БЕЛ Ł РУС

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал

15.11.2026 / 18:27

Уля Залеская

Андрэй Духоўнікаў хоць і нарадзіўся ў Казахстане, але лічыць сябе віцебскім мастаком — менавіта там ён пачаў сваю прафесійную дзейнасць і з пяшчотай маляваў вуліцы горада, які стаў ва ўсіх сэнсах родным. З такой жа любоўю Духоўнікаў уключыўся ў свой час у распрацоўку канцэпцыі Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, дырэктарам якога быў да 2023 года. Сёння мастак разам са сваёй сям’ёй вымушана жыве ў Сербіі.

Мастак Андрэй Духоўнікаў. Фота Ігара Барсукова.

Мы пагутарылі пра тое, як і за што яго выціскалі з радзімы, пра стан сучаснага мастацтва ў Беларусі, даносы Бондаравай, пра міністраў культуры, Славянскі базар, узнагароду з рук Лукашэнкі, заробак у эміграцыі і, канечне, пра Шагала.

«Намякнулі, што з маім бэкграўндам я добра калі дворнікам уладкуюся ў Віцебску»

«Наша Ніва»: Вы былі нязменным дырэктарам Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва з 2009‑га па 2023 год. Вас ведалі як прызнанага мастака. Як так сталася, што ў 2024‑м вы апынуліся ў Сербіі?

Андрэй Духоўнікаў: Першапачаткова мяне паклікалі ў Сербію проста на пленэры — я такім чынам выязджаў у розныя краіны Еўропы. І вось скончыўшы свае справы на Славянскім базары [у 2023‑м — НН], я пайшоў афармляць заяву на адпачынак. Ну, і панёс яе начальніку аддзела культуры Наталлі Шыянок. Не буду дэталізаваць, але там сказалі, што мне, маўляў, лепш зусім звольніцца. Нібыта назапасілася ў мяне касякоў як у дырэктара.

У мяне, канечне, тады такі выкід адрэналіну здарыўся… Памятаю, сказаў, раз я моцна кагосьці напружваю, то пайду тады дзецям выкладаць мастацтва дзе-небудзь. Але мне намякнулі, што з маім бэкграўндам я добра калі дворнікам уладкуюся ў Віцебску.

Я пасля таго месяцы два на лецішчы прасядзеў, адзін. Нават сям'я з'ехала — са мной невыносна было побач знаходзіцца. Кветкі паліваў там, карміў ката.

Пры гэтым у музеі нейкія праверкі пачаліся ўжо пасля майго звальнення, пайшлі чуткі, што ледзь не крымінальную справу на мяне завядуць, нейкія намёкі пачаліся… Хаця да гэтага дзяржкантроль 500 разоў мяне правяраў, таму я нічога не баяўся. Я ведаў, што калі б яны захацелі, то прыпісалі б максімум, што я там камусьці несвоечасова прэміі выпісаў, не так зрабіў справаздачу, але нічога сур’ёзнага ў іх на мяне быць не магло.

Жонка, канечне, за мяне моцна перажывала. Асабліва пасля смерці ў зняволенні Алеся Пушкіна, з якім я сябраваў.

Спачатку я сапраўды паехаў у Сербію на пленэры, пазнаёміўся там з вялікай колькасцю мастакоў, людзей, блізкіх мне па духу. Зразумеў, што мне там вельмі класна. А пасля да ўсяго закрылі прыватную школу, дзе наш сын навучаўся. Мы вырашылі, што няма больш яму чаго лавіць у плане адукацыі ў Беларусі.

Так у пачатку 2024‑га было вырашана пераязджаць і прадаваць нашу кватэру. Хаця мы ніколі не збіраліся з’язджаць. Я думаў сам сысці з музея з часам, каб зноў больш шчыльна займацца мастацтвам. Плюс у мяне былі бізнэс-планы па развіцці ў Віцебску арт-турызму, я ўжо і канцэпт прапісваў…

«Даносы на мяне пачалі паступаць як ад мастакоў, так і ад такіх персон, як Вольга Бондарава»

«НН»: Чым вы так насалілі віцебскім чыноўнікам?

АД: Ведаеце, я па сваёй сутнасці канфарміст. Я з усімі магу дамовіцца. Мы па гэтай прычыне часта дыскутавалі з Алесем Пушкіным, бо ён такі — больш радыкальны, нацыяналістычны. Мы з ім некалькі год нават не размаўлялі, бо было такое «рускіх усіх пагонім!» А ў мяне маці руская, што мне рабіць? Я супраць такіх радыкальных рэчаў.

Я — чалавек міру. Таму, калі ў 2020‑м усё пачало раскручвацца, мы выходзілі да мастацкага музея не з бел-чырвона-белым сцягам, а з белымі палотнамі. Але і гэта тады, вядома, сфатаграфавалі і куды трэба данеслі. Мне адразу ж пачалі званіць і казаць, што як дырэктар музея я не павінен так сябе паводзіць.

Плюс адразу пасля выбараў знік адзін наш малады мастак. Тады я ўжо ведаў, што людзей арыштоўвалі. Пачаў званіць паўсюль: у выканкам, у міліцыю… І мы на імя мэра ліст напісалі — такі далікатны, дзе прасілі растлумачыць нам, што ў горадзе адбываецца. І я быў адным з тых, хто вырашыўся падпісацца пад тым лістом, і пасля мне яго, вядома, прыгадалі.

Я апынуўся занадта нязручным, часта ездзіў у Еўропу і ЗША на розныя мерапрыемствы — пленэры, канферэнцыі.

Ды і даносы на мяне пачалі паступаць — як ад мастакоў, так і ад такіх персон, як Вольга Бондарава. Яна напісала, напрыклад, што ў нас на выставе ідзе прапаганда ЛГБТ. Ці быў такі данос, што ў Віцебску варта зусім зачыніць «музей Малевіча», бо Малевіч у 1913 годзе супрацоўнічаў з часопісам «Анархія».

На працы агулам была нездаровая атмасфера — такая, чарнільная, ліпкая, брудная. Пастаянна нейкія падазроныя жанчыны з начосам заходзілі, нешта ў нас адфатаграфоўвалі… Знаёмыя яшчэ дзівіліся, як я магу працягваць працаваць. Але ў мяне было самаапраўданне: я застаюся дзеля працягвання справы.

Калектыў Андрэя Духоўнікава ў 2020-м. Фота: belta.by

Але ўжо для мяне самога занадта стала, калі ў 2022 годзе, як вайна ва Украіне ішла, да нас звярнуліся расійскія фатографы з прапановай зрабіць выставу пра іх салдат на БТРах. Я ім адмовіў, сказаў, што не наш фармат. І там тады зусім трэш пачаўся: на мяне бегалі і скардзіліся ва ўсю моц.

«НН»: Гэтыя падзеі неяк паўплывалі на вашы погляды?

АД: Ведаеце, я ніколі асабліва не быў у палітыцы. Але я заўсёды быў за справядлівасць. І за свабоду асобы.

І я памятаю кавідную гісторыю. Працу ж ніхто не спыняў, і ўявіце, у нас чатыры-пяць наведнікаў на месяц, а музей адчынены. І ўсе наглядчыкі — пенсіянеры. Я іх, канечне, сам адправіў дахаты, і мы ладзілі з іншымі супрацоўнікамі дзяжурствы па чарзе. Калі адначасова прыходзілі праграміст і я, то ў кожнага быў свой уваход — мы не перасякаліся, каб вірусы не перадаваць. Было страшна: у мяне быў маленькі сын, а я бачыў, што вакол паміраюць людзі. Ведаў, што адбываецца з медыцынай: як настаўнікі шылі дактарам форму са спанбонду, як нашы дзеці лекарам ежу вазілі…

А потым гэтыя непрыкрытыя фальсіфікацыі. І столькі людзей пацярпела. У Віцебску было больш лайтова на кантрасце з Мінскам, але ўсё роўна. Таго ж віцебскага доктара Уладзіміра Мартава як у выніку трэслі…

«Пяці хвілін з міністрамі культуры было дастаткова, каб зразумець, што размаўляць з імі пра віцебскую школу, пра мастацтва бессэнсоўна»

«НН»: Вы папрацавалі пры розных міністрах культуры, ад Паўла Латушкі да Анатоля Маркевіча — ці іх змяняльнасць адбівалася на працы музея?

АД: Пра Бондара і Маркевіча ў мяне толькі адна думка — гэта ну зусім ніякія міністры. Яны размаўлялі чыста шаблонамі, пасміхаліся, любілі, калі ім дарылі сувеніры. Магчыма, яны і хацелі зрабіць нешта добрае. Сам я пры любой нагодзе лабіраваў нашы інтарэсы: нам трэба гэта і тое. Але пяці хвілін з імі было дастаткова, каб зразумець, што размаўляць з імі пра віцебскую школу, пра мастацтва бессэнсоўна.

У 2020-м, дарэчы, наш калектыў [Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва] паспеў атрымаць спецпрэмію Лукашэнкі «За духоўнае адраджэнне». Я тады паехаў у Мінск і перажыў гэта неяк, атрымаў тую грамату з настаўленнямі, якім яшчэ бабуля вучыла — скрыжаваўшы пальцы ў кішэні.

Павел Латушка ж, можна сказаць, хросны бацька нашага музея. Я яго вельмі паважаю. Ён, будучы міністрам, прыязджаў на закрыццё «Славянскага», і я здолеў усунуць яму ў рукі раздрукаваную канцэпцыю музея. І яно вельмі хутка закруцілася — аператыўна выдзелілі грошы на праектаванне. Але ўжо на дабудаваны музей Латушка так і не даехаў глянуць, хаця я запрашаў.

Для кагосьці можа гучаць сюрпрызам, але другім чалавекам, які нам моцна дапамагаў, была Ірына Дрыга. Пра яе шмат паскудстваў расказана, і я думаю, яны мелі месца быць, але ў справу з Віцебскім музеем яна актыўна ўключылася. Па ўказанні Пал Палыча, думаю. Пры тым, што Дрыгу нашы ў Віцебску ўсе моцна баяліся, а я ёй экскурсіі праводзіў. А мне проста няма розніцы, з кім размаўляць дзеля добрай справы.

«НН»: Што сёння адбываецца з Віцебскім цэнтрам сучаснага мастацтва? Вы адсочваеце?

АД: Як асобнай адзінкі яго ўжо няма. Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва ўключаў пяць філіялаў. І яшчэ да таго, як я з’ехаў, ішлі гаворкі аб аптымізацыі. Але мы тады настойвалі, што нельга змешваць і Шагала, і Малевіча, і мастацкую вучэльню, і сучасных мастакоў у адну кучу. Такая была канцэпцыя.

Але цяпер усё гэта змяшалі, і ўсё працуе пад брэндам музея Марка Шагала. Не ведаю, ці моцна задаволеная сённяшняя дырэктарка Ірына Воранава, што пад яе кіраўніцтвам апынулася адразу сем філіялаў. Хаця арт-прастора на Талстога, 7 цяпер на рэканструкцыі, і яе, можа, у будучыні ўвогуле пад нешта іншае адціснуць.

Фота: vkurier.by

«Увесь час даводзілася неяк згладжваць куты паміж мастакамі і чыноўнікамі»

«НН»: Цэнтр сучаснага мастацтва закрылі і ў Мінску. Пра што для вас сведчыць такая тэндэнцыя?

АД: Такое не толькі ў нас. У Расіі вунь у Траццякоўскай галерэі закрылі аддзел найноўшых плыняў. 

Як мне часта казала маё кіраўніцтва, вы, сучасныя мастакі, некіравальныя. Што наступным разам выкіне мастак, ніхто не ведае. У нас жа хапала розных скандалаў заўсёды — згадайце, як у Віцебску зварылі халадзец у форме галавы Леніна. Мне ўвесь час даводзілася неяк згладжваць куты паміж мастакамі і чыноўнікамі, прыходзілася выбачацца за мастакоў. Але сучаснае мастацтва зусім не мае сэнсу, калі яно не свабоднае.

Некалі ў мяне адбылася сустрэча з мастацтвазнаўцам — добрым такім куратарам сучаснага мастацтва. Падчас таго, як ён прыехаў у Беларусь вывучаць нашу рэальнасць. Ён тады сказаў, што беларускае мастацтва будзе нікому нецікавае ў свеце, пакуль гэта будзе мастацтва ўпрыгожвання, эстэтыкі, дызайну. У нас вельмі добрая школа і вельмі высокага ўзроўню мастакі, але часта, па зразумелых прычынах, няма актуальнасці. А сучаснае мастацтва не можа існаваць без актуальнасці.

У нас усё такое траваеднае, і толькі адзінкі мастакоў здольныя нешта сказаць. І яны ўжо да 2020‑га былі нязручнымі, а пасля ўвогуле чысткі пачаліся, выключэнні з Саюза мастакоў — уся гэтая агіднасць.

«Славянскі базар» даўно перастаў існаваць у тым ідэйным выглядзе, якім яго задумваў Радзівон Міхайлавіч Бас»

«НН»: Як вам жывецца з разуменнем, што ваша шматгадовая праца пайшла пад адхон? З назіраннямі за тым, ува што ператварыўся той жа «Славянскі базар», да якога вы мелі дачыненне? Што на той жа «Восеньскі салон» цяпер трапляюць выключна ідэалагічна верныя мастакі, якія не праштрафіліся?

АД: «Славянскі базар» даўно перастаў існаваць у тым ідэйным выглядзе, якім яго задумваў Радзівон Міхайлавіч Бас. У тым маштабе.

Для мяне асабіста «Славянскі базар» памёр, калі яны прыбралі начныя канцэрты з джазам. Затое пачалося засілле папсы, шансону, артыстаў трэцяга гатунку. А я памятаю часы, калі там сапраўды былі жывыя, таленавітыя артысты — «Машына часу», Ала Пугачова… А цяпер жа столь фестывалю — гэта Баскаў і Газманаў.

З мастацтвам рэаліі такія, што шмат артыстаў эмігравала, шмат каму не даюць выстаўляцца, а іншыя калегі скарысталіся гэтым сацыяльным ліфтам — занялі свабодную нішу, якую б ніколі не змаглі заняць у нармальных умовах. Усё гэта наша гісторыя, і ад гэтага нікуды не дзецца. Я дакладна ведаю, што многія мастакі працуюць у стол, і галоўнае, каб у патрэбны час пра іх працы даведаліся. Каб гэта ўсё вывучалася як частка беларускай культуры.

За каго я дакладна спакойны, так гэта за беларускую моладзь. Яна ў нас цудоўная. Іх можна запужаць пазбаўленнем стыпендыі, інтэрнату, але такім чынам зараджаецца андэграўнд. Бо немагчыма цалкам задушыць творчую плынь.

Калі я быў сам прадстаўніком моладзі падчас перабудовы, здавалася, што вакол увогуле балота страшнае і нічога немагчыма. Мне як маладому мастаку не верылася, што ў мяне будуць магчымасці выстаўляцца. Але пасля яны з’явіліся.

Ведаеце, я вельмі люблю паэта Іосіфа Бродскага, і калі яго накіроўвалі ў ссылку, Ганна Ахматава сказала такую фразу: «Божа, якую біяграфію вы робіце гэтаму рудому!» Так і ў сённяшніх творцаў з Беларусі ідзе фармаванне біяграфіі. І можна, канечне, ахаць, што ўсё сумна і страшна, а можна перажыць гэта. Я цяпер у Сербіі, і тут на маіх вачах разварочваецца гісторыя, дзе ў тым ліку моладзь перамагае старыя ўстоі.

«У мяне ёсць некалькі жыццёвых дэвізаў, і адзін з іх — добра там, дзе я ёсць»

«НН»: Што вы змаглі забраць з сабой, а што пакінулі ў Віцебску?

АД: Адных кніг перавезлі з сабой 700 кілаграмаў. Калі мы кватэру прадавалі, разабралі ў тым ліку мэблю, а яна ў нас дызайнерская. Велізарную колькасць фотаздымкаў, усе мае карціны, само сабой. Дакументы, што былі пра музей, я ўсе там пакінуў. Перадаў у архівы.

У Субоціцах мы знайшлі для сына арт-каледж, таму тут і аселі. І ведаеце, гэты горад вельмі падобны да Віцебска па ўнутраных адчуваннях. Плюс, як і ў Віцебску мы, тут жывём у цэнтры. Былы гараж я змог перарабіць у майстэрню. Я лічу, нам вельмі пашанцавала.

«НН»: Наколькі вы фінансава ўстойлівыя там? Можаце жыць з таго, што зарабляеце мастацтвам?

АД: Мне пашанцавала, што я адразу інтэграваўся ў сербскае асяроддзе. Бо тут шмат рускіх, і яны гадамі жывуць выключна ў сваім кам’юніці: збіраюцца чыста рускімі мастакамі, абмяркоўваюць свае праблемы, адкрываюць салоны ад рускіх рускім, прадаюць рускія пельмені… І яны не спрабуюць інтэгравацца, вучыць сербскую мову. І ёсць у гэтым нешта фанабэрлівае, іх такі імперскі шавінізм.

Дзякуючы таму, што я адразу ўліўся ў мясцовую супольнасць, яшчэ не ведаючы сербскай, у мяне пайшлі тут пленэры, арганізуюцца выставы, час ад часу розныя калекцыянеры набываюць мае карціны. Плюс перыядычна я чытаю лекцыі па мастацтве, пішу тэксты і сам курырую арт-праекты. Да таго ж у мяне ёсць вучні — не шмат, але маюцца. Так і выжываем.

«НН»: Нядаўна вы выпусцілі аўтарскі набор паштовак пра Віцебск. Малявалі свой любімы горад амаль па памяці. Ці складана вам без зямлі пад нагамі, якая акурат і давала столькі натхнення для творчасці?

АД: Ведаеце, у мяне ёсць некалькі жыццёвых дэвізаў, і адзін з іх — добра там, дзе я ёсць. І дзе я, там і Віцебск, там Беларусь. Я ніякі не сербскі мастак, я заўсёды кажу, што я з Віцебска. І горад нікуды не дзенецца, перажыве нас яшчэ 500 разоў. Немагчыма будаваць сваё жыццё ў пакутах і чаканні, бо так мы губляем свой час. І нам ніхто яго не верне.

Канечне, спачатку і я крыху папакутаваў, пабыў у дэпрэсіі — проста ляжаў на канапе, набраў 15 кілаграмаў. Але потым пастараўся арганізаваць сваё жыццё так, каб у мяне проста не заставалася часу нудзіцца. Гасподзь даў мне магчымасць пражыць яшчэ адно нейкае зусім іншае жыццё. І вам таксама. Пакуль маладыя, прыгожыя, не час сумаваць і займацца самабічаваннем праз нейкія абставіны.

У Сербіі, дарэчы, выдатны клімат — лістапад, а ў нас вунь ружы квітнеюць.

Карціна Андрэя Духоўнікава «І апусцеюць нашы дамы»

«Мысленне грамадзян Расійскай Федэрацыі заўсёды было і ёсць абсалютна імперскае»

«НН»: Вы — спецыяліст па Казіміру Малевічу і Марку Шагалу. Не так даўно вядучы Леанід Парфёнаў назваў другога рускім мастаком. Дык чый жа Шагал?

АД: Так сталася, што мысленне грамадзян Расійскай Федэрацыі заўсёды было і ёсць абсалютна імперскае. Гэта на генетычным узроўні ў іх. І яны заўсёды самыя лепшыя, нават калі канкрэтны чалавек з сябе нічога не ўяўляе. І Парфёнаў тут не выключэнне — ён разважае абсалютна па-імперску. Прычым рускім можа быць абсалютна ўсё роўна на нейкага свайго таленавітага мастака, але калі нехта стаў сусветна вядомым, то ім так і трэба прысвоіць гэта сабе. Такім чынам яны пацвярджаюць, што яны, рускія, кімсьці з’яўляюцца. 

Але Шагал нарадзіўся дзе? У Віцебску. Ён вырас у ідышскай культуры са сваёй мовай, казкамі і легендамі. Ён не супер добра размаўляў на рускай мове. І яго віцебская існасць прабівалася ў яго творчасці і тады, калі ён ужо жыў у Еўропе. Гэта была творчасць віцебскага чалавека, не рускага. Па сутнасці, яму было фіялетава і на Расію, і на СССР, і на Беларусь. Але толькі не на Віцебск.

Беларусаў, канечне, выказванне Парфёнава моцна зачапіла. Можа, гэта і добра. Так мы вучымся сябе адстойваць. Але ёсць у нас і свой унутраны снабізм. Я як віцебскі мастак заўсёды запытваю ў сталічных: а колькі калег з Віцебска ведаеце? А з Магілёва, а з Гомеля? І звычайна мала хто можа назваць шмат імёнаў. Ёсць у нас мінскацэнтрычнасць: калі са сталічнага кола мастакоў нехта зрабіў перформанс, то гэта, канечне, маштаб! І Акадэмія мастацтваў — гэта ўзровень, не тое што мастацка-графічны факультэт у Віцебску. І ў гэтым плане мы нічым не лепшыя за тых, хто ўсё вымярае выключна Масквой ці Піцерам.

Фота: belta.by

«НН»: Зараз вы рыхтуецеся да ўдзелу ў Парыжскай біенале?

АД: Так, гэта мая мара, акурат у мой юбілейны год: мне спаўняецца 60. Таксама рыхтуюся да біенале ў Лондане. І было б добра трапіць яшчэ і ў Будапешце, бо ад нас туды ўсяго тры гадзіны язды.

Агулам, канечне, хацелася б, каб у беларускіх мастакоў было больш магчымасцяў выстаўляцца ў Еўропе. Шагал чаму стаў Шагалам? Таму што пра яго даведаліся ў свеце. Тое ж і з Малевічам — яны выйшлі за межы сваёй зямлі. Калі беларусы будуць арганізоўваць выставы выключна для беларусаў, з гэтага нічога не будзе.

У гэтым кантэксце жадаю поспехаў Сяргею Доўгушаву з ідэяй адкрыцця сталай галерэі ў Варшаве, дзе маглі б выстаўляцца нашы мастакі. Мастаку патрэбны глядач, яго адсутнасць для творцы роўная смерці.

І мастакам банальна патрэбная інстытуцыянальная падтрымка, бо без яе складана выставіцца недзе яшчэ: такая сістэма сучасная, што ў цябе мусіць быць падтрымка пэўнай галерэі, каб ты мог прасоўваць сваю творчасць далей. Сяржук вельмі гарыць гэтай ідэяй, іншая справа, што варта знайсці яшчэ пад гэта памяшканне, фінансы. Але няхай бы тут усё атрымалася. Гэта стала б вялікай падтрымкай для беларускіх мастакоў, у гэтым вялікі патэнцыял.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула