БЕЛ Ł РУС

У Бразіліі выйдзе першая кніга, перакладзеная непасрэдна з беларускай мовы

13.11.2026 / 17:04

Nashaniva.com

Кнігу беларускай пісьменніцы Ганны Янкуты «Канстытуцыя» выдадуць у перакладзе на партугальскую мову. Выдавецтва з Сан-Паўлу Toma Aí Um Poema ўжо адкрыла перадзамову. Яна будзе доўжыцца два месяцы, і ад яе вынікаў залежыць фінальны наклад. Пераклад рыхтуе Вольга Франко, піша budzma.org.

«Пад канец гэтага цяжкага і змрочнага года ў мяне здарыўся цуд — Вольга Франко рыхтуе пераклад «Канстытуцыі» на бразільскую партугальскую», — напісала Ганна Янкута на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Таксама пісьменніца адзначыла, што рыхтуецца вялікая прадмова пра сітуацыю ў Беларусі, пра якую ў Паўднёвай Амерыцы амаль нічога не ведаюць:

«… спадзяюся, кніга дасць магчымасць пашыраць веды пра нашу краіну. Пачуваюся вельмі шчаслівай — апошнія чатыры гады я займалася беларускімі гісторыямі з Паўднёвай Амерыкі і Карыбаў (вынік неўзабаве таксама мусіць пабачыць свет), і тое, што «Канстытуцыя» з’явіцца ў адной з краін рэгіёна, сапраўды выглядае як цуд.

Галоўная заслуга ў падрыхтоўцы гэтай кнігі і ў тым, што ў Бразіліі ўвогуле ведаюць нешта пра Беларусь, належыць Волі Франко, якая актыўна працуе на стыку трох культур — беларускай, бразільскай і ўкраінскай. Яна перакладае з партугальскай на беларускую («Жыў-быў Тыран» Машаду і інш.), з украінскай на беларускую (паэтычны зборнік Крыўцова), з украінскай на партугальскую (Крыўцоў, Дронь, Дэрэш) — і, вядома, з беларускай на партугальскую.

У гэтай камбінацыі моваў яна пераклала шэраг асобных тэкстаў, аднак «Канстытуцыя» будзе яе першай кнігай, перакладзенай з беларускай на партугальскую. Больш за тое, гэта будзе першая кніга ў Бразіліі, перакладзеная наўпрост з беларускай мовы. Дагэтуль, як кажа Воля, беларуская літаратура ў Бразіліі перакладалася толькі з рускай (Святлана Алексіевіч) ці з польскага перакладу (Францішак Аляхновіч)».

Кнігу можна заказаць як у папяровым, так і электронным варыянце па спасылцы.

Чытайце таксама:

Перавыдаюць дзве кнігі Кастуся Тарасава

Уладзімір Някляеў паведаміў пра выхад самай найчаканай сваёй кнігі ў Польшчы

Пераклалі на беларускую «Бывай, зброя» Хэмінгуэя

Абвешчаны пераможца прэміі Гедройця. Але сапраўдную назву кнігі ведаюць толькі сябры журы

Каментары да артыкула