БЕЛ Ł РУС

У Мінску арэндную кватэру аформілі ў стылі расійскага Суздаля. У туалеце сустракае галава з какошнікам

24.11.2026 / 09:00

Арына Жураўская

У сацсетках ужо жартуюць, што засяляць туды трэба выключна людзей у какошніках.

Фота тут і далей: novoe-apartments.by

Сэрвіс арэнды Novoe пахваліўся сваім новым аб’ектам, які можна зняць на суткі ў беларускай сталіцы — гэта кватэра з назвай «Суздаль». Аднапакаёўку здаюць на праспекце Незалежнасці.

Інтэр’ер, канечне, уражвае.

Над ложкам намалявалі дзяўчыну ў какошніку.

Аксамітныя чырвоныя шторы на вокнах выклікаюць думкі аб царскіх пакоях, але савецкая мэбля намякае, што цара ўсё ж адправілі на аздараўленне кудысьці ў санаторый пад Мядзелам.

Плазменны тэлевізар клапатліва накрылі вязанай сурвэткай.

У кухню можна дасылаць этнаграфічную экспедыцыю — там і ледзяшы-пеўнікі, і самавар з сушкамі стаіць… На сценах — парад птушак ды кветак. 

У туалеце чырвонае люстэрка ў выглядзе галавы з какошнікам падобнае да парталу ў старажытнарускае царства. Здаецца, калі тройчы вымавіць «Суздаль», адтуль выйдзе барыня і папросіць заплаціць за наступныя суткі ў гэтай «раскошы». 

Працавала над гэтым усім беларуская дызайнерка Наста Галезнік. У інстаграме яна расказвае, што на рамонт было ўсяго 35 дзён, а бюджэт быў даволі абмежаваны. 

Дызайнерка Наста Галезнік. Фота з яе інстаграма

У каментарах у Threads людзі не разумеюць, навошта ў Мінску ствараць атмасферу Расіі: «Апартаменты «Суздаль» актуальныя ў Суздалі», «У Мінску мне падабаецца Мінск, а ў Суздалі — Суздаль», «Які сэнс для турыстаў ствараць такія апартаменты ў Мінску? Калі чалавек хоча рускую атмасферу, па яе трэба ехаць у Расію, а не ў Мінск. Вельмі дзіўны выбар», «Не, не падабаецца. У Беларусі мусяць быць апартаменты «Маляванка», «Выцінанка» ці «Батлейка».

Не абышлося і без жартаў. Нехта кажа, што ад інтэр’еру ўражанне «быццам Кадышава ўзарвалася». Нехта раіць засяляць у такую кватэру выключна ў какошніках — пажадана, пасля таго, як людзі праспяваюць «Матухна зямля» і «Я рускі». 

Але калі вы раптам хочаце ў Мінску спыніцца ў «Суздалі», дык рыхтуйце 200 рублёў за суткі. У святочныя дні — 450 рублёў.

Сэрвіс арэнды Novoe на сваім сайце піша, што стваральнікі імкнуліся ператварыць квадратныя метры ў Мінску ў імерсіўныя арт-аб'екты: «Наша мэта — каб ваша жыллё стала не проста пунктам на карце, а адной з галоўных падзей вашай паездкі».

У іх ёсць кватэры і на іншыя тэмы — Балі, Афрыка, Парыж, Бардо і Сіцылія. 

Чытайце таксама:

«Цяпер я здаю 41 кватэру ў Мінску і хачу вырасці да 100 кватэр». Беларус расказаў пра бізнэс на кароткатэрміновай арэндзе жылля

Новы трэнд — у «Мінск-Свеце» ўсё часцей здаюць кватэры з голымі сценамі. Колькі просяць?

У «Мінск-Свеце» здаецца ў арэнду кватэра з ваннай пасярод пакоя

Каментары да артыкула