Беларускія «Кіберпартызаны» апублікавалі афіцыйныя прычыны рэзанансных смерцяў расійскіх топ-менеджараў з узламанага Расстата
«Кіберпартызаны» заяўляюць, што атрымалі доступ да базы пасведчанняў аб смерці пасля ўзлому Расстата. У апублікаваных табліцах — звесткі пра 17 памерлых расійскіх бізнэсоўцаў і кіраўнікоў, у тым ліку трох топ-менеджараў «Лукойла».
«Кіберпартызаны» апублікавалі табліцы з прычынамі смерцяў расійскіх бізнэсоўцаў, кіраўнікоў дзяржаўных кампаній і чыноўнікаў у 2022—2025 гадах. Паводле групы, інфармацыя ўзятая з базы Расстата.

Адзін з прыкладаў — віцэ-прэзідэнт «Лукойла» Віталь Робертус, які памёр 13 сакавіка 2024 года ва ўзросце 53 гадоў. Кампанія паведаміла пра яго раптоўную смерць, але прычыны не раскрыла. СМІ пісалі пра версію самагубства.

У апублікаваным запісе пазначаныя павешанне з нявызначанымі намерамі і механічная асфіксія.

«Кіберпартызаны» называюць гэта пацвярджэннем паведамленняў пра тое, што Робертуса знайшлі павешаным у кабінеце.
Нявызначанымі засталіся і абставіны смерці старшыні рады дырэктараў «Лукойла» Равіля Маганава, які 1 верасня 2022 года выпаў з акна Цэнтральнай клінічнай бальніцы ў Маскве. Кампанія тады паведаміла, што ён памёр пасля цяжкай хваробы. Паводле апублікаваных звестак, у базе зафіксаванае падзенне з вышыні.


Нявызначанымі ў апублікаваных запісах названыя абставіны смерцяў кіраўніцы фінансавага забеспячэння Заходняй вайсковай акругі Марыны Янкінай і віцэ-прэзідэнта «Транснефті» Андрэя Бадалава. Абодвух знайшлі пад вокнамі дамоў.
У выпадку Паўла Пчэльнікава, дырэктара па камунікацыях звязанай з РЖД кампаніі «Цифровая логистика», пазначанае агнястрэльнае раненне. СМІ паведамлялі пра магчымае самагубства, але ў запісе такой высновы няма.
Адначасова ў чатырох выпадках самагубства пазначанае непасрэдна. Гэта смерці звязаных з «Газпрамам» кіраўнікоў Аляксандра Цюлякова, Юрыя Воранава і Леаніда Шульмана, а таксама першага намесніка гендырэктара «Якутскэнерга» Ігара Шкурко, якога знайшлі мёртвым у СІЗА.
У іншых выпадках прычынамі названыя захворванні.
Беларускія хакеры пішуць, што гэта толькі пачатак расследаванняў, якія цяпер стануць магчымымі.
Каментары