БЕЛ Ł РУС

Чаму правае паўшар'е мозга кіруе левым бокам цела? З'явілася новая тэорыя

24.11.2026 / 06:00

Ідаля Салавей

Паводле прапанаванай тэорыі, усё пачалося яшчэ са старажытных рыб.

Фота: Vecteezy

Чалавечы мозг пранізаны нервовымі шляхамі, многія з якіх пераходзяць з аднаго боку на другі. Дзякуючы гэтаму левае паўшар'е кіруе рухамі правай паловы цела, а правае — левай. Падобным чынам арганізавана і апрацоўка многіх адчуванняў.

Такая асаблівасць уласцівая не толькі чалавеку, але і большасці пазваночных жывёл. Аднак навукоўцы дагэтуль не маюць агульнапрынятага тлумачэння, чаму ў працэсе эвалюцыі нервовая сістэма набыла менавіта такую будову.

Як піша Science Alert, даследчыкі з Універсітэта Мінесоты прапанавалі шукаць адказ у далёкім мінулым. Для гэтага яны прааналізавалі ранейшыя навуковыя працы, прысвечаныя будове нервовай сістэмы розных пазваночных — ад рыб і земнаводных да птушак і млекакормячых. Іх цікавіла, калі ўпершыню ўзніклі перакрыжаваныя нервовыя шляхі і як гэтая асаблівасць распаўсюдзілася на іншыя сістэмы арганізма.

Паводле прапанаванай тэорыі, усё пачалося больш за 500 мільёнаў гадоў таму ў старажытных рыб, якія яшчэ не мелі сківіц.

У гэтых жывёл ужо існавала зрокавая сістэма, у якой нервовыя сігналы ад вачэй перадаваліся ў супрацьлеглы бок мозга. Такая арганізацыя звязаная з асаблівасцямі зроку: аптычная сістэма вока фарміруе перавернутую выяву навакольнага свету, а інфармацыя з правай часткі поля зроку паступае ў левыя аддзелы мозга, і наадварот.

У старажытных рыб гэтыя сігналы накіроўваліся ў спецыяльную вобласць сярэдняга мозга, якая адказвала за апрацоўку зрокавай інфармацыі.

Даследчыкі мяркуюць, што менавіта гэтая сістэма стала своеасаблівым узорам для далейшага развіцця нервовай сістэмы. Калі ў працэсе эвалюцыі ўскладнялася апрацоўка дотыку, вібрацый і болю, адпаведныя нервовыя шляхі таксама пачалі арганізоўвацца паводле перакрыжаванага прынцыпу.

Паступова падобная арганізацыя замацавалася і ў сістэмах, якія кіруюць рухамі. У выніку сігналы ад аднаго боку цела апрацоўваліся пераважна ў супрацьлеглай частцы мозга, а каманды да мышцаў таксама ішлі па нервовых шляхах, якія перасякалі сярэднюю лінію цела.

Калі каля 165 мільёнаў гадоў таму з'явіліся першыя сапраўдныя млекакормячыя, перакрыжаваныя нервовыя шляхі існавалі ўжо амаль 200 мільёнаў гадоў. Таму, паводле новай тэорыі, кара вялікіх паўшар'яў, якая паступова развівалася і ўскладнялася, прыстасавалася да гэтай сістэмы, а не перабудоўвала яе. Так правае паўшар'е стала кіраваць левым бокам цела, а левае — правым.

Раней навукоўцы прапаноўвалі іншыя тлумачэнні гэтай асаблівасці. Паводле адной з гіпотэз, перакрыжаваныя нервовыя шляхі забяспечваюць больш эфектыўную працу мозга. Іншая гіпотэза тлумачыць перакрыжаванне нервовых шляхоў эвалюцыйнымі зменамі ў будове цела продкаў пазваночных, у выніку якіх пярэдняя частка галавы аказалася павернутай на 180 градусаў адносна тулава.

Аўтары новай працы лічаць, што іх падыход дазваляе больш поўна ўлічыць паслядоўнасць эвалюцыйных змен. Аднак гэта пакуль толькі тэорыя, заснаваная на супастаўленні ўжо вядомых навуковых звестак. Новых эксперыментаў даследчыкі не праводзілі.

Праверыць яе можна будзе дзякуючы далейшаму вывучэнню нервовай сістэмы розных жывёл. Асаблівую цікавасць уяўляюць птушкі і кракадзілы, нервовыя сувязі якіх яшчэ не цалкам даследаваныя. Параўнанне іх з нервовай сістэмай іншых пазваночных дапаможа дакладней вызначыць, на якіх этапах эвалюцыі ўзнікалі перакрыжаваныя шляхі. Дадатковыя падказкі могуць даць і новыя знаходкі выкапнёвых рэшткаў старажытных рыб.

Чытайце таксама:

Ці адрозніваецца жаночы мозг ад мужчынскага і што вызначае ўзровень інтэлекту? Нейрабіёлаг адказвае на розныя пытанні пра мозг

Што было б, калі б адно вока ў чалавека было спераду, а другое на патыліцы?

Два ўколы — і канец хваробы Альцгеймера? У мышэй гэта спрацавала

Каментары да артыкула