Эканамічны суд Мінска ўвёў на месяц ахоўны перыяд у дачыненні да ТАА «Кулінарная фабрыка». Кампанія сама звярнулася з заявай аб банкруцтве. Яна развівала ў Мінску папулярную сетку кулінарных крам «Уха из петуха», піша Office Life.

Першая ўстанова пад гэтым брэндам адкрылася ў 2019 годзе на вуліцы Іванаўскай у Мінску. Пазней «Кулінарная фабрыка» запусціла яшчэ некалькі ўласных пунктаў продажу. Акрамя таго, яе прадукцыя прадавалася і ў іншых гандлёвых установах, напрыклад, у прэміяльнай дысконтнай краме «Сем пятніц XXL».
Канцэпцыя сеткі спалучала адразу некалькі фарматаў: кулінарыю, кавярню і вытворчасць гатовай ежы. Наведнікам прапаноўвалі паўфабрыкаты, выпечку, дэсерты, супы і гарачыя стравы на вынас. Усё гатавалі прафесійныя кухары ва ўласных вытворчых цэхах, не закупляючы паўфабрыкаты ў іншых вытворцаў.
Акрамя рознічнага продажу, кампанія дастаўляла гатовыя абеды ў офісы. Увечары на прадукцыю звычайна дзейнічалі значныя зніжкі — да 30%. У сацыяльных сетках якасць страў і дэсертаў ацэньвалі даволі станоўча. Напрыклад, фуд-блогер Какобай паставіў кухні ўстановы 7 балаў з 10.
Цяжкасці ў бізнэсу пачаліся падчас пандэміі каранавіруса. Тады ў кампаніі паведамлялі пра істотнае падзенне продажаў, звязанае з тым, што многія працадаўцы перавялі офісных супрацоўнікаў на дыстанцыйную працу. Пры гэтым кулінарныя крамы сеткі размяшчаліся пераважна паблізу офісных цэнтраў і арыентаваліся ў тым ліку на іх супрацоўнікаў.
«Кулінарная фабрыка» спрабавала памяняць бізнэс-мадэль, але гэта не дало вынікаў. Паступова гандлёвыя пункты пачалі закрывацца. Урэшце чатыры ўладальнікі кампаніі вырашылі звярнуцца з заявай аб банкруцтве.
Як паведамлялася ў судзе, агульная запазычанасць прадпрыемства перавышае 903 тысячы рублёў, а кошт яго актываў складае каля 89,1 тысячы рублёў. З гэтай сумы менш за 31 тысячу прыпадае на асноўныя сродкі. Астатняе складае дэбіторская запазычанасць, спагнанне якой на практыцы можа быць даволі складаным.
Судовае пасяджэнне, на якім будзе разглядацца пытанне аб банкруцтве «Кулінарнай фабрики», прызначанае на 19 лістапада.
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары