БЕЛ Ł РУС

Пайшла ў банкруцтва найстарэйшая беларуская бізнэс-школа

22.11.2026 / 15:02

Nashaniva.com

У Беларусі пачалася працэдура банкруцтва найстарэйшай бізнэс-школы краіны «Тут і цяпер». Эканамічны суд Мінска адкрыў адпаведную справу паводле заявы падатковай інспекцыі Першамайскага раёна сталіцы, заўважыла выданне Office Life.

Фота: «Яндэкс. Карты»

Паводле звестак Адзінага дзяржаўнага рэестра даных аб банкруцтве, запазычанасць установы перад бюджэтам перавышае 813 тысяч рублёў.

Бізнэс-школа працавала з 1995 года і ўваходзіла ў аднайменную кансалтынгавую групу — адну з найбольш вядомых у Беларусі. У найбольш паспяховы перыяд яна прапаноўвала больш за 100 адукацыйных праграм для кіраўнікоў і супрацоўнікаў кампаній. Навучанне ахоплівала менеджмент, маркетынг, кіраванне персаналам, фінансы, продажы, лагістыку і іншыя кірункі.

Фінансавыя праблемы ў школы пачаліся год таму. У кастрычніку 2025 года ўладальнікі вырашылі яе ліквідаваць, аднак нявыплачаная запазычанасць перад бюджэтам не дазваляе зрабіць гэта ў звычайным парадку. Таму кампаніі давядзецца прайсці праз працэдуру банкруцтва.

Суд прызначыў часовага кіраўніка, які павінен яшчэ раз праверыць, ці ёсць у даўжніка маёмасць, удакладніць спіс крэдытораў і падаць сабраную інфармацыю на наступным судовым пасяджэнні. Яно прызначанае на 22 лютага.

З 2022 года статус бізнэс-школы ў Беларусі з’яўляецца дзяржаўным. Яго прысвойвае Міністэрства эканомікі. Першай арганізацыяй, якая атрымала такі статус у 2025 годзе, стала Акадэмія кіравання пры Лукашэнку.

Цяпер у Беларусі налічваецца шэсць афіцыйных бізнэс-школ. Апошняй, у жніўні 2026 года, гэты статус атрымала РУП «Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта».

Чытайце таксама:

Пайшла ў банкруцтва сетка кулінарных крам «Уха из петуха»

Пайшоў у банкруцтва вядомы беларускі вытворца ветэрынарных прэпаратаў

У Беларусі банкрутуе кампанія, звязаная з украінскім анлайн-кінатэатрам

Ідзе ў банкруцтва «дачка» БНБК у Магілёўскай вобласці

Каментары да артыкула