Пад Добрушам каровы на ферме самі адчынілі вароты на сваю пагібель
У Добрушскім раёне дзве каровы загінулі ад удару электрычным токам пасля таго, як самастойна адчынілі вароты хлява і выйшлі з памяшкання. Пра здарэнне паведаміла інфармацыйная служба пракуратуры Гомельскай вобласці.
Фота: prokuratura.gov.by
Інцыдэнт адбыўся ў канцы жніўня 2026 года. Жывёлы дакрануліся да электрычнага проваду, які знаходзіўся пад напружаннем. Праверка паказала, што каровы не былі прывязаныя, а перагон жывёлы па тэрыторыі фермы не праводзіўся.
Высветлілася таксама, што падобныя выпадкі, калі каровы самі выходзілі з хлява, на гэтай ферме здараліся неаднаразова. Прычынай быў неналежны стан запорнай прылады на варотах.
Фота: prokuratura.gov.by
Брыгадзір ведаў, што жывёлы могуць самастойна адчыніць вароты, але не прыняў мер, каб прадухіліць такія выпадкі. Дырэктар прадпрыемства таксама не займаўся вырашэннем гэтай праблемы. Акрамя таго, на тэрыторыі гаспадаркі заставаўся провад пад напружаннем, які ствараў пагрозу для жыцця і здароўя жывёл, але належныя меры гарантавання бяспекі не былі зробленыя.
У выніку неналежнага выканання абавязкаў кіраўніком і бяздзеяння брыгадзіра прадпрыемству былі нанесеныя страты на суму больш за 6,7 тысячы рублёў.
Пракуратура Добрушскага раёна ў інтарэсах прадпрыемства аграпрамысловага комплексу звярнулася ў суд з пазовам аб спагнанні шкоды. З вінаватых асобаў гэтую суму спагналі цалкам, у долевым парадку.
Чытайце таксама:
Малако без каровы: ізраільскія навукоўцы навучылі расліны вырабляць малочны бялок
Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках
Дэпутаты выпадкова злілі дакумент пра катастрафічны падзеж жывёлы ў сельскіх гаспадарках