Нізкія тэмпературы дадаюць праблем не толькі ўласнікам дызельных аўто, якія рызыкуюць не запусціць рухавік.

«Зараджаю кожны дзень»
Уласнік электрычнай Volvo кажа, што з надыходам маразоў зараджае аўтамабіль кожны дзень.
«Максімальны запас ходу, заяўлены вытворцам, — 420 кіламетраў. Па факце — 360. Калі на вуліцы да 0, то ў змешаным рэжыме машына спажывае каля 21 кВт·г на 100 км. З надыходам маразоў спажыванне ўзрастае да 45—50 кВт·г. Калі будзе пад -30 градусаў, то можа і да 55 кВт·г вырасце. Атрымліваецца, што на поўнай зарадцы ў такі мароз можна праехаць толькі каля 150 км».
Пры гэтым аўтамабіліст адзначае, што, нягледзячы на моцнае скарачэнне запасу ходу, ён не эканоміць энергію і працягвае паўнавартасна карыстацца печкай, падагрэвам сядзенняў і стырна.
«Але каб быць упэўненым, што машына не разрадзіцца недзе па дарозе, то зараджаю яе цяпер кожны дзень. Паколькі зараджаю дома, то ездзіць на электрычцы для мяне ўсё адно танна. Але калі падлічыць, колькі каштуе зарадка, асабліва хуткая, у горадзе, то ў моцныя маразы выходзіць даражэй, чым ехаць на дызелі або бензіне», — кажа аўтамабіліст.
Мінус 50—60% запасу
Мужчына, які ездзіць на Tesla Model S, кажа, што з прыходам моцных маразоў гэтай зімой запас ходу скараціўся прыблізна на 50%. На поўнай зарадцы ён цяпер можа праехаць не больш за 200 кіламетраў.
Іншы суразмоўца на Tesla Model Y таксама кажа, што ў такі моцны мароз, як цяпер, машына страціць да 60% ад запасу ходу.

«Калі летам ездзіць кайфова і вельмі танна, то ў перыяд моцных маразоў электрамабіль — гэта не самы лепшы выбар. Праўда, гэта, хіба, першая зіма, калі мець электрамабіль мне не даспадобы. У мінулыя гады, калі моцных маразоў амаль не было, уражанні былі больш пазітыўныя», — прызнаецца ўласнік Model Y.
Як і ўласнік электрычнай Volvo, абодва аўтамабілісты на Tesla жывуць у прыватным сектары і зараджаюць машыны дома. А ў двух з трох суразмоўцаў, апроч электрычкі, у сям'і ёсць другая машына з рухавіком унутранага згарання.
«Па вясне планую прадаваць аўто»
Дзяўчына, якая валодае электрычным Fiat 500, кажа, што праз моцны мароз была вымушана адмовіцца ад паездак на аўто.
«У майго аўто нават у цёплы перыяд максімальны запас — кіламетраў 130—140. З прыходам маразоў ён прасеў недзе ў два разы. То-бок зараджаць даводзілася кожны дзень, бо на другі дзень хопіць толькі даехаць да працы», — прызнаецца яна.
Дзяўчына жыве ў шматкватэрным доме, таму зарадка аўто ўзімку для яе — сапраўдны квэст.
«Пакуль было цёпла, то мне на тыдзень хапала дзвюх, часам трох зарадак. Трошкі нязручна, але жыць можна. Але штодзённая зарадка — гэта праблематычна, бо то ўсе месцы занятыя, то станцыя не працуе. Атрымліваецца, што ўсё тваё жыццё круціцца вакол зарадкі аўто. Таму тыдзень так памучылася і вырашыла адмовіцца ад паездак на аўто, пакуль маразы не спадуць», — прызнаецца суразмоўца.

Уласніца Fiat 500 кажа, што вясной плануе выставіць машыну на продаж.
«Гэта машына хутчэй для жыцця ва ўласным доме, бо інакш ты пастаянна думаеш пра зарадку. Магчыма, куплю сабе такі ж Fiat, але бензінавы», — кажа яна.
Каментары