Беларус у Польшчы выйграў суд па справе дыскрымінацыі банкам
Беластоцкі акруговы суд прызнаў, што польскі банк Alior парушыў правы грамадзяніна Беларусі, палітычнага ўцекача Уладзіміра Л., адмовіўшы яму ў адкрыцці банкаўскага рахунка без належнага абгрунтавання. Працэс, які пачаўся ў кастрычніку 2025 года, завяршыўся 18 лістапада 2026-га, піша «Гарадзенская праваабарона».
Фота: «Гарадзенская праваабарона»
Суд абавязаў банк прынесці беларусу афіцыйныя прабачэнні. У іх Alior павінен прызнаць парушэнне асабістых правоў кліента, у тым ліку яго годнасці і права на роўнае стаўленне. Адпаведную заяву банк мусіць апублікаваць, у прыватнасці, на сваім сайце. Што да матэрыяльнай кампенсацыі, то суд пастанавіў, што яна павінна быць значна меншай за суму, якую патрабаваў пазоўнік. Рашэнне пакуль не набыло законнай сілы: абодва бакі могуць падаць апеляцыю.
У лістападзе 2024 года Уладзімір Л. звярнуўся ў аддзяленне Alior у Беластоку, каб адкрыць асабісты ашчадны рахунак. Ён падаў усе неабходныя дакументы, якія супрацоўніца адсканавала і перадала ў службу бяспекі банка. Аднак замест дазволу на адкрыццё рахунку беларус атрымаў адмову без канкрэтнага тлумачэння. У банку спаслаліся на тое, што нібыта не могуць праверыць, ці не звязаны заяўнік з тэрарызмам або адмываннем грошай, паколькі Беларусь лічыцца краінай высокай рызыкі.
Уладзімір Л. спрабаваў аспрэчыць адмову праз скаргі, але гэта не дало выніку, пасля чаго ён звярнуўся ў суд. Супрацоўніца банка, выкліканая на працэс у якасці сведкі, прызналася, што не ведае іншых прычын адмовы, акрамя беларускага грамадзянства заяўніка.
Чытайце таксама:
У Грузіі затрымалі беларуса, які пяць гадоў чакае на палітычны прытулак
Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці