Чыгуначная арка Крымскага моста атрымала пашкоджанні
Пашкоджанні выявілі на другой, чыгуначнай частцы Крымскага моста, які раней страціў аўтамабільны пралёт над Керчанска-Енікальскім каналам, піша The Moscow Times.
Спадарожнікавы здымак чыгуначнаго моста пасля атакі. Злева ўверсе на арачнай частцы відаць пашкоджанні
У ноч на 19 лістапада, пасля трэцяй з пачатку тыдня атакі ўкраінскіх сіл, пацярпела чыгуначная арка даўжынёй 227 метраў. На апублікаваных у сацсетках фотаздымках бачна, што ў ніжняй частцы канструкцыі адсутнічаюць некаторыя элементы, а металічныя дэталі дэфармаваныя.
Паводле сведчанняў відавочцаў, мінулай ноччу ў арку і чыгуначнае палатно моста было каля васьмі-дзесяці траплянняў. Над аркай таксама назіраліся ўспышкі ад выбухаў.
Фота з сацсетак
Ракетным ударам не папярэднічала атака беспілотнікаў. Спачатку расійская супрацьпаветраная абарона нешта збівала на падлёце, затым з гары Мітрыдат зенітны ракетна-гарматны комплекс «Панцыр-С1» за адну-дзве хвіліны выпусціў увесь боезапас. Пасля гэтага выбухі пачалі гучаць ужо непасрэдна на мосце, расказалі мясцовыя жыхары.
Раней Узброеныя сілы Украіны атакавалі мост у ноч на 16 і 17 лістапада. Пасля першага ўдару аўтамабільная арка масай каля пяці тысяч тон нахілілася на некалькі градусаў. Падчас другой атакі, калі выкарыстоўваліся крылатыя ракеты «Фламінга», арка разам з праезнай часткай абрынулася ў ваду.
Фота з сацсетак
У выніку начных удараў чыгуначны рух праз Керчанскі праліў часова спынялі. У 15:55 паводле маскоўскага часу расійскае Міністэрства транспарту паведаміла, што рух аднавіўся па адной з дзвюх каляін. Першым цягніком, які павінен быў праехаць па мосце пасля атакі, стаў састаў «Таўрыя» № 92/91, які курсіруе паміж Масквой і Керчу.
Расійскія ўлады заяўляюць, што асобныя элементы Крымскага моста змогуць зноў запрацаваць ужо праз месяц-два. Аднак інжынеры, апытаныя The New York Times, лічаць, што паўнавартаснае аднаўленне можа заняць некалькі гадоў. Прытым гэта магчыма толькі пры ўмове, што новых атак не будзе.
Прафесар Універсітэта Халіфы ў Абу-Дабі Андрэас Капоса лічыць, што два гады — рэалістычны тэрмін для рамонту, калі апоры, якія падтрымліваюць арачны пралёт, не атрымалі сур'ёзных пашкоджанняў.
Інжынер-кансультант Дональд Дьюзенберы, які займаўся расследаваннем выпадкаў абрушэння мастоў, адзначыў, што нават простая расчыстка абломкаў будзе складанай задачай. Паводле яго слоў, арачны пралёт адрозніваецца ад тыпавых пралётаў, з якіх складаецца большая частка моста і якія можна адносна лёгка замяніць. Калі ж спатрэбіцца рамантаваць яшчэ і апоры, гэта істотна ўскладніць аднаўленчыя работы.
Чытайце таксама:
Пуцін паабяцаў Украіне «балючыя адказы» на ўдары па Крымскім мосце
Украіна трэці раз з пачатку тыдня атакавала Крымскі мост
Для каардынацыі ўдараў па Крымскім мосце ўкраінцы выкарыстоўвалі свае «лятучыя мадэмы»
Зяленскі: Для ўдару па Крымскім мосце мы прымянялі толькі ўласную зброю
«Рамантаваць будзе складаней, чым будаваць з нуля». Ці магчыма хутка аднавіць Крымскі мост?