Чацвёра ўдзельнікаў эксперыменту NASA выйшлі з ізаляцыі пасля 378 дзён на «Марсе»
Удзельнікі эксперыменту NASA на сабе правяралі, як жыць і працаваць на Марсе. Цяпер іх ізаляцыя скончылася: навукоўцы будуць вывучаць, як яны вытрымалі гэтыя 378 дзён, піша Reuters.

Чацвёра ўдзельнікаў выйшлі з ізаляцыі ў суботу, 31 кастрычніка, у Касмічным цэнтры імя Джонсана ў Х’юстане. У эксперыментальны дом яны зайшлі 19 кастрычніка 2025 года.
Гэта была другая місія CHAPEA — праекта NASA, які дапамагае вывучаць здароўе і працаздольнасць людзей ва ўмовах, падобных да працяглай экспедыцыі на Марс.
Медык місіі Элен Эліс пасля выхаду пажартавала, што яны «жылі ў няволі з уласнай волі».
Разам з ёй у ізаляцыі знаходзіліся камандзір Рос Элдэр, навуковец Мэцью Мантгомеры і бортінжынер Джэймс Спайсер.
Жыццё з абмежаванымі запасамі і павольнай сувяззю
Удзельнікі падтрымлівалі свой дом у працоўным стане, вырошчвалі расліны і выконвалі заданні, якія імітавалі працу на Марсе. Пры гэтым рэсурсы былі абмежаваныя.
Асобнай часткай выпрабавання стала сувязь з супрацоўнікамі NASA. Паведамленні і адказы перадаваліся з затрымкамі, каб імітаваць цяжкасці зносін паміж рознымі планетамі.
«Гэтыя затрымкі патрабуюць цярпення, дбайнага планавання і большай самастойнасці — якасцяў, якія будуць неабходныя будучым астранаўтам, што паляцяць за мільёны міль ад дому», — сказала дырэктарка Касмічнага цэнтра імя Джонсана Ванэса Уайч, якая сустрэла экіпаж пасля выхаду.
Цяпер удзельнікаў чакаюць два тыдні абследаванняў і абмеркаванняў вынікаў з навукоўцамі NASA. Агенцтва хоча зразумець, як людзі прыстасоўваюцца да штодзённых задач і нагрузак у працяглых місіях па-за Зямлёй і што дапамагае ім захоўваць здароўе, працаздольнасць і сувязь з іншымі людзьмі.
Спачатку Месяц, потым Марс
Першы эксперымент CHAPEA праходзіў у 2023—2024 гадах. Тады іншая група з чатырох чалавек таксама правяла ў ізаляцыі 378 дзён.
NASA, што ўжо даследуе Марс з дапамогай робатаў і арбітальных апаратаў, разглядае магчымасць адправіць туды людзей ужо ў 2030‑х гадах. Перад гэтым агенцтва плануе вярнуць астранаўтаў на Месяц — упершыню з 1972 года.
Эліс пасля выхаду заклікала ЗША захаваць лідарства ў космасе. Яна згадала планы адміністрацыі Дональда Трампа стварыць акадэмію для падрыхтоўкі спецыялістаў у касмічнай сферы і пабудаваць месяцовую базу.
Камандзір эксперыментальнай місіі Рос Элдэр прызнаў, што палёт на Марс звязаны з вялікімі рызыкамі. Аднак, на яго думку, дзякуючы даследаванням, вынаходлівасці, вытрымцы і працы высадка людзей на гэтую планету «не толькі дасягальная, але і непазбежная».
Каментары