Еўропа створыць касмічны апарат для прыбірання смецця на арбіце
Еўрапейскае касмічнае агенцтва (ESA) заказала распрацоўку спадарожніка, які будзе захопліваць нядзейныя касмічныя апараты і зводзіць іх з арбіты. Кантракт коштам больш за 102 мільёны еўра атрымала нямецкая кампанія OHB, якая ўзначаліла міжнародны кансорцыум. Запуск місіі ClearSpace-1 папярэдне запланаваны на 2030 год, піша Bild.
Першай цэллю для новага апарата стане спадарожнік PROBA-1, запушчаны ESA ў 2001 годзе. Апарат-прыбіральшчык павінен будзе самастойна наблізіцца да яго, вызначыць становішча і хуткасць кручэння з дапамогай аптычных і радыёчастотных датчыкаў, а затым захапіць чатырма рабатызаванымі маніпулятарамі. Пасля гэтага абодва апараты ўвойдуць у атмасферу Зямлі і згараць.
Гэта адна з першых еўрапейскіх місій, накіраваных на выдаленне буйных аб'ектаў з арбіты. PROBA-1 не прызначаны для стыкоўкі і не зможа ўзаемадзейнічаць са спадарожнікам-прыбіральшчыкам, таму навігацыя і захоп павінны адбывацца амаль цалкам у аўтаномным рэжыме.
Неабходнасць прыбіраць касмічнае смецце ўзрастае разам з яго колькасцю. Паводле звестак ESA, на арбіце рэгулярна адсочваюцца больш за 47 тысяч аб'ектаў. Акрамя таго, вакол Зямлі можа знаходзіцца каля 1,5 мільёна фрагментаў памерам ад аднаго да дзесяці сантыметраў. Нават невялікія абломкі ўяўляюць небяспеку праз высокую хуткасць руху і могуць пашкоджваць дзейныя спадарожнікі.
Чытайце таксама:
Легендарны тэлескоп «Хабл» падае на Зямлю. НАСА тэрмінова шукае тых, хто яго выратуе або затопіць
SpaceX упершыню ў гісторыі злавіла верхні блок Starship ВІДЭА
Стары тэлескоп NASA, які важыў паўтары тоны і які няўдала спрабавалі выратаваць, упаў на Зямлю
Чацвёра ўдзельнікаў эксперыменту NASA выйшлі з ізаляцыі пасля 378 дзён на «Марсе»