«Экстрэмісцкай» прызналі групоўку «Чорныя русы», якая заявіла пра сябе пасля інцыдэнту на беларуска-латвійскай мяжы
Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сярод іншых у яго трапіла ініцыятыва «Чорныя русы», пра нібыта існаванне якой стала вядома пасля нядаўняга інцыдэнту на мяжы Беларусі з Латвіяй. «Экстрэмісцкімі» абвешчаныя яе сайт, тэлеграм-канал, ютуб-канал, тыкток-акаўнт і лагатып.
Сімвал, які часта выкарыстоўваецца ў відэа «Чорных русаў»
Інцыдэнт на беларуска-латвійскай мяжы адбыўся ў ноч з 5 на 6 кастрычніка. Узброеныя людзі з беларускага боку суправаджалі групу з 20 мігрантаў, якія спрабавалі незаконна перасекчы мяжу. Яны пагражалі латвійскім вайскоўцам, што перашкаджалі мігрантам прайсці. Пазней невядомыя самі перайшлі мяжу Латвіі, пашкодзілі размеркавальны электрашчыт, скралі камеры відэаназірання і вярнуліся на беларускую тэрыторыю.
Заява пра адказнасць за здарэнне з'явілася ў адным з Telegram-каналаў. На відэазапісе чалавек з закрытым тварам і змененым голасам, які назваўся Нёманам, сцвярджаў, што трое ўдзельнікаў «Чорных русаў» перасеклі мяжу ў Краслаўскім краі і ўступілі ў сутыкненне з латвійскімі вайскоўцамі. Паводле ягоных слоў, гэта была толькі праверка латвійскага боку, якую той не прайшоў. Прадстаўнік групоўкі таксама прыгразіў новымі дыверсіямі на іншых участках мяжы.
Аднак жа латвійскія спецслужбы і аналітыкі паставіліся да інфармацыі пра нібыта існаванне такой групоўкі скептычна. Дырэктар Цэнтра перадавога вопыту НАТА ў галіне стратэгічных камунікацый Яніс Сартс лічыць, што самастойнай групоўкі «Чорныя русы» насамрэч не існуе, а яе публічная дзейнасць з'яўляецца інфармацыйнай аперацыяй расійскіх і беларускіх спецслужбаў. На яго думку, такая структура дазваляе беларускім уладам адмаўляць сваю датычнасць да падзей на мяжы.
Акрамя фантомных «Чорных русаў», у «экстрэмісцкі» спіс гэтым разам дададзеныя:
- кнігі і выданні «Палітычная гісторыя беларускай мовы да 1996 г.» Ігара Случака (Вільня, 2026), «Хлебные крошки. Сборник Тюремных стихов и текстов» Яўгена Рубашкі, «Сацыятэхніка: пачаткі» Міхаіла Волчака, «Евроремонт для Беларуси. Беседы с Графом Александром Прушинским»;
- тэлеграм-канал Freedom BEL;
- Threads-акаўнты thisminsk, tolyn_tolyanich, ihar_kliashuk, andrei_shlik і natalliamerynava9.
Чытайце таксама:
Узброеныя людзі ў масках сілком гналі мігрантаў з Беларусі ў Латвію, перасеклі мяжу і скралі камеры
Каго вышуквае міліцыя? Па 39% — палітычных і аліментшчыкаў. Рэшта — усе астатнія артыкулы ФОТАФАКТ