БЕЛ Ł РУС

«Гэта не пра наш менталітэт». Лукашэнка заявіў, што суддзі не могуць адгарадзіцца ад народа сцяной закона

19.11.2026 / 12:16

Nashaniva.com

«Гэта не пра наш менталітэт». Лукашэнка на нарадзе з судзейскім корпусам заявіў, што суддзі не могуць адгарадзіцца ад народа сцяной закона, паведамляе БелТА.

«Я разумею, што незалежнасць суддзяў — гэта канстанта. Пры гэтым вы цалкам залежыце ад закона, абапіраецеся на яго і яму падпарадкоўваецеся. Ці могуць суддзі адгарадзіцца ад народа сцяной закона, кіруючыся логікай крылатай лацінскай фразы «няхай загіне свет, але пераможа правасуддзе»? Не, гэта не наш шлях, гэта не пра наш менталітэт», — заявіў Лукашэнка.

Ён сказаў, што суддзі як агульных судоў, так і Канстытуцыйнага суда, як ніхто іншы, павінны разумець сваю ролю ў гэтым кантэксце.

«Паглядзіце, што адбываецца вакол. Але нашы рэформы, якія закранаюць прававую сферу, адпавядаюць задачам, якія ставіць час. Прынамсі, мы не дапусцілі таго глупства, якое сёння мае месца ў нашых суседзяў — у палякаў», — падкрэсліў Лукашэнка, маючы на ўвазе нядаўні канфлікт вакол суддзяў Канстытуцыйнага трыбунала.

Нагадаем, што ў канцы кастрычніка міністр юстыцыі Польшчы Вальдэмар Журэк, які таксама займае пасаду генеральнага пракурора, паведаміў журналістам, што накіраваў запыт аб зняцці судзейскай недатыкальнасці са старшыні Канстытуцыйнага трыбунала Багдана Свенчкоўскага і яго намесніка Барташа Саханскага (былі прызначаны на свае пасады ў часы папярэдняга ўрада з правай партыі «Права і справядлівасць»), каб затым прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці. Таксама старшая суддзя Канстытуцыйнага трыбунала Ганна Корвін-Пятроўская адхіліла ад выканання абавязкаў Багдана Свенчкоўскага і ўзяла кіраўніцтва судом на сябе.

На знак пратэсту супраць гэтага рашэння ля будынка трыбунала 30 кастрычніка пачалі збірацца людзі. Некаторыя ўдзельнікі акцыі спрабавалі прарвацца праз паліцэйскія загароды. Былі затрыманыя тры чалавекі, якія спрабавалі пранікнуць на тэрыторыю комплексу будынкаў трыбунала. А прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі нават развярнуў самалёт, які ляцеў у Сенегал на юнацкую Алімпіяду, і вярнуўся ў Варшаву. Аднак у выніку канфлікт проста ціха спыніўся.

Чытайце таксама:

Што адбываецца ў Польшчы: «дзяржаўны пераварот» ці «аднаўленне вяршэнства права»

Прэзідэнт Польшчы выступіў са зваротам пасля спробы «захопу» Трыбунала

Каментары да артыкула