У Беларусі банкрутуе кампанія, звязаная з украінскім анлайн-кінатэатрам
У Мінскім эканамічным судзе разглядаюць справу аб банкруцтве беларускага ўнітарнага прадпрыемства «Мегого», звязанага з уладальнікамі ўкраінскага анлайн-кінатэатра Megogo. Яго ўласнік — кіпрская кампанія Senseira Trading Limited, якую звязваюць з заснавальнікам і генеральным дырэктарам сэрвісу, украінскім бізнэсменам Уладзімірам Баравіком. Судовыя дакументы апублікаваныя на партале Адзінага дзяржаўнага рэестра даных аб банкруцтве, піша Office Life.

Беларускае прадпрыемства «Мегого» зарэгістравалі ў 2012 годзе са статутным фондам у 20 тысяч даляраў, які быў цалкам сфармаваны. Асноўным відам дзейнасці ў рэгістрацыйных дакументах пазначаная рэклама.
З судовага рашэння нельга дакладна вызначыць, чым займалася кампанія і што прывяло яе да банкруцтва. У красавіку 2025 года кіпрскі ўласнік прыняў рашэнне ліквідаваць беларускае прадпрыемства. Аднак у кампаніі амаль няма актываў: іх кошт ацэньваецца менш як у 15 тысяч рублёў. Пры гэтым запазычанасць па падатках і зборах перавышае 162 тысячы рублёў. Таму прадпрыемству давядзецца прайсці працэдуру банкруцтва.
Senseira Trading Limited раней была канчатковым бенефіцыярам украінскага Megogo і заснавальнікам расійскай даччынай кампаніі анлайн-кінатэатра — ТАА «Мегого».
Пазней Уладзімір Баравік аформіў статус бенефіцыяра асноўнай структуры на сябе асабіста, а расійская кампанія перайшла да іншай кіпрскай структуры — Magavin Enterprises Limited. У СМІ раней паведамлялі, што гэтыя кампаніі могуць быць звязаныя паміж сабой: у іх, паводле публікацый, быў падобны склад рады дырэктараў. Акрамя таго, Senseira засталася залогатрымальнікам у Magavin.
У 2022 годзе Megogo закрыў доступ да свайго кантэнту з Расіі. У Беларусі сэрвіс працаваў да 2024 года, калі Міністэрства па падатках і зборах заблакавала яго. У ведамстве тады патлумачылі гэта запазычанасцю ў падатках.
Цяпер чытаюць
Дарадца прэзідэнта Польшчы пракаментаваў зварот Калеснікавай і Золатавай: Лукашэнка выпускае некалькі дзясяткаў вязняў, а на наступны дзень затрымлівае новых
Каментары