У Брэсце будуць будаваць новы жылы квартал
У паўднёвай частцы Брэста плануюць пабудаваць новы жылы квартал на ўчастку плошчай амаль тры гектары. Праект вынеслі на грамадскае абмеркаванне, падчас якога жыхары горада змогуць выказаць свае заўвагі і прапановы.
Фота: Брэсцкі гарвыканкам
Тэрыторыя размешчаная ў Маскоўскім раёне, каля вуліц Паўла Івашуціна і Барыса Маслава. Тут плануюць узвесці чатыры шматпавярховыя дамы вышынёй ад 7 да 11 паверхаў. Усяго ў іх прадугледжана 387 кватэр.
Квартал хочуць арганізаваць як спакойную дваровую прастору з дзіцячымі і спартыўнымі пляцоўкамі, велапаркоўкамі каля кожнага дома і месцам для выгулу сабак. Па перыметры тэрыторыі прадугледжаны двухбаковы праезд, уздоўж якога размесцяць 332 парковачныя месцы і пляцоўкі для збору смецця. Складскі будынак на гэтым пляцы плануюць зруйнаваць.
Грамадскае абмеркаванне будзе доўжыцца з 23 лістапада да 7 снежня. У гэты час свае заўвагі і прапановы можна будзе даслаць на электронную пошту gradgik@city-brest.gov.by або пакінуць у спецыяльным журнале падчас наведвання выставы праекта.
Азнаёміцца з матэрыяламі можна будзе ў будынку гарвыканкама на вуліцы Энгельса, 3, у працоўныя дні з 8:30 да 17:30, а таксама на сайце гарадской адміністрацыі.
Прэзентацыя праекта адбудзецца там жа 30 лістапада 2026 года а 17:00.
Чытайце таксама:
Самая танная кватэра — 222 тысячы рублёў. МАПІД прапанаваў кватэры ў «Сонечным» для ўсіх ахвотных