Ці можна перамагчы баршчэўнік воцатам і соллю?
Перамагчы баршчэўнік Сасноўскага пры дапамозе воцату і солі магчыма, аднак такія метады не з'яўляюцца найлепшымі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў загадчык лабараторыі рэсурсаў і кадастра расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алег Маслоўскі.
Баршчэўнік Сасноўскага. Фота: vecteezy.com
Паводле слоў навукоўца, значна больш эфектыўна механічна знішчаць пункты росту расліны.
«Гэта даволі проста і значна больш эфектыўна, чым, скажам, воцатам або соллю пасыпаць расліны. Тым больш мы ж павінны думаць і пра хімічнае забруджванне самой глебы. Як соль, так і воцат — актыўныя і агрэсіўныя рэчывы, якія будуць псаваць уласна глебавы пласт вашага ўчастка, таму лепш выкарыстоўваць звычайныя метады», — патлумачыў Алег Маслоўскі.
Навукоўцы таксама звярнулі ўвагу на небяспеку іншых інвазійных раслін, якія нярэдка вырошчваюць у дэкаратыўных мэтах. Сярод іх — сумнік канадскі, сумнік позні і бальзамін залозісты. Нягледзячы на прыгожыя кветкі і меданосныя ўласцівасці некаторых з гэтых відаў, іх масавае распаўсюджванне стварае сур'ёзныя праблемы.
Такія расліны здольныя за кароткі час захопліваць агароды, кветнікі і суседнія тэрыторыі. Калі яны пачынаюць актыўна разрастацца, змагацца з імі становіцца значна складаней.
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін таго ж інстытута Дзмітрый Дубовік раіць замяняць небяспечныя інвазійныя віды іншымі дэкаратыўнымі раслінамі, якія не пагражаюць мясцовым экасістэмам.
Напрыклад, замест сумніка, які цвіце позна, можна высаджваць хрызантэмы з буйнымі кветкамі. Аматарам залозістага бальзаміна ён прапануе звярнуць увагу на яго блізкага сваяка — садовы бальзамін (Impatiens balsamina). Гэта аднагадовая расліна, якая не ўтварае такой колькасці насення і не мае агрэсіўных уласцівасцяў.
Іншыя інвазіўныя культуры, у тым ліку рэйнутрыю, навуковец раіць замяняць традыцыйнымі садовымі кветкамі — півонямі, лілеямі і ружамі, якія добра растуць у беларускіх умовах і не нясуць пагрозы мясцовым экасістэмам.
Чытайце таксама:
Дачнікаў будуць строга караць за баршчэўнік і нават за сумнік
У Беларусі ўзмоцняць пакаранне за няправільна выкінутае смецце і няскошаны баршчэўнік
Магіла акадэміка Карскага ў Пецярбургу ўся зарасла баршчэўнікам ФОТАФАКТ
У Мінску амаль перамаглі баршчэўнік Сасноўскага
У Браславе мужчына спрабаваў вырошчваць каноплі ў зарасніках баршчэўніка