БЕЛ Ł РУС

У Мінску з аўкцыёну прадаюць культавы амерыканскі пікап. Ён у жахлівым стане, але каштуе дорага

20.11.2026 / 23:46

Nashaniva.com

Гаворка ідзе пра аўтамабіль Chevrolet 3100 выпуску 1957 года. Інфармацыя пра таргі з’явілася на аўкцыённай старонцы гандлёвага дома «Усходні», піша Blizko.by.

Аўтамабілі гэтага сямейства адносяцца да лінейкі Chevrolet Task Force (1955—1959), якая вырасла з лінейкі Advance Design (1947—1955). Машыны гэтых сямействаў называюць «самымі няшнымі пікапамі Амерыкі»: дзякуючы ім пікапы перасталі быць транспартам толькі для фермераў, а набылі і фанатаў сярод выключна гарадскіх жыхароў. На той жа базе будавалі закрытыя фургоны, пасажырскія вэны, грузапасажырскія мадэлі.

Колькасць мадэляў і мадыфікацый абодвух сямействаў складае некалькі дзясяткаў, у той час гэта былі самыя папулярныя пікапы і лёгкія грузавікі ў ЗША.

Chevrolet Task Force стаў правобразам персанажа аўтамабіля-эвакуатара Мэтра з гарадка Радыятар-Спрынгс у мультфільме «Тачкі».

Пра канкрэтны экзэмпляр з аўкцыёну вядома тое, што ён не на хаду і нават не заводзіцца. Аб’ём рухавіка — 3,8 літра, каробка перадач механічная, колер заяўлены як блакітны, маюцца сколы, драпіны і карозія, а прабег нібыта ўсяго 11 кіламетраў, што, вядома, вельмі далёка ад рэальнасці.

Пачатковая цана лота — 89 370 рублёў. Таксама пераможца таргоў павінен будзе аплаціць 149 рублёў выдаткаў на правядзенне аўкцыёну. Такім чынам, агульная мінімальная сума лота — 89 519 рублёў, або прыкладна 29 900 даляраў па афіцыйным курсе Нацбанка. У Беларусі за такія грошы можна купіць новы электрамабіль сярэдняга класа.

Таргі адбудуцца 25 лістапада ў 12:00.

Чытайце таксама:

У Сенненскім раёне прадаюць з аўкцыёна старадаўнюю паштовую станцыю

У Мінску прадаюць адзін з будынкаў старога аэрапорта

Матацыкл Бэтмена прадаюць на аўкцыёне за $1,2 мільёна

Каментары да артыкула