БЕЛ Ł РУС

У Мінску з'явіцца яшчэ адзін спосаб аплаты праезду

16.11.2026 / 21:30

Nashaniva.com

У Мінску з’явіцца яшчэ адзін спосаб аплаты праезду ў грамадскім транспарце — праз мабільны дадатак «КРОК». Пра гэта паведаміў «Мінсктранс», адказваючы на пытанне ў Threads. На прадпрыемстве заявілі, што ўжо працуюць над запускам гэтага сэрвісу, піша Blizko.by.

Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацсетак

З 11 лістапада аплачваць праезд ва ўсім наземным грамадскім транспарце сталіцы можна праз мабільны дадатак «Беларусбанка». Акрамя таго, пасажыры могуць карыстацца пластыкавымі праязнымі, талончыкамі і сістэмай «Аплаці».

Мяркуецца, што «КРОК» будзе працаваць паводле таго ж прынцыпу, што і два іншыя мабільныя сэрвісы: для аплаты трэба будзе адсканаваць QR-код у салоне транспарту.

Пры гэтым у Мінску рыхтуюць яшчэ адну навінку — сістэму бескантактнай аплаты праезду банкаўскімі карткамі і гаджэтамі з падтрымкай NFC. Яе плануюць укараніць «Мінсктранс», «Беларусбанк» і Міжнародны дзелавы альянс.

У адрозненне ад сэрвісаў «Аплаці», «КРОК» і «Беларусбанка», для такой аплаты не спатрэбіцца мабільны дадатак. Сістэма будзе працаваць паводле гібрыднай тэхналогіі «анлайн + афлайн»: пры наяўнасці інтэрнэту плацеж будзе праводзіцца анлайн, а пры адсутнасці злучэння сістэма аўтаматычна пераключыцца ў афлайн-рэжым. У «Мінсктрансе» сцвярджаюць, што гэта дазволіць пазбегнуць затрымак пры пасадцы і зменшыць рызыку паездак без аплаты.

Раней у Міністэрстве транспарту і камунікацый таксама паведамлялі пра планы стварыць адзіны дадатак для аплаты праезду ва ўсіх гарадах Беларусі.

Чытайце таксама:

Ад заўтра ў Мінску з'явіцца новы спосаб аплаты праезду

Мінтранс пачаў сачыць за аплатай дарог пры дапамозе ШІ

У Мінску ў пасажыраў сталі правяраць квіткі на канцавых прыпынках

У «Мінсктрансе» патлумачылі, чаму праезд у сталіцы дагэтуль нельга аплаціць банкаўскай картай

Адзіная сістэма аплаты праезду з'явіцца ва ўсіх гарадах краіны ў 2027 годзе

Каментары да артыкула