БЕЛ Ł РУС

Урсула фон дэр Ляен прывяла Беларусь як прыклад, да чаго прыводзіць адмова ад еўраінтэграцыі

16.11.2026 / 23:00

Nashaniva.com

У сваім выступленні на Форуме па пытаннях пашырэння Еўрасаюза ў Бруселі старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заклікала аднавіць амбіцыі і рашучасць, якія трыццаць гадоў таму дазволілі аб'яднаць Еўропу пасля падзення камунізму. Яна нагадала словы Вацлава Гавела пра агульны лёс, гісторыю і каштоўнасці еўрапейскіх народаў, а таксама пра неабходнасць самім вызначаць будучыню кантынента, каб гэтага не рабілі іншыя.

Урсула фон дэр Ляен. AP Photo/Geert Vanden Wijngaert

Па словах фон дэр Ляен, пашырэнне 2004 года істотна палепшыла жыццё мільёнаў людзей і прынесла эканамічныя выгады ўсяму Еўрасаюзу. У краінах, якія тады далучыліся да Саюза, рэальныя заробкі падвоіліся, а даходы на душу насельніцтва ў ЕС выраслі на 10%. Пашырэнне адкрыла новыя рынкі і павялічыла экспарт старых дзяржаў-членаў.

У якасці прыкладу розніцы паміж шляхамі развіцця еўрачыноўніца згадала Польшчу і Беларусь:

«Возьмем для прыкладу Польшчу і Беларусь. Пасля падзення камунізму ўзровень дабрабыту ў іх быў прыкладна аднолькавы, але, як мы ведаем, яны пайшлі вельмі рознымі шляхамі. Польшча выбрала дэмакратыю і еўрапейскую інтэграцыю, а Беларусь пайшла ў іншым кірунку. Сёння ВУП на душу насельніцтва ў Польшчы амаль утрая большы, чым у Беларусі».

Пашырэнне Еўрасаюза, паводле Урсулы фон дэр Ляен, умацавала не толькі эканоміку, але і бяспеку Еўропы. Цяперашнія члены ЕС з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы адыгрываюць важную ролю ў супрацьдзеянні расійскай агрэсіі, умацаванні ўсходняй мяжы і падтрымцы Украіны. Будучыя ж члены, маўляў, таксама могуць зрабіць значны ўнёсак: Украіна — у развіццё абаронных тэхналогій, Малдова — у абарону дэмакратыі ад замежнага ўмяшання, а краіны Заходніх Балканаў — у развіццё адзінага рынку.

Сярод краін, якія набліжаюцца да ўступлення ў ЕС, фон дэр Ляен вылучыла Чарнагорыю і Албанію, а таксама адзначыла прагрэс Украіны і Малдовы. Яна заклікала скарыстацца новым імпульсам для пашырэння, каб больш еўрапейцаў маглі жыць у свабодзе, міры і дабрабыце.

Разам з тым, на яе думку, Еўрасаюз павінен падрыхтавацца да прыёму новых членаў.

Для гэтага неабходна зрабіць больш эфектыўным працэс прыняцця рашэнняў, каб павелічэнне колькасці дзяржаў не перашкаджала Саюзу дзейнічаць аператыўна.

Другі важны кірунак — паступовая інтэграцыя краін-кандыдатаў: адкрыццё ім доступу да асобных сектараў адзінага рынку ў абмен на неабходныя рэформы.

Прамоўца таксама прапанавала ўзмацніць кантроль за выкананнем абавязацельстваў пасля ўступлення, у тым ліку ў сферы вяршэнства права.

Напрыканцы Урсула фон дэр Ляен зноў звярнулася да бачання Вацлава Гавела: аб'яднаная Еўропа павінна быць не проста вялікім агульным рынкам, а супольнасцю народаў, якія жывуць у міры, захоўваючы сваю ідэнтычнасць і абапіраючыся на агульныя каштоўнасці. Прамоўца заклікала еўрапейскіх лідараў праявіць мужнасць і дальнабачнасць, каб зрабіць наступны крок да аб'яднання кантынента.

Чытайце таксама:

Урсула фон дэр Ляен назвала фармат, у якім будзе ўдзельнічаць Еўропа ў перамовах па Украіне

Мерц заклікаў паскорыць уступленне Украіны і Малдовы ў Еўрасаюз

Малдова ў перамовах аб уступленні ў ЕС ужо ў наступным годзе можа дагнаць Чарнагорыю

Харватыя карыстаецца жаданнем Чарнагорыі ўступіць у Еўрасаюз, каб павырашаць на сваю карысць старыя спрэчкі

Пашынян заявіў пра намер падаць заяўку ў Еўрасаюз у 2027 ці 2028 годзе

Каментары да артыкула