Паўла Муравейку, які адпрацаваў намеснікам у Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца, перавялі ў кіраўнікі Віцебшчыны
Муравейка ўсю кар'еру зрабіў у войску.
Аляксандр Лукашэнка назначыў Паўла Муравейку старшынёй Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.
Да гэтага часу Муравейка займаў пасаду намесніка кіраўніка лукашэнкаўскай Адміністрацыі. А да гэтага кіраваў Генеральным штабам Узброеных Сіл.
«Я хацеў бы вас бачыць губернатарам у Віцебскай вобласці. Чаму з усіх кандыдатур я вам прапаную гэту работу: вы — чалавек сістэмны, з ваенным характарам, які прывык ставіць задачы і патрабаваць выканання», — сказаў Лукашэнка.
Ён расказаў, што пытаў пра Муравейку, калі таго прызначылі ў Генеральны штаб, і суразмоўцы былі пра яго добрага меркавання. Таму Лукашэнка, паводле яго слоў, зрабіў выснову, што Муравейка павінен справіцца з гэтай пасадай.
«У Віцебскай вобласці бяда — дысцыпліна. Трэба ўводзіць вайсковую дысцыпліну ў плане выканання тэхналагічных рэгламентаў», — панаракаў Лукашэнка.
55‑гадовы Павел Муравейка нарадзіўся ў Мар'інай Горцы 26 верасня 1971 года. У 1992‑м скончыў Мінскае вышэйшае вайскова-палітычнае агульнавайсковае вучылішча. Пасля Муравейка паступіў у мінскую Вайсковую акадэмію, якую скончыў у 2001-м. Праз некалькі гадоў вучыўся ў Расіі — у Акадэміі Генштаба РФ.
Лукашэнка прызначыў Паўла Муравейку намеснікам кіраўніка сваёй Адміністрацыі ў канцы верасня. Раней той займаў пасаду начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл — першага намесніка міністра абароны.
Прызначэнне Муравейкі ў Адміністрацыю — гэта была нечаканая камбінацыя Лукашэнкі, сэнс якой быў незразумелы. Адыёзны генерал Павел Муравейка быў прызначаны на спецыяльна пад яго створаную пазіцыю, у абыход кіраўніка Адміністрацыі, Дзмітрыя Крутога.
Такая ракіроўка стала сюрпрызам для ўсіх, бо генерал-маёр Павел Муравейка мае рэпутацыю цвердалобага нават па мерках цяперашняй сілавой вярхоўкі.
Цяпер — новае нечаканае прызначэнне ў праблемную Віцебскую вобласць.
20 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленні з пасады старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Рагожніка. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Рагожніка. Хаця яшчэ 17 кастрычніка той асабіста браў удзел у абласных «Дажынках» у Мёрах і, прынамсі вонкава, хворым не выглядаў.
Да Рагожніка вобласць чатыры гады ўзначальваў Аляксандр Субоцін. Лукашэнка рэгулярна патрабаваў ад яго навесці парадак і дысцыпліну. На вялікай нарадзе ў Віцебску ў кастрычніку 2025 года ён назваў сітуацыю ў вобласці «найжахлівейшай».
У студзені 2026 года Субоціна знялі.