Больш за 700 тысяч. Узламаная «Кіберпартызанамі» база Расстата дазволіла ўдакладніць колькасць забітых і зніклых без вестак на вайне расіян
Паводле новай ацэнкі журналістаў расійскіх выданняў «Медуза» і «Медыязона», да восені 2026 года ў вайне супраць Украіны загінулі або зніклі без вестак больш за 700 тысяч расійскіх вайскоўцаў.
Здымак ілюстрацыйны. Фота з канала батальёнаў «Аланія» і «Шторм Асеція»
1 лістапада стала вядома, што хакеры з груповак «Кіберпартызаны Беларусі» і Silent Crow узламалі сайт Расстата і атрымалі доступ да звестак пра страты расійскай арміі ў вайне, сабраных да восені 2026 года.
На падставе гэтых даных хакеры самастойна ацанілі колькасць загінулых расійскіх вайскоўцаў. Яны таксама перадалі базу журналістам, у тым ліку «Медузе» і «Медиазоне», якія ўжо некалькі гадоў даследуюць расійскія страты. Журналісты вывучылі атрыманыя звесткі, з высокай верагоднасцю пацвердзілі іх сапраўднасць і параўналі з іншымі крыніцамі.
Новая ацэнка лічыцца больш надзейнай дзякуючы выкарыстанню базы Расстата. Акрамя зарэгістраваных смерцяў, яна ўлічвае і зніклых без вестак вайскоўцаў, многія з якіх, верагодна, пазней будуць прызнаныя загінулымі.
Без уліку зніклых без вестак журналісты ацанілі страты расійскіх Узброеных сіл да восені 2026 года ў 490 тысяч чалавек. Калі дадаць зніклых, агульная колькасць перавышае 700 тысяч.
Найбольшых маштабаў страты расійскай арміі дасягнулі вясной 2025 года: за тры месяцы тады загінулі больш за 61 тысяча вайскоўцаў. За час вайны сярэдні ўзрост расійскіх вайскоўцаў павялічыўся з 35,5 да 41 года.
Чытайце таксама:
Вызваленне Курскай вобласці каштавала расіянам 20 тысяч жыццяў. І гэта без уліку паўночнакарэйцаў
Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі
Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?
На баку Расіі ў вайне загінулі мінімум 394 тысячы чалавек — «Кіберпартызаны»