У Грузіі затрымалі беларуса, які пяць гадоў чакае на палітычны прытулак
У Грузіі затрыманы беларус Леў Міхееў.

Ён чакае на палітычны прытулак з 2021 года, паведаміў «Позірку» праваабаронца Раман Кісляк, які таксама жыве ў гэтай краіне і змагаецца за атрыманне такога ж статусу.
Паводле слоў Кісляка, на прытулак Міхееў чакае ці не даўжэй за ўсіх іншых суайчыннікаў. У Грузіі ён браў удзел у розных акцыях і атрымліваў пагрозы ад беларускага КДБ.
Нядаўна Міхееў звярнуўся ў аддзел міжнароднай абароны Дэпартамента міграцыі МУС Грузіі, каб падоўжыць часовае пасведчанне асобы.
Раніцай сёння Міхеева затрымалі ў адной са старажытных вёсак краіны Марткопі і павезлі ў дэпартамент у Тбілісі на сумоўе, пра што ён паспеў паведаміць Кісляку. Пасля гэтага сувязь перарвалася.
«Справа Льва разглядалася каля трох год. На сёння, меркавана, ён у статусе прасіцеля прытулку, справа знаходзіцца ў Тбіліскім апеляцыйным судзе. Але, магчыма, яе ўжо разглядзелі і яму не паведамілі. Тады яго могуць затрымаць для дэпартацыі», — патлумачыў Кісляк.
Паводле слоў праваабаронцы, дэпартацыя можа быць у краіну паходжання — Беларусь ці ў іншыя краіны.
Грузія, якой з 2012 года кіруе партыя «Грузінская мара» прарасійскага алігарха Бідзіны Іванішвілі, не задаволіла ніводнага хадайніцтва грамадзян Беларусі аб наданні прытулку. У першай палове 2026 года з краіны было выслана 24 беларусы. Меркаваныя прычыны: перавышэнне тэрміну знаходжання (не больш за 365 дзён запар), пратэрмінаваны пашпарт (немагчыма абмяняць у амбасадзе з-за дыскрымінацыйнага ўказа Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года), здзяйсненне злачынства.
Каментары