БЕЛ Ł РУС

На пуцеправодзе паміж Каменнай Горкай і Лебядзіным у Мінску ўжо ўключаюць падсветку ФОТАФАКТ

20.11.2026 / 23:57

Nashaniva.com

У Мінску набліжаецца да завяршэння будаўніцтва пуцеправода ў раёне вуліц Калеснікава і Ратамскай. На мосце ўжо ўвечары ўключаюць асвятленне, што сведчыць пра завяршальны этап упарадкавання тэрыторыі. Свежымі здымкамі будаўніцтва ад сваіх падпісчыкаў падзялілася экспертка ў сферы нерухомасці Наталля Літоўская.

Фота: t.me/Litovskaya_o_zhilje

Яшчэ 9 лістапада гатоўнасць аб’екта ацэньвалі ў 95%. На той момант толькі пачыналі ставіць асвятляльныя мачты. Цяпер работы працягваюцца ў кругласутачным рэжыме. Чакаецца, што рух аўтамабіляў па новым мосце адкрыюць яшчэ да канца 2026 года.

Фота: t.me/Litovskaya_o_zhilje

Пуцеправод злучыць мікрараён Лебядзіны з Каменнай Горкай. Яго агульная працягласць складзе больш за 380 метраў, а шырыня — ад 41,3 да 47,8 метра. Праект прадугледжвае па тры палосы руху ў кожным кірунку, а таксама дадатковыя палосы для з’ездаў.

Гэты мост стаў першым за шмат гадоў новым пуцеправодам праз чыгунку, які будуюць у Мінску з нуля. Большасць падобных збудаванняў у сталіцы ўзвялі яшчэ ў савецкі час. Акрамя таго, новы мост стане толькі другім у Мінску аўтамабільным пераездам праз чыгунку за межамі цэнтральнай часткі горада — паміж Другім колам і МКАД. Першы такі аб’ект знаходзіцца ў Сцяпянцы, дзе аўтамабільная дарога праходзіць пад чыгуначнымі рэйкамі.

Чытайце таксама:

Амаль 400‑метровы пуцеправод паміж Каменнай Горкай і Лебядзіным абяцаюць адкрыць да канца года

Мост цераз чыгунку між Калеснікава і Ціміразева ў Мінску ўзводзяць дзень і ноч

У Ждановічах будуюць мост, які злучыць два раёны сталіцы. Якім ён будзе

Каментары да артыкула