БЕЛ Ł РУС

У Гродне заваблівалі на адкрыццё KFC бясплатнымі бутэлькамі для вады і чызбургерамі за 1 капейку. І людзі ламануліся па халяву

14.11.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Перад уваходам у новы рэстаран хуткага харчавання амерыканскай сеткі прадказальна сабралася велізарная чарга.

Скрыншот сторыс Алега Тарасенкі

Колькі б прапаганда ні распавядала пра Захад, які загнівае, беларусы стабільна бягуць на адкрыццё фастфуда амерыканскай франшызы і будуць фатаграфавацца з паралонавым палкоўнікам Сандэрсам. І нават разгар працоўнага дня не стане перашкодай. 

KFC «Філармонія» з’явіўся на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў — гэта ўжо пяты рэстаран міжнароднай сеткі ў Гродне.

Паведамлялася, што гэта першы рэстаран у Беларусі, аформлены ў новым фірмовым стылі KFC, які быў прадстаўлены свету ў рамках глабальнага рэбрэндынгу сеткі сёлета ў чэрвені.

Дзверы для першых наведвальнікаў адкрылі ў пятніцу а 12‑й гадзіне. На відэа, якое апублікаваў блогер Алег Тарасенка, бачна: сярод тых, хто прыйшоў на ўрачыстае адкрыццё, было шмат школьнікаў — імаверна, шмат каму з іх прыйшлося збегчы з урокаў. 

На пытанне блогера, навошта яны стаяць у чарзе, дзеці адказвалі, што прыйшлі па бясплатныя бутэлькі для вады — іх абяцалі раздаць першым 500 кліентам. Таксама ў дзень адкрыцця пры замове ад 5 рублёў можна было атрымаць двайны чызбургер за 1 капейку. 

Скрыншот сторыс Алега Тарасенкі

Чытайце таксама:

Ад талмудыстаў з Гродна да амерыканскіх мільянераў. У Траццякоўцы адкрылася вялікая выстава Льва Бакста

Беларуска непрыемна здзівілася, калі пабачыла ў Гродне дзіцячыя танкі побач з будынкам былой камендатуры

У Гродне прадаюць буйны ўніверсам. Ужо не першы раз, але цану толькі павышаюць

Каментары да артыкула