Адстаўлены віцэ-прэм'ер Шулейка будзе ствараць на Гродзеншчыне аграхолдынг
Юрый Шулейка, які 23 лістапада пакінуў пасаду віцэ-прэм’ера Беларусі, будзе займацца стварэннем буйнога аграхолдынга ў Гродзенскай вобласці. Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, прадстаўляючы ў панядзелак новага намесніка кіраўніка ўрада.
Юрый Шулейка. Фота: БелТА
Звяртаючыся да Шулейкі, Турчын заявіў, што менавіта ён можа ўзяць на сябе рэалізацыю праекта па стварэнні буйнога аграхолдынга ў рэгіёне. Прэм’ер паабяцаў аказаць яму ўсебаковую падтрымку і выказаў спадзяванне, што неўзабаве Шулейка падасць ураду канкрэтныя прапановы.
У панядзелак Турчын прадставіў калектыву апарату Савета міністраў і профільным міністрам новага віцэ-прэм’ера Аляксандра Ломскага. Ён таксама падзякаваў Шулейку за працу на гэтай пасадзе.
Пра прызначэнне Ломскага стала вядома 23 лістапада. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка.
Ломскі будзе курыраваць, у тым ліку, аграпрамысловы комплекс. Раней ён займаў пасаду памочніка Лукашэнкі — інспектара па Брэсцкай вобласці, а да гэтага быў першым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.
Чытайце таксама:
Хто такі Аляксандр Ломскі, новы віцэ-прэм'ер па сельскай гаспадарцы
Лукашэнка прызначыў новага віцэ-прэм'ера, адказнага за сельскую гаспадарку
Два міністры, новыя паслы і іншыя чыноўнікі — кадравы дзень у Лукашэнкі