У Гродне прадаюць буйны ўніверсам. Ужо не першы раз, але цану толькі павышаюць
У Гродне зноў выставілі на продаж універсам «Брэст», які належыць мясцоваму мясакамбінату. Гэты гандлёвы аб’ект спрабуюць прадаць ужо некалькі гадоў: пачынаючы з 2022 года яго неаднаразова выстаўлялі на аўкцыёны, але купца так і не знайшлі. Цяпер за будынак просяць больш за 3 мільёны даляраў.

Аўкцыён прызначаны на 14 снежня і пройдзе ў Мінску на вуліцы Уманскай, 54. Пачатковы кошт аб’екта складае крыху больш за 9,54 мільёна рублёў. Крок аўкцыёну — каля 477 тысяч рублёў.
Купцу прапануюць двухпавярховы будынак універсама на праспекце Янкі Купалы ў Гродне агульнай плошчай больш за 4,8 тысячы квадратных метраў. У склад маёмасці таксама ўваходзяць усе інжынерныя камунікацыі і сеткі, пад’язныя шляхі і пляцоўка для разгрузкі тавараў.
За апошнія тры гады кошт універсама вырас у паўтара раза. У 2022—2023 гадах яго спрабавалі прадаць крыху больш чым за 6 мільёнаў рублёў.
Будынак быў пабудаваны ў 1960 годзе і калісьці лічыўся адным з найбуйнейшых гандлёвых аб’ектаў Гродна. У апошнія гады значную частку яго плошчаў займалі арандатары — іншыя гандлёвыя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Уласнікам універсама з’яўляецца Гродзенскі мясакамбінат.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары