У Сенненскім раёне прадаюць з аўкцыёна старадаўнюю паштовую станцыю
У Віцебскай вобласці на аўкцыён ужо не першы раз выставілі рэдкі помнік дарожнай архітэктуры — старую паштовую станцыю сярэдзіны XIX стагоддзя ў вёсцы Паграбенка Сенненскага раёна. Калісьці яна размяшчалася на тракце Санкт-Пецярбург — Кіеў. Нягледзячы на статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, пачатковы кошт лота складае ўсяго 135 рублёў. Аўкцыён прызначаны на 15 снежня, піша Domovita.by.
Фота: «Знай свой край»
Купцу прапануюць набыць аднапавярховы цагляны станцыйны дом плошчай каля 115 квадратных метраў з прыбудовай, металічным дахам і бутавым падмуркам. Разам з ім прадаецца палова цаглянага флігеля для фурманаў плошчай 74,3 квадратнага метра. Яго пабудавалі ў 1840 годзе на бутабетонным падмурку.
Фота: Poshyk.Info
Архітэктура станцыі вылучаецца элементамі неаготыкі, што было рэдкасцю для беларускай правінцыі XIX стагоддзя. Галоўны фасад, звернуты да дарогі, упрыгожаны гатычнымі спічастымі вокнамі, такім жа ўваходным парталам і чыгунным навесам. Унутры будынак мае прамавугольную планіроўку: у цэнтры размяшчаліся сенцы, а па баках — пакоі для падарожнікаў і кватэра наглядчыка.
На тэрыторыі таксама захаваліся рэшткі свірна, хлява, перабудаванай стайні і цаглянай агароджы з двума сіметрычнымі праездамі, адзін з якіх закладзены.
Зямельны надзел плошчай 0,2267 гектара перадаецца ў арэнду на 43 гады без асобнага аўкцыёну. Пакупнік атрымае 161/200 долі ў праве арэнды.
Паштовы комплекс у Паграбенцы пабудавалі як станцыю трэцяга разраду паводле тыпавога праекта на тракце Санкт-Пецярбург — Кіеў. Участак шашы паміж Віцебскам і Оршай адкрылі ў 1841 годзе. Паштовыя станцыі размяшчаліся праз кожныя 20—30 вёрстаў. Там мянялі коней, сартавалі карэспандэнцыю і давалі адпачыць чыноўнікам, дыпламатам і кур'ерам.
Праца станцыі рэгулявалася строгімі правіламі. Усіх падарожнікаў запісвалі ў спецыяльныя кнігі, адзначаючы іх чын, мэту паездкі і час прыбыцця. За парушэнне графіка фурман мог страціць працу.
Фота: «Знай свой край»
Цяпер комплекс каля дарогі Р87 застаецца адным з нешматлікіх захаваных у Беларусі ўзораў дарожнай архітэктуры таго часу.
У савецкі час станцыя страціла сваё першапачатковае прызначэнне. Спачатку ў будынку працавала вясковая крама, пазней яго заняла лінейная дарожная служба.
Фота: «Знай свой край»
Знайсці новага ўладальніка для старой станцыі спрабуюць ужо некалькі гадоў. У канцы 2019 года яе рынкавы кошт ацэньвалі на 36 тысяч рублёў, а на аўкцыён будынак выставілі за 38 595 рублёў. Паўторныя таргі праводзіліся ў 2022 годзе і пазней, але купцоў не знайшлося. У выніку пачатковы кошт знізілі да 135 рублёў.
Фота: «Знай свой край»
Новы ўладальнік не зможа проста набыць будынак і пакінуць яго без выкарыстання. На працягу года пасля падпісання дамовы ён павінен заказаць распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі. Рэстаўрацыю неабходна будзе закончыць у тэрміны, вызначаныя праектам, але не пазней чым праз пяць гадоў пасля набыцця.
Заяўкі на ўдзел у аўкцыёне прымаюць да 10 снежня. Самі таргі адбудуцца 15 снежня.
Чытайце таксама:
Пад Гроднам прадаюць базу адпачынку з міні-заапаркам і стайняй
У Мінску прадаюць адзін з будынкаў старога аэрапорта
Старадаўні фальварак з вежамі пад Наваградкам купілі за 94,5 рубля. Што там збіраюцца адкрыць
У Гродне прадаюць буйны ўніверсам. Ужо не першы раз, але цану толькі павышаюць