Электрамабілі задумвалі як ціхія. Цяпер іх вучаць гучаць, як бензінавыя
Адной з галоўных пераваг электрамабіляў заўсёды лічылася іх бясшумнасць. Але цяпер вытворцы дарагіх спартыўных машын спрабуюць вярнуць ім магутны роў матора, а распрацоўшчыкі гарадскіх мадэляў шукаюць баланс паміж цішынёй і бяспекай пешаходаў.
Ferrari Luce — першы цалкам электрычны аўтамабіль італьянскай маркі, для якога распрацавалі ўласнае характэрнае гучанне. Фота: ferrari.com
Як піша The New York Times, з развіццём электрамабіляў вытворцам становіцца ўсё цяжэй вылучыцца сярод канкурэнтаў аднымі толькі тэхнічнымі характарыстыкамі. Таму кампаніі шукаюць іншыя спосабы зрабіць свае машыны асаблівымі. Адным з іх становіцца гук, які ў бензінавых аўтамабілях шмат у чым залежыць ад канструкцыі рухавіка, а ў электрычных можа стварацца спецыяльна для кожнай мадэлі.
Як электрамабілям вяртаюць роў рухавіка
У адрозненне ад бензінавых рухавікоў, электрычныя не выдаюць характэрнага рыку. Іх праца суправаджаецца значна цішэйшым гудзеннем, якое не заўсёды прыемнае для слыху. Таму, каб надаць электрамабілям больш выразны характар, вытворцы распрацоўваюць спецыяльныя акустычныя сістэмы.
Напрыклад, у першым цалкам электрычным аўтамабілі Ferrari, які атрымаў назву Luce, для гэтага выкарыстоўваюць рэальныя вібрацыі механізмаў. Спецыяльны датчык улоўлівае ваганні кампанентаў задняй восі, пасля чаго электроніка апрацоўвае і ўзмацняе іх. У выніку машына выдае характэрны рык, які, аднак, не капіюе гучанне традыцыйных дванаццаціцыліндравых рухавікоў Ferrari.
Porsche Taycan. Фота: porsche.com
Над уласным гучаннем электрамабіляў працуе і Porsche. Для электрычнага Taycan кампанія стварыла характэрны гук, у якім можна пачуць адгалоскі яе старых спартыўных мадэляў. Пры гэтым інжынеры імкнуліся пазбегнуць непрыемнага высокачастотнага гудзення, якое магло б нагадваць гук трамвая або стаматалагічнай бормашыны.
Але для некаторых вытворцаў задача яшчэ больш складаная: ім трэба не проста стварыць новы гук, а апраўдаць чаканні прыхільнікаў знакамітых бензінавых мадэляў.
Lexus LFA. Фота: lexus-polska.pl
Lexus працуе над электрычным пераемнікам суперкара LFA, які можа паступіць у продаж у 2029 годзе. Адной з галоўных асаблівасцей арыгінальнай мадэлі быў гук яе дзесяціцыліндравага бензінавага рухавіка, які дагэтуль захапляе аматараў спартыўных аўтамабіляў. Вытворца хоча, каб новая машына выклікала не менш моцныя эмоцыі, таму надае асаблівую ўвагу яго гучанню. Аднак як менавіта будзе гучаць новая машына, пакуль невядома.
Пошукі балансу паміж цішынёй і бяспекай
Аднак тое, што важна для спартыўных аўтамабіляў, зусім не абавязкова патрэбна звычайным гарадскім машынам. Для іх пакупнікоў цішыня па-ранейшаму застаецца адной з галоўных пераваг электрычнага рухавіка.
У такіх мадэлях вытворцы больш увагі надаюць зніжэнню шуму ветру і шын, чым стварэнню эфектнага гучання. Напрыклад, шведская марка Polestar, звязаная з Volvo, прынцыпова адмовілася ад імітацыі бензінавых матораў. Rivian R1S выдае толькі мяккае электрычнае гудзенне, а Chevrolet Equinox EV імкнецца быць амаль бясшумным.
Праўда, поўная бясшумнасць таксама стварае праблему. На невялікіх хуткасцях пешаходы могуць не пачуць набліжэння электрамабіля. Таму ў ЗША, Еўропе, Кітаі і Японіі дзейнічаюць патрабаванні да папераджальных гукаў, якія павінны выдаваць такія машыны.
У межах гэтых патрабаванняў вытворцы могуць самастойна вызначаць характар гучання. Напрыклад, для новага BMW iX3 распрацавалі пазнавальны, але стрыманы гук, які не павінен парушаць спакой гарадскіх жыхароў.
BMW iX3. Фота: adac.de
У салоне таго ж BMW iX3 дызайнеры дазволілі сабе больш эксперыментаў. Нават прывітальны гук пры адчыненні дзвярэй стварылі з запісаў галасоў распрацоўшчыкаў аўтамабіля, якія расказвалі пра самыя радасныя моманты свайго жыцця. Запісы апрацавалі і аб'ядналі ў шматслойную гукавую кампазіцыю.
Так гук, які раней шмат у чым вызначаўся канструкцыяй рухавіка, становіцца асобным элементам аўтамабільнага дызайну.
Чытайце таксама:
Электракар Ferrari прадалі з аўкцыёна за рэкордныя 40 мільёнаў даляраў
Як сябе паводзяць электрамабілі ў люты мароз? Спыталі ва ўласнікаў
Вось якія мадэлі аўтамабіляў перастаюць выпускаць. Трох асабліва шкада