Суд ЕС прызнаў неправамерным бясконцае зацягванне Польшчай разгляду заяў на ДНЖ
Суд Еўрапейскага саюза прыйшоў да высновы, што Польшча не можа бясконца прыпыняць тэрміны разгляду заяў на атрыманне дазволу на часовае жыхарства (ДНЖ), спасылаючыся на наплыў украінскіх уцекачоў, піша выданне Most.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: kartapobytu.pl
Суд прызнаў, што ў надзвычайных і непрадбачаных абставінах краіны ЕС могуць не ўкладацца ва ўстаноўленыя тэрміны, аднак пасля 31 снежня 2022 года масавы прыезд уцекачоў з Украіны ўжо нельга лічыць непрадбачанай сітуацыяй.
Механізм прыпынення тэрмінаў з'явіўся ў 2022 годзе, калі ў спецыяльны закон аб дапамозе грамадзянам Украіны ўключылі артыкул 100d. Згодна з ім, прыпыняліся тэрміны разгляду ваяводамі спраў аб выдачы дазволаў на пражыванне. Гэта не азначае, што заявы перасталі разглядаць або рашэнні па іх не прымаліся. Аднак на гэтыя справы больш не распаўсюджваліся звычайныя часавыя абмежаванні, а дзяржаўныя органы не атрымлівалі штрафаў за несвоечасовае прыняцце рашэнняў. Такі парадак дзейнічае з сакавіка 2022 года і неаднаразова працягваўся. Апошні раз яго падоўжылі да сакавіка 2027 года.
Падставай для разгляду пытання ў Судзе ЕС стала справа замежніка, які ў красавіку 2024 года падаў заяву на атрыманне дазволу на часовае жыхарства з мэтай навучання. Не дачакаўшыся рашэння, у лістападзе таго ж года ён звярнуўся ў адміністрацыйны суд са скаргай на бяздзейнасць ваяводы. Той спаслаўся на артыкул 100d. Адміністрацыйны суд у Глівіцах засумняваўся, ці адпавядае такая норма заканадаўству Еўрасаюза, і перадаў пытанне на разгляд Суда ЕС.
Суд нагадаў, што ў звычайных умовах заявы на атрыманне дазволу на пражыванне з мэтай навучання павінны разглядацца на працягу 90 дзён. Калі непераадольныя абставіны перашкаджаюць дзяржаўным органам правесці неабходныя праверкі і прыняць рашэнне ў гэты тэрмін, дзяржаву нельга вінаваціць у парушэнні часавых абмежаванняў. Аднак спасылацца на такія абставіны можна толькі на працягу часу, неабходнага для пераадолення адпаведных перашкодаў.
У апублікаваным рэзюмэ рашэння адзначаецца, што пасля 31 снежня 2022 года масавы прыезд людзей, вымушаных пакінуць свае дамы праз расійскую агрэсію супраць Украіны, ужо нельга было лічыць непрадбачанай падзеяй. Таксама суд не ўбачыў пацвярджэння таго, што працяг прыпынення дзеяння нормаў аб адказнасці за бяздзейнасць адміністрацыйных органаў да 30 верасня 2025 года сведчыў пра належную стараннасць польскіх уладаў у вырашэнні праблемы. Гэты тэрмін быў пазначаны ў матэрыялах справы, бо на той момант дзейнічала менавіта такое падаўжэнне.
Пры гэтым рашэнне Суда ЕС датычыцца канкрэтнай справы і само па сабе не адмяняе польскую норму аб прыпыненні тэрмінаў. Раней польскія суды таксама прымалі рашэнні на карысць замежнікаў, адзначаючы, што норма, якая пазбаўляе чалавека магчымасці абскардзіць бяздзейнасць дзяржаўнага органа, супярэчыць Канстытуцыі Польшчы. Аднак такія рашэнні па асобных справах дагэтуль не прывялі да змены агульнага парадку.
Чытайце таксама:
Беларуска атрымала ў Польшчы ДНЖ з памылкай у імені. Ці можна гэта выправіць?
Беларуска атрымала рэдкі ДНЖ у Польшчы. Яе адносіны правяралі нават у краме «Жабка»
Беларуса абавязалі выехаць з Польшчы: ён пратэрмінаваў візу і не змог атрымаць ДНЖ