Амаль палова штрафаў, якія накладаюць на машыны з дыпламатычнымі нумарамі ў Хельсінкі, не аплачваецца. Беларусы таксама ігнораць
Амаль палова штрафаў за парушэнне правілаў паркоўкі, выпісаных у Хельсінкі аўтамабілям з дыпламатычнымі нумарамі, застаецца нявыплачанай. Найбольшая колькасць такіх выпадкаў прыпадае на аўтамабілі Турцыі, Расіі і Кітая, але імі не абмяжоўваецца, піша выданне Verkkouutiset.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons
Паводле статыстыкі гарадской службы паркоўкі Хельсінкі, за апошнія сем гадоў было зафіксавана 1403 выпадкі выпісвання штрафаў аўтамабілям з дыпламатычнымі нумарамі CD. З іх 685, або 49%, пазначаныя як няcплачаныя. Даныя за 2026 год улічваюць штрафы да канца кастрычніка.
У 2020 годзе няcплачанымі заставаліся 65% штрафаў, а ў 2025‑м — 41%. Аднак агульная колькасць такіх выпадкаў істотна не зменшылася: штогод назапашваецца ад 85 да 125 нявыплачаных штрафаў, паколькі расце і агульная колькасць парушэнняў.
Каля 70% усіх няcплачаных штрафаў прыпадае на дзевяць краін: Турцыю, Расію, Кітай, Казахстан, Грузію, Туніс, Марока, Перу і Беларусь.
Турцыя займае першае месца паводле колькасці няcплачаных штрафаў: з 147 выпадкаў 121 застаўся без аплаты. У Расіі не аплачаныя 90 з 109 штрафаў. Доля амаль аднолькавая — 82,3% у Турцыі і 82,6% у Расіі. У Кітая не аплачаныя 61 з 83 штрафаў, або 73%.
Праблема з расійскімі дыпламатычнымі аўтамабілямі назіралася і да пачатку вайны ва Украіне. Ужо ў 2020 годзе Расія не аплаціла 20 штрафаў, у той час як аплаціла толькі пяць. Падобныя суадносіны паўтараліся і ў наступныя гады.
У Турцыі сёлета сітуацыя лепшая: з васьмі зафіксаваных выпадкаў тры штрафы застаюцца нясплачанымі.
Асабліва рэзка змянілася сітуацыя з Казахстанам. У 2020—2022 гадах аўтамабілі гэтай краіны атрымалі 12 штрафаў, з якіх 11 былі аплачаныя. Аднак з 2023 года сітуацыя пагоршылася: аплачанымі аказаліся толькі сем штрафаў, а 45 засталіся нясплачанымі. У 2025 годзе з 26 выпадкаў аплацілі толькі тры.
Аўтары даследавання адзначаюць, што такі рэзкі пералом, які пачаўся ў 2023 годзе, хутчэй можа сведчыць пра змену практыкі дыпламатычнага прадстаўніцтва, чым пра выпадковую нядбайнасць асобных уладальнікаў аўтамабіляў.
Усе 45 штрафаў, звязаных з Грузіяй, 35 штрафаў Туніса, 27 Марока і 20 Беларусі застаюцца нясплачанымі.
Пры гэтым 32 з грузінскіх штрафаў прыпадаюць на 2024 год, таму гаворка можа ісці пра асобны ўсплёск парушэнняў. Выпадкі з Тунісам і Марока, наадварот, назапашваліся амаль кожны год.
На іншым полюсе знаходзяцца краіны, дыпламатычныя аўтамабілі якіх амаль заўсёды аплачваюць штрафы. Усе 24 выпадкі, звязаныя з Германіяй, 11 з Даніяй, 11 з Эстоніяй, 13 з Тайландам, 10 з Партугаліяй, восем з Бельгіяй і восем з Літвой былі аплачаныя.
У Вялікабрытаніі з 31 штрафу не аплацілі толькі два, у Японіі — адзін з 17. Для аўтамабіляў ЗША зафіксавалі 143 выпадкі, з якіх 87% скончыліся аплатай. У Саудаўскай Аравіі не аплачанымі засталіся 35% з 89 штрафаў.
Такім чынам, колькасць аўтамабіляў у дыпламатычным прадстаўніцтве сама па сабе не тлумачыць розніцу. У ЗША і Турцыі колькасць штрафаў амаль аднолькавая, але ўзровень іх аплаты істотна адрозніваецца.
Падобная сітуацыя назіраецца і з аўтамабілямі, якія маюць консульскія нумары C. У Кітая не аплачаныя 17 з 20 штрафаў, а ў ЗША — толькі пяць з 33.
Дыпламатычны імунітэт абмяжоўвае магчымасці прымусовага спагнання штрафаў. Таму на практыцы іх аплата залежыць ад таго, ці гатовае дыпламатычнае прадстаўніцтва выконваць правілы краіны знаходжання. Аўтары матэрыялу разглядаюць долю аплачаных штрафаў як прыблізны паказчык стаўлення прадстаўніцтваў да фінскіх законаў і правілаў.
Палітычны лад краіны не з'яўляецца адзіным тлумачэннем такой розніцы. Сярод дзяржаў з вялікай колькасцю нявыплачаных штрафаў ёсць аўтарытарныя Расія і Беларусь, але таксама і дэмакратычныя краіны. Напрыклад, Індыя не аплаціла 14 з 15 штрафаў, а Перу — 32 з 40.
Чытайце таксама:
Супрацоўнікі дыпмісій ЕС ушанавалі памяць расстраляных у Курапатах
Беларусь адкрыла пасольствы ў Паўночнай Карэі і М'янме
Вымалёўваецца новая карціна адносін Захаду з Лукашэнкам
У Мінску адкрылася пасольства М’янмы
Новы кіраўнік брытанскай дыпламатычнай місіі ўжо ведае два беларускія словы