БЕЛ Ł РУС

Зніклага расійскага Z-ваенкара Раманава маглі абвінаваціць у дзяржздрадзе

16.11.2026 / 20:34

Nashaniva.com

Расійскі Z-ваенкар Уладзімір Раманаў, аўтар папулярнага тэлеграм-канала «Romanov Лайт», мог стаць фігурантам справы аб дзяржаўнай здрадзе пасля публікацыі пра эвакуацыю жыхароў горада Алешкі ў Херсонскай вобласці. Пра гэта паведамляюць Z-каналы, заўважыла выданне The Moscow Times.

Уладзімір Раманаў у Алешках. Фота: Romanov Лайт / Telegram

Ваенкар Раманаў 30 кастрычніка напісаў, што жыхары Алешак, якіх эвакуявалі, у асноўным аддалі перавагу варыянту выезду ва Украіну, а не ў Расію. Пасля публікацыі пра гэта 40‑гадовы Раманаў знік і перастаў абнаўляць свой канал. Апошні допіс у ім з’явіўся 31 кастрычніка.

Тэлеграм-канал «Сводки ополчения Новороссии» сцвярджае, што Раманава не могуць наведваць адвакаты. Паводле яго аўтараў, справа звязаная з дзяржаўнай здрадай, а магчымасць атрымаць абарону ў затрыманага з’явіцца толькі праз некалькі месяцаў пасля арышту.

Канал Alex Parker Returns яшчэ 5 лістапада паведаміў пра арышт блогера. Сцвярджаецца, што яму ставяць у віну дзяржаўную здраду, шпіянаж на карысць Украіны і ўдзел у прапагандысцкіх мерапрыемствах пад кіраўніцтвам украінскіх спецслужбаў.

Аўтары Alex Parker Returns лічаць, што гэта можа быць пачаткам пераследу прадстаўнікоў Z-супольнасці, якія дазваляюць сабе крытыкаваць уладу. Яны сцвярджаюць, што рыхтуюцца яшчэ некалькі паказальных распраў. У якасці прыкладаў згадваюцца смерць рэпера Мішы Мавашы і справа ўкраінскай адвакаткі Таццяны Манцян. Яна падтрымала расійскую анексію Крыма і выступала за аддзяленне так званых «ДНР» і «ЛНР», а пасля пераезду ў Расію сёлета атрымала паўтара года калоніі-пасялення за выказванні падчас стрыму.

30 кастрычніка Раманаў напісаў, што ва Украіну з эвакуяванымі жыхарамі Алешак адправяцца 17 аўтобусаў, а ў Расію — чатыры. Прыкладна праз паўгадзіны ён выдаліў гэтыя звесткі з допісу, але яны захаваліся ў архіўнай версіі. У паведамленні блогер таксама заўважыў, што на расійскім тэлебачанні, верагодна, пакажуць больш аўтобусаў з расійскага боку, але іх вокны будуць шчыльна заштораныя.

Сам Раманаў першапачаткова скептычна ставіўся да гуманітарнай аперацыі ў Алешках. Жыхароў горада ён называў «ждунамі і памагатымі» і заклікаў «выпускаць іх у перыяд са снежня па люты ўплаў праз Дняпро».

Раней блогер таксама крытыкаваў дзеянні расійскіх вайсковых падраздзяленняў, у тым ліку чачэнскага фармавання «Ахмат». У маі 2025 года ён апублікаваў відэа з Крымскага моста пасля паведамлення пра атаку, а ў пачатку 2026‑га — інфармацыю пра маштабныя перабоі ў працы спадарожнікавай сувязі Starlink на фронце.

Чытайце таксама:

Пяты дзень маўчыць канал Z-ваенкара Раманава, які расказаў пра колькасць аўтобусаў з Алешак у Расію і Украіну

Z-ваенкар: Ва Украіну з Алешак выязджаюць 17 аўтобусаў, у Расію — толькі 4

Пуцін прапанаваў правесці новую гуманітарную аперацыю паводле ўзору Алешак

«Мы вярнуліся з пекла». Людзі з Алешак прыбылі ва Украіну і дзеляцца эмоцыямі

Каментары да артыкула