.

«А людзей у крамах менш не стала. Усюды чэргі», — піша адзін з карыстальнікаў, і яго падтрымліваюць 60 іншых гледачоў.

«Ды ну? У чэргах ва ўсіх вазкі ломяцца ад ежы!!!», — дадае яшчэ адзін. 

Іншыя ўпэўненыя, што 31 снежня ў крамах зноў будзе «не прайсці», людзі будуць «грэбсці ўсё запар».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула