У Варшаве ў кватэру беларускі ўварваўся ўкраінец, паваліў на падлогу і забраў дарагую сумачку
Былы хлопец дзяўчыны вымагаў грошы ў яе новага хлопца. А пасля разам з сябрам пайшоў на справу.

Варшаўская паліцыя затрымала двух грамадзян Украіны, 21 і 19 гадоў. Іх падазраюць у разбойным нападзе на 25‑гадовую грамадзянку Беларусі. Паводле паліцыі, старэйшы з іх — былы хлопец пацярпелай. Менавіта ён, як мяркуюць следчыя, падгаварыў малодшага сябра напасці на жанчыну, а сам у гэты час чакаў ля ўваходу ў пад'езд.
Некалькі дзён таму беларуска прыйшла ў камендатуру паліцыі ў Варшаве. Яна расказала, што ўвечары вярнулася ў сваю кватэру. Калі жанчына вешала куртку, у кватэру забег незнаёмы мужчына. Ён схапіў яе за шыю, кінуў на падлогу і запатрабаваў грошы і каштоўнасці. Жанчына спрабавала ўцячы, але нападнік не даў ёй гэтага зрабіць.
Мужчына забраў мабільны тэлефон коштам каля $380 і сумачку коштам каля $3300. Потым ён выбег з дому, дзе яго чакаў былы хлопец пацярпелай.
Паліцыя таксама высветліла, што абодва мужчыны праз месенджар пагражалі цяперашняму хлопцу беларускі і патрабавалі ад яго $20 тысяч.
Следчыя вылічылі кватэру, дзе хаваліся падазраваныя. Мужчыны адмовіліся адчыняць дзверы, таму іх выламалі пажарныя, пасля чаго паліцыя затрымала абодвух. У кватэры знайшлі скрадзеныя сумачку і тэлефон, а таксама некалькі дзясяткаў порцый марыхуаны.
Абодвум украінцам абвясцілі падазрэнне ў разбоі, спробе рабаўніцкага вымагальніцтва і захоўванні значнай колькасці наркотыкаў. Па хадайніцтве пракуратуры суд арыштаваў іх на тры месяцы. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Каментары