Пад Гроднам прадаюць базу адпачынку з міні-заапаркам і стайняй
На захадзе Беларусі выставілі на продаж базу адпачынку «Каменскае», размешчаную прыкладна за 50 кіламетраў ад Гродна і за 22 кіламетры ад Шчучына. Пачатковы кошт аб’екта складае 3,9 мільёна рублёў. Пра гэта паведамляе гандлёвая пляцоўка «Дзяржгандаль», заўважыла Office Life.
Фота: gostorg.by
Комплекс знаходзіцца сярод сасновага і бярозавага лесу. Недалёка ёсць маляўнічае возера, прыдатнае для рыбалкі. Плошча зямельнага надзелу перавышае 2,6 гектара.
На тэрыторыі базы размешчаныя шэсць драўляных гасцявых дамкоў з адным, двума і трыма пакоямі, а таксама два VIP-дамы. Акрамя таго, ёсць адміністрацыйны будынак, дамкі для егераў, конюха і аховы. У гасцявых дамах абсталяваныя цёплыя падлогі, кандыцыянеры, бесправадны інтэрнэт, тэлевізары, электрачайнікі, халадзільнікі і санвузлы.
Таксама ў комплекс уваходзяць лазня з басейнам, восем альтанак, пляцоўка для адпачынку з намётамі, міні-заапарк і стайня.
Базу прадае ААТ «Шчучынскі завод «Аўтапровад». Паляўніча-рыбалоўная гаспадарка цяпер працягвае працаваць і прымае заяўкі, у тым ліку на навагоднія святы. Аднак сайт аб’екта пакуль недаступны. Office Life мяркуе, што ўладальнікі могуць выкарыстоўваць аўкцыён, каб ацаніць зацікаўленасць патэнцыйных інвестараў.
Таргі прызначаныя на 23 снежня, заяўкі прымаюцца да 21 снежня.
Чытайце таксама:
Гарналыжным комплексам «Лагойск» цяпер валодае кампанія, звязаная з Дзмітрыем Баскавым
У Мінску прадаюць адзін з будынкаў старога аэрапорта
Старадаўні фальварак з вежамі пад Наваградкам купілі за 94,5 рубля. Што там збіраюцца адкрыць