«Даў і бацьку майму, і яе родным слова, што я яе не пакіну». Палітвязень і ўкраінка пазнаёміліся ў анлайн-гульні — а ўз'ядналіся ў Польшчы
Беларускі палітвязень Міхаіл Фірага і яго дзяўчына-ўкраінка Ганна расказалі, як іх звёў лёс.
Фота: архіў суразмоўцаў. Якасць фота палепшаная з дапамогай ШІ
Каб дапамагчы Міхаілу і Ганне ўладкавацца ў Польшчы, абвешчаны дабрачынны збор. Паўдзельнічаць у ім могуць беларусы, якія жывуць у Польшчы — для гэтага трэба перавесці грошы на BLIK (фонд BelAid) па нумары +48453272121.
«Калі я атрымаў гумавую кулю ў нагу, мяне ўжо не адбілі»
Яны пазнаёміліся ў камп’ютарнай гульні Massive Warfare, дзе абое шукалі ратавання ад жорсткай рэальнасці. Міхаіл — беларускі палітвязень на хіміі, Ганна — украінка з горада ля мяжы, што зазнаў абстрэлы і акупацыю.
Міхаілу 38 гадоў. Працаваў аўтарамонтнікам і кіроўцам на пагрузчыку.
Яшчэ ў пачатку 2021 года мужчыну асудзілі па артыкуле 342 на тры гады хіміі з накіраваннем. Яго абвінавацілі ў тым, што ў ноч з на 10 жніўня 2020‑га ён блакаваў рух транспарту ў цэнтры Мінска.
Цяпер Міхаіл успамінае, як увечары 9 жніўня чакаў ля выбарчага ўчастка, а пасля з’яўлення першых вынікаў выбараў паехаў у цэнтр Мінска. У раёне Кальварыйскай вуліцы Міхаіла збіў з ног выбух светлашумавай гранаты, тады ж яго адбілі ад амапаўцаў.
Хутка пасля гэтага яго ўсё ж затрымалі: «Калі я атрымаў гумавую кулю ў нагу, мяне ўжо не адбілі. З боку спіны выскачыў бусік, я азірнуўся — а да мяне ўжо ляцяць, і ўсё. Спачатку мяне на асфальце збілі, потым закінулі ў бус, адзін з іх мне стаў на шыю сваім берцам. І там я страціў прытомнасць».
Пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года. Фота: Наша Ніва
Пасля таго затрымання Міхаіла прывезлі ў жодзінскую турму, але хутка вызвалілі. У верасні 2020‑га на мужчыну завялі крыміналку і дазволілі яму да суда знаходзіцца на падпісцы аб нявыездзе. А ў студзені 2021 года адправілі адбываць хімію ў Мсціслаў, дзе мужчына працаваў у калгасным кароўніку.
Міхаіл згадвае, што ў тым досведзе было для яго самым крыўдным: «На тую хімію траплялі вязні з калоній, асуджаныя за цяжкія злачынствы. І вось даюць на хіміі адпачынак на тыдзень, і тыя вязні едуць дахаты, а цябе пад канвоем водзяць у краму. Даюць табе парушэнні за ўсё — не так зашпілены, не так пастрыжаны.
Летам усіх вядуць на пляж паплаваць, а цябе — не, сядзі ў бараку. Працу даюць самую дрэнную, і заробак самы нізкі».
Каб адпачыць, Міхаіл гуляў у анлайне, дзе і пазнаёміўся з Ганнай. Яны пачалі перапісвацца, а калі вязняў вывелі ў горад на свята, Міхаіл ёй патэлефанаваў.
Яны шмат перапісваліся пра вайну ва Украіне, дзяліліся думкамі. Фірага пісаў пра тое, як яго абурае, што Беларусь зрабілі саўдзельніцай Расіі ў нападзе на Украіну — прычым той напад пачаўся, падкрэслівае Міхаіл, на дзень нараджэння Ганны. Украінка пісала ў адказ, як жывецца ёй у ваюючай краіне.
У вязняў на хіміі часта правяралі тэлефоны.
«Кадэбэшнікі пыталіся, што гэта за ўкраінскі нумар. Так і казаў ім, што гэта мая дзяўчына. Дапытваліся, але адсталі».
«Ён у першы ж дзень пазнаёміў мяне па відэасувязі са сваімі бацькамі»
Ганна на той час жыла ў гарадку Гародня каля самай беларускай мяжы, што знаходзіцца ў Чарнігаўскай вобласці Украіны, працавала цырульніцай і гадавала дзіця. На пачатку вайны жанчына зазнала жыццё ў акупацыі.
Пра тое, што ў Ганны хлопец з Беларусі, яна спачатку расказала толькі сястры — баялася рэакцыі блізкіх праз складанае стаўленне да беларусаў.
«Мы разумелі, што ў Беларусі насельніцтва 50 на 50 — нехта падтрымлівае Украіну, а нехта не падтрымлівае. Але ён іншы.
Калі яго вызвалілі, ён у першы ж дзень пазнаёміў мяне па відэасувязі са сваімі бацькамі», — кажа Ганна.
Калі ў Міхаіла скончыўся тэрмін хіміі, ён хацеў паехаць да каханай ва Украіну — але ж яму патлумачылі, што беларусам-мужчынам туды складана трапіць. Тады мужчына напісаў польскаму консулу па гуманітарную візу, але не атрымаў адказу. «Байсол» прапанаваў выязджаць з Беларусі праз Расію, але гэта бянтэжыла.
«Было незразумела, што будзе далей, не ведаеш, мо зараз па цябе прыедуць чамусьці ў чарговы раз. Жывеш на першым паверсе, і штоноч, калі машына спыняецца ля пад’езда, думаеш — а хто гэта прыехаў? Глядзіш, а гэта сілавікі стаяць. І ведаеш, што гэта ўжо да цябе. Табе ці бацькам ранкам на працу, але а 2-й, а 3-й, а 5‑й гадзіне ночы — груканне ў дзверы і праверка. Пакуль сюды не пераехаў, жыў там адным днём».
Фота: LookByMedia
Ганна хацела паехаць да Міхаіла жыць у Беларусь, але разам вырашылі, што гэта было б небяспечна.
«Мама ўгаворвала не спяшацца, а я ёй — не, я еду»
Вясной 2026 года Міхаіл усё-ткі рашыўся выбрацца з Беларусі праз Расію. 19 красавіка ён ужо быў у Варшаве, а 13 мая да яго там далучылася Ганна.
Для яе з сынам паездка атрымалася трывожнай, бо ўкраінка ніколі не выязджала з родных мясцін, ды яшчэ так далёка.
«Мама ўгаворвала не спяшацца, а я ёй — не, я еду. 12 мая я выехала, а 13‑га Міша ўжо мяне тут сустрэў. І так здарылася, што толькі мы выехалі, а пасля 13 мая пачаліся моцныя абстрэлы там, дзе мы ехалі», — расказвае Ганна.
«Ён сустрэў мяне з букетам кветак, падарункам, выпілі кавы. А потым паказаў, дзе зараз будзем жыць».
Міхаіл да таго жыў у беларускім шэлтары, але калі Ганна з 16‑гадовым сынам прыехалі ў Варшаву, то зняў для сваёй новай сям’і пакой.
Магчымасці паўнавартасна працаваць у Міхаіла і Ганны пакуль няма, бо яны яшчэ чакаюць рашэння па легалізацыі. Трывожна і праз тое, што дагэтуль няма рашэння па іх міжнароднай абароне.
«Калі нам адмовяць, паедзем у бок Чарнігаўскай вобласці, — кажа Міхаіл. — Даў і бацьку майму, і яе родным слова, што я Ганны не пакіну».
Чытайце таксама:
Аляксандр Ярашук: Мяне бессэнсоўна ламаць — я не здраджу сваім прынцыпам і каштоўнасцям
Жанчыне, якая арганізавала ў Мінску незалежную культурную прастору, далі пяць гадоў калоніі
46‑гадовага мінскага псіхолага і бізнэс-трэнера пасадзілі па палітычнай справе