Беларус звольніўся з працы і пачаў шантажаваць былога начальніка
37‑гадовы жыхар Мінска пасля звальнення з працы пачаў вымагаць грошы ў былога наймальніка. Крымінальную справу супраць яго цяпер накіравалі ў суд, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
У маі мужчына звольніўся з арганізацыі, бо яго не задавальняў заробак і ўзніклі рознагалоссі з кіраўніцтвам. Пазней жа ён даслаў былому працадаўцу ліст, у якім заявіў, што ведае пра парушэнні ў кампаніі працоўнага і падатковага заканадаўства, правіл аховы працы і санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў. Ён таксама паведаміў, што мае намер расказаць пра гэта пракуратуры і іншым дзяржаўным органам.
Падчас асабістай сустрэчы з заснавальнікам арганізацыі былы супрацоўнік запатрабаваў мільён рублёў за маўчанне. Каб атрымаць грошы, ён прапанаваў аформіць фіктыўную здзелку куплі-продажу набору посуду і калекцыйнага альбома з манетамі. Пасля таго мужчыну затрымалі падчас адной з размоў, калі абмяркоўвалася перадача часткі сумы.
Ягоныя дзеянні кваліфікавалі паводле часткі 3 артыкула 208 Крымінальнага кодэкса — вымагальніцтва ў асабліва буйным памеры. За гэта пагражае ад пяці да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі са штрафам. Цяпер мінчук знаходзіцца пад вартай.
Чытайце таксама:
У Варшаве ў кватэру беларускі ўварваўся ўкраінец, паваліў на падлогу і забраў дарагую сумачку
У Мінску адныя замежнікі выкралі і катавалі іншых, патрабуючы за вызваленне індыйскія рупіі
Мінчук пайшоў працаваць да канкурэнтаў і патрабаваў з мінулай працы мільён рублёў за маўчанне