БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Калі называць Пуціна сябрам, то ён адчувае, што можа працягваць

20.11.2026 / 21:55

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю CNN пракаментаваў словы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які напярэдадні назваў Уладзіміра Пуціна сваім сябрам. Паводле Зяленскага, падобныя выказванні могуць стварыць у расійскага кіраўніка ўражанне, што ён не адчувае дастатковага ціску і можа працягваць вайну.

Дональд Трамп, кіраўнік Кітая Сі Дзіньпін і Уладзімір Пуцін. Фота: Qilai Shen / Bloomberg via Getty Images

«Як называць Пуціна — гэта справа прэзідэнта Трампа. Для нас ён вораг і, вядома, забойца. Думаю, што для большасці людзей у свеце ён таксама забойца, бо ён забівае», — заявіў украінскі прэзідэнт.

Ён таксама падкрэсліў, што Пуцін імкнецца цалкам знішчыць Украіну.

«Калі вы гаворыце пра Пуціна… нібыта ён сябар… вядома, ён не адчувае, што з’яўляецца забойцам, ён не адчувае дастатковага ціску. Ён адчувае, што можа працягваць», — сказаў Зяленскі.

Разам з тым Зяленскі лічыць, што ЗША застаюцца найбольш уплывовым пасярэднікам, які можа дапамагчы ў перамовах паміж Кіевам і Масквой. На яго думку, Пуцін гатовы прыслухоўвацца да Вашынгтона і Пекіна, аднак Кітай пакуль не дэманструе зацікаўленасці ва ўдзеле ў гэтым працэсе. Злучаныя Штаты, паводле Зяленскага, маюць значныя рычагі ўплыву на расійскага кіраўніка.

19 лістапада падчас сустрэчы ў кітайскім Шэньджэні Дональд Трамп, увайшоўшы ў залу і ўбачыўшы Пуціна, усміхнуўся і назваў яго сваім сябрам, пасля чаго паціснуў яму руку. Гэты эпізод выклікаў крытыку з боку шэрагу заходніх палітыкаў. У прыватнасці, амерыканская сенатарка-дэмакратка Джын Шахін назвала Пуціна крывавым ваенным злачынцам, а міністр замежных спраў Польшчы заявіў, што цёплы прыём расійскага кіраўніка выклікае занепакоенасць.

Чытайце таксама:

«Пуцін і Сі нам не сябры». Як на Захадзе рэагуюць на саміт Трампа ў Шэньджэні

«Божа, барані нас ад такіх сяброў». Туск адрэагаваў на сустрэчу Трампа з Пуціным

Трамп і Пуцін сустрэліся на палях саміта АЦЭС

Трамп: Пуцін сказаў мне, што не пайшоў бы вайной на Украіну, калі б я тады быў прэзідэнтам

Міністр абароны Германіі заклікаў еўрапейцаў ехаць да Пуціна ў Маскву

Каментары да артыкула