Ціханоўская расказала пра адносіны з Польшчай, наступнае вызваленне палітвязняў і сям'ю. І звярнулася да сілавікоў і чыноўнікаў
Вялікае інтэрв’ю з лідаркай дэмакратычных сіл Святланай Ціханоўскай пра галоўныя вынікі года, праблемы беларусаў у Польшчы, Лукашэнку, наступнае вызваленне палітвязняў і асабістае — спорт, дзяцей і канфлікт з мужам.
Святлана Ціханоўская. Фота: «Наша Ніва»
«З украінскага боку ёсць палітычная воля і палітычнае жаданне дапамагчы беларусам»
«Наша Ніва»: Не за гарамі канец года, які для вас галоўны вынік 2026-га? Дасягненне, якое хацелася б адзначыць?
Святлана Ціханоўская: Самым вялікім дасягненнем, я лічу, канечне вызваленне палітвязняў. І калі я чую, што гэта робяць амерыканцы, то думаю, што мы не павінны абясцэньваць і ўнёсак, які зрабілі беларусы. І палітычныя структуры, і медыя, і праваабаронцы. Тое, што людзей вызваляюць — гэта супольныя дасягненні і еўрапейцаў, і амерыканцаў, і беларусаў. Хто мог яшчэ год-паўтара таму падумаць, што нашы палітычныя лідары будуць на волі?
Чытайце: На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак
Па-другое, адзначу пачатак расследавання ў Міжнародным крымінальным судзе. Таксама было вельмі невідавочна, што гэта адбудзецца, калі мы гэты працэс толькі запускалі разам з літоўцамі. Але ўжо сабраныя доказы злачынстваў. Мы не ведаем, колькі часу ўсё далей зойме ў перспектыве, але тыя людзі, якія катуюць беларусаў, якія праводзяць рэпрэсіі ў краіне, павінны разумець, што ўсе іх злачынствы рэгіструюцца і будуць расследавацца.
Канечне, не магу не адзначыць і паляпшэнне афіцыйных палітычных адносін з Украінай — у мяне яны добрыя і з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, і з міністрам замежных справаў Андрэем Сібігам. Мы адкрылі там Місію [беларускіх дэмакратычных сіл]. Вядома, там шмат складанасцяў і пытанняў, якія трэба вырашаць, але сам пачатак гэтай працы быў вельмі важны.
Сістэма дапамогі рэпрэсаваным, якая стварылася раней, але працягвае сваю працу і ў межах Міжнароднага гуманітарнага фонду, і ў межах нашых беларускіх ініцыятыў — я лічу, што гэта таксама беспрэцэдэнтны поспех беларускіх дэмакратычных сіл. Калі людзі выходзяць [з турмаў], маюць магчымасць атрымаць хоць нейкую дапамогу, бо яе ўвогуле магло не быць.
Таксама той факт, што мы разам з нашымі партнёрамі змаглі забяспечыць працяг выдачы віз беларусам (бо пасля 2022 года, як мы ўсе ведаем, была небяспека, што беларусаў з расіянамі цалкам зраўняюць). У некаторых краінах мы адбілі і ўнутраныя абмежаванні для беларусаў.
Пытанні легалізацыі былі вырашаныя ў шмат якіх краінах — Ірландыя, Іспанія, Швецыя і шэраг іншых краін цяпер асабліва ставяцца да беларусаў з улікам адсутнасці ў іх дакументаў. Не ўсё атрымліваецца, як хацелася б, але мы працуем над гэтым.
Да таго ж, мы змаглі захаваць дапамогу для медыя і грамадзянскай супольнасці. Мы ведаем, што скарачаецца такога роду дапамога дэмакратычным рухам ва ўсім свеце, і для беларусаў яна не павялічваецца, але хаця б застаецца на тым жа ўзроўні.
Важна і тое, што мы ўмацоўваем наша міжнароднае супрацоўніцтва з рознымі структурамі. Замацаванае міжнароднае прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі — дэлегацыя ў ПАРЕ, стварэнне міжпарламенцкай групы пры АБСЕ. То-бок мы ўкараняем беларускія дэмакратычныя структуры ў еўрапейскія інстытуцыі, і ў нас тут ужо будзе фундамент на будучыню.
«НН»: Ваш дарадца Дзяніс Кучынскі анансаваў, што ўжо рыхтуецца новы візіт у Кіеў, ці вядомыя даты?
СЦ: Думаю, візіт адбудзецца ўжо не ў гэтым годзе. Агулам з Украінай тут досыць складана, бо там заўжды адбываюцца падзеі, якія могуць пашкодзіць нашым дамоўленасцям — гэты і тыя ж дынамічныя працэсы наконт перамоваў, спынення агню. Вядома, Украіна цалкам паглыбленая ў спыненне вайны. Але ж мы камунікуем, ідуць перамовы наконт выбару даты і прасоўвання беларускіх інтарэсаў — нам вельмі важна, каб пра беларускія пытанні там не забываліся. Вельмі добра працуе для гэтага Вольга Зазулінская.
Мы ў кантакце з міграцыйнай службай, каб беларусы, якія знаходзяцца ва Украіне, маглі атрымліваць дакументы, нават калі ў іх няма беларускіх. І зараз чакаем ад міграцыйнай службы нейкіх крокаў насустрач.
Хачу адразу адзначыць, што вельмі ўдзячная беларускай дыяспары, якая ў Кіеве працуе. Я ўпэўненая, што пункт нязломнасці, які апошні год працаваў, будзе працаваць і ў гэтым, бо зіма абяцае быць цяжкай. Перамовы перамовамі, але ж мы бачым, што адбываецца — працягваюцца цяжкія бамбёжкі Украіны. Менавіта таму мы далучыліся да польскіх і ўкраінскіх партнёраў у межах кампаніі «Цяпло для Украіны», адкрыўшы збор на генератары.
Я хачу дадаткова заклікаць людзей паўдзельнічаць у зборы. Я ведаю, як шмат беларусы і так дапамагаюць і палітзняволеным, і ваярам, але ж і тут мы не дапамагчы не можам, прадэманстраваць сваю салідарнасць, бо ў украінцаў вельмі цяжкое становішча.
«НН»: Якія ўсё ж гарантыі, што і Місія беларускіх дэмакратычных сілаў, і вашы новыя візіты сапраўды нарэшце прынясуць плады ў спрашчэнні легалізацыі беларусаў ва Украіне і, прынамсі, пазбяганні сітуацый, калі ўдава беларускага ваяра не можа атрымаць выплаты, таму што яны — беларусы, афіцыйныя «суагрэсары»?
СЦ: Хачу адзначыць, што самі ваяры вельмі шмат працавалі над тым, каб да іх было асобнае стаўленне, і гэтага дамагліся. Аднак ва Украіне ўвогуле шэраг пытанняў. Не хачу хлусіць, цяжкае становішча. І, канечне, каб былі вынікі, вельмі-вельмі шмат працаваць трэба. Але хачу зноў жа падкрэсліць, што Украіна знаходзіцца ў стане вайны, і нашы пытанні ўспрымаюцца як другасныя. Аднак тое, што ў нас прызначаны спецпрадстаўнік і адчыненая Місія, вельмі дапамагае.
З украінскага боку ёсць палітычная воля і палітычнае жаданне нам дапамагчы. Абяцанні гучалі зрабіць для гэтага ўсё магчымае. А што ўкладваецца ў гэты сэнс, залежыць шмат у чым і ад нас — наколькі мы будзем настойлівыя, наколькі будзем ведаць мясцовае заканадаўства, дзе і як можна абысці нейкія абмежаванні. Бо законы пераглядаць — гэта доўга, калі краіна ў стане вайны.
Ні ў адной краіне, дзе мы дамагліся нейкіх перамог, шлях не быў лёгкім. Гэта заўжды шматлікія перамовы і сустрэчы на высокім узроўні, і праца дыяспары абавязкова. Гэта сукупнасць усіх намаганняў. Ну, гэта дэмакратыя са сваімі і законамі, і ўзгадняючымі працэсамі. Але мы не адступаліся і не адступімся.
«Няма намеру пагаршаць легальнае становішча беларусаў. Але ёсць пытанні бюракратычныя»
«НН»: У Польшчы няма вайны, гэта адна з самых лаяльных нам краін, і інтарэсы беларусаў тут даўно прасоўвае Павел Латушка. Цяпер сюды пераехаў і Офіс, але ўсё роўна на 2026 год мы маем праблемы з блакаваннем рахункаў у банках, з адмовамі ў міжнароднай абароне, з конскімі тэрмінамі чакання легалізацыі — чаму так?
СЦ: Пытанне, насамрэч, даволі вострае, разумеючы як шмат беларусаў жыве ў Польшчы. Але вы ўзгадалі, напрыклад, адмовы ў міжнароднай абароне — гэта не мае масавы характар, гэта асобныя кейсы. І калі прыходзяць па дапамогу, напрыклад, у нашу юрыдычную службу, ці па такіх момантах дапамагае Павел Латушка, ці той жа Цэнтр беларускай салідарнасці і юрысты, часам здараецца, што ў чалавека так усё дрэнна аформлена, што там няма ніякіх падстаў даваць абарону. Але ж людзі прыходзяць і скардзяцца на праблемы, і ім падказваюць, калі магчыма, што варта дадаць у кейс, каб ён быў мацнейшы.
Бо ёсць рэальныя кейсы, калі пішуць: «Мне нічога не пагражае, але я не бачу перспектываў у Беларусі, дайце мне абарону». Так не працуе.
Праблемы, канечне, сістэмныя ёсць. Я зараз сустракалася з маршалкай Сената Польшчы, і мы ўздымалі праблемы беларусаў. 16 снежня ў нас адбудзецца сустрэча з парламентарыямі тут, каб больш глыбока ўсё абмеркаваць (хаця яно і абмяркоўвалася ўжо шмат разоў, плюс у нас працуе міжведамасная група, якую ўзначальвае Павел Латушка — для таго, каб некалькі міністэрстваў бачылі праблему з розных бакоў).
Пры гэтым усім я ўсё роўна чую час ад часу аргументы, што ў вас ужо ўсё ў Беларусі палепшылася, нармалізавалася.
«НН»: Яшчэ і вызваленне Андрэя Пачобута з яго бесперашкодным візітам у Беларусь для пацвярджэння аргументаў прыводзіцца…
СЦ: Так. Таму праз медыя перш за ўсё і праз нашу парламенцкую групу «За дэмакратычную Беларусь» трэба тлумачыць-тлумачыць-тлумачыць, што ўсё гэта пыл у вочы, што сітуацыя не мяняецца, што палітычныя рэпрэсіі працягваюцца. Мы разумеем, што і лабісты тут працуюць лукашэнкаўскія, таму трэба далей трымаць нашу лінію.
Я пабачылася з прэм'ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам у Дубліне і таксама ўздымала гэтае пытанне. Няма намеру пагаршаць легальнае становішча беларусаў. Але ёсць пытанні бюракратычныя — калі людзі чакаюць да двух гадоў свае дазволы на жыхарства, так не павінна працаваць. Тым больш беларусы вельмі законапаслухмяныя.
«НН»: Ці заўважылі вы нейкае іншае стаўленне да сябе з боку польскага кіраўніцтва пасля сустрэчы Рыжанкова і Сікорскага ў Нью-Ёрку?
СЦ: Я не адчуваю нічога такога. Мы некалькі разоў пасля той сустрэчы сустракаліся і з міністрам Сікорскім, і з прэм'ерам Тускам бачыліся. Мы разумеем, што ў кожнай краіны ёсць свае нацыянальныя інтарэсы. Калі гэта інтарэсы бяспекі, то тут увогуле пытанні іншага кшталту.
І мы бачым, што Лукашэнка падлашчваецца да Польшчы — ужо няма мігрантаў на мяжы, даносяцца нейкія словы пра ўзнаўленне адносінаў, маўляў, давайце забудзем старыя крыўды. Але ў Польшчы кіраўніцтва разумее, пра што Лукашэнка, і я не бачу ніякага паніжэння палітычнай падтрымкі беларускім дэмакратычным сілам.
«Спадзяюся, што да канца года здарыцца як мінімум адно вызваленне [палітвязняў]»
«НН»: Ці можна тое ж сказаць у дачыненні да амерыканцаў? Чаму, на ваш погляд, запаволілася вызваленне палітвязняў па амерыканскім трэку?
СЦ: Я ведаю, што спецпасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл працягвае сваю працу. Ён не выходзіць і публічна пра гэта не расказвае, але, як мы ведаем, некаторыя працэсы патрабуюць цішыні. У амерыканцаў ёсць яшчэ інструменты, як вызваляць людзей. Яны гэтымі інструментамі карыстаюцца, і Джон Коўл — вельмі таленавіты перамоўшчык. Так што працэс не спыніўся. І ёсць палітычная воля яго працягваць.
Вы кажаце, што ён [працэс] запаволіўся, але не было такога, каб кожны месяц выпускалі людзей. Так, быў нейкі перыяд, калі перамовы праходзілі, і я, канечне, спадзяюся, што да канца года здарыцца як мінімум адно вызваленне. Я кажу, што «спадзяюся», бо мы разумеем, што такія перамовы, асабліва з дыктатарамі, з рэжымам, ідуць досыць цяжка.
Ёсць, вядома, засцярогі, што з пашырэннем мандату ў Джона Коўла на Беларусь не будзе так шмат часу. Але тут я зноў хачу звярнуцца да беларусаў: шмат у чым гэта і наша праца, каб мы нагадвалі пра сябе. Зараз у ЗША ёсць пэўныя змены пасля выбараў у парламент, і трэба працаваць з парламентам, каб тэма беларускіх палітвязняў была там на парадку дня. Мы павінны заўжды абнаўляць даныя пра рэпрэсіі, даносіць, што яны працягваюцца, казаць пра колькасць людзей у турмах.
«НН»: Ці гучала калі-небудзь з боку рэжыму, што «вызваленне вось гэтай групы палітвязняў мы прынцыпова не гатовыя абмяркоўваць»?
СЦ: Не. І мы бачылі, што вызваляюць людзей з розных спісаў. Пра некаторых мы зусім не меркавалі, што іх выпусцяць, але яны ўжо на волі. Там свой падыход і логіка.
«Мы таксама хочам, каб санкцый не было, таму павінны сесці за стол перамоў»
«НН»: Нядаўна Лукашэнка заявіў, што не збіраецца спыняць рэпрэсіі, хоць Коўл і просіць. Маўляў, пры патрэбе ў турмах апынецца і ў 5‑10 разоў больш людзей. Якое ваша пасланне беларускім чыноўнікам і сілавікам у такіх умовах?
СЦ: Я б проста хацела сказаць, што, думаю, ужо дастаткова паздзекаваліся з беларусаў, і надышоў час падумаць пра незалежнасць Беларусі. Вы разумееце, што беларусы свайго меркавання не зменяць. Нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, на ўвесь страх, які вы насадзілі.
Я б, канечне, заклікала перагледзець сваю ролю ў гэтай Беларусі. Калі ў кагосьці ёсць уплыў на лідараў рэжыму, скажам так, то скарыстайцеся ім, каб наставіць людзей. Мы павінны сесці за стол перамоваў і пагаварыць пра будучыню Беларусі. Бо ўсе абмежаванні, якія перажывае Беларусь, тыя ж санкцыі (хоць яны і законныя) — мы таксама хочам, каб гэтага ўсяго не было. Але каб гэтага не было, трэба знішчыць першапрычыну гэтых абмежаванняў.
І калі мы дбаем пра суверэнітэт Беларусі, пра нашу нацыю, пра нашу будучыню, то проста давайце сядзем і пагаворым, давайце пачнём з любога ўзроўню. Я разумею, што там ёсць сваё ўяўленне пра будучыню Беларусі. Але калі вы таксама не бачыце яе сатэлітам Расіі — давайце разам гэта зробім. Ёсць палітычны інтарэс беларускіх дэмакратычных сіл, беларусаў, ёсць гатоўнасць нашых партнёраў дапамагчы з гэтым працэсам. Патрабуецца толькі гатоўнасць рэжыму. І рэжым разумее больш за ўсіх, што трэба, каб санкцыі былі знятыя, калі гэта яму цікава.
«Тыя патэрны паводзін, якія ў Сяргея былі ў нашай сям'і да 2020 года, паўтараюцца. А з такім я ўжо мірыцца не магу»
«НН»: Не можам не запытаць пра вашага мужа. У апошнім стрыме на чатыры гадзіны Сяргей падымае ідэю стварэння Офіса аб'яднаных дэмакратычных сіл. Там шмат крыўды пра тое, што менавіта вы нібыта адмовіліся ў гэтым удзельнічаць першай, і таму ўсё пасыпалася. Ці праўда гэта?
СЦ: У нас цяпер пабудаваная такая архітэктура дэмакратычных сіл, што я ўпэўненая, што кожны, хто хоча рабіць унёсак у працу, у перамогу, можа знайсці сабе месца. Я разумею, што нашы структуры недасканалыя, шмат можна працаваць і над аб’яднаннем, і над празрыстасцю, і над нейкімі стратэгічнымі рашэннямі, але я лічу, што такое ўзаемадзеянне можа будавацца толькі на ўзаемнай павазе.
Ведаеце, аб’яднанне — гэта не пра тое, што ўсе людзі думаюць аднолькава. Гэта пра тое, што людзі з рознымі поглядамі могуць сесці і, гледзячы адзін аднаму ў вочы, дамовіцца пра супрацоўніцтва на супольную мэту пра Беларусь.
Так, Сяргей звярнуўся да мяне, я з ім размаўляла. Я не ведаю, чаму ён, напрыклад, не зачытаў майго адказу — я яму проста сказала, што калі ты бачыш і адчуваеш у сабе моц абмяркоўваць стратэгічныя кірункі, стратэгічныя рашэнні, то гэта магчыма, толькі калі ты перастанеш абражаць людзей навокал. Такі быў мой адказ. Гэта не тое што ўмова, але я б хацела, канечне, каб змяніўся тон гэтых прамоваў.
А агулам я не супраць і перамоваў, і супольных стратэгічных сесій. Але калі я разумею, што людзі туды прыйдуць і будуць чуць абразы, я так працаваць не змагу. Нават калі гэта мой муж.
«НН»: Выглядае, што з боку Сяргея ёсць нейкая крыўда. Што яе справакавала менавіта на ваш адрас? Які момант мог стаць пераломным, ёсць разуменне?
СЦ: Я не магу казаць за Сяргея, але першапачаткова ён мае такі асабісты характар.
Я вельмі-вельмі чакала яго з турмы, і калі ён выйшаў, я думала, што мы станем побач, мы разам будзем працаваць на супольныя мэты. Я разумею, што ён кажа, што яму ніхто нічога не прапаноўваў і гэтак далей. Я не буду ў гэтым капацца, бо заўжды ёсць у кожнага свая праўда.
Але ёсць па фактах, што ён пачаў аддаляцца. Ён не хацеў са мной інтэрв'ю даваць, тыпу «ну я асобны» — добра, ты асобны. Потым ён вырашыў паехаць у Амерыку для ўдасканальвання мовы, вучыцца — добра. Але ж, ведаеце, што я заўважыла? Што тыя патэрны паводзін, якія ў яго былі ў нашай сям'і да 2020 года, паўтараюцца. А з такім я ўжо мірыцца не магу.
«НН»: Ідзе гаворка пра пазіцыю сілы з яго боку?
СЦ: Без падрабязнасцяў, але стыль і камунікацыі, і паводзінаў…
Я чамусьці для сябе вырашыла, што гэта зменіцца. Яно не змянілася.
І я аднойчы з ім пагаварыла, што не бачу, што мы можам працягваць адносіны, калі ты сябе так паводзіш. Ён прапанаваў узяць перапынак, вызначыць перыяд у шэсць месяцаў, каб паглядзець, як мы зможам далей рухацца. Я маю на ўвазе ў рамках сям'і, у асабістых адносінах. А потым здарыўся жнівень, ці калі ён там пачаў тыя абразы ў мой бок… То-бок тут ужо зразумела, што гэтыя паводзіны не толькі не змяніліся, яны, можа, нават пагоршалі.
«НН»: Сяргей на сваім ютуб-канале паабяцаў, што прысвяціць цэлы асобны эфір вашым адносінам — ці вы ў курсе яго памкненняў? Ці вы камунікуеце як муж і жонка, каб, магчыма, паўплываць на яго? Ці ўвогуле з вашага боку ёсць жаданне прадпрымаць нешта для ратавання і нармалізацыі гэтых адносін?
СЦ: Я не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што я ад Сяргея пачула за яго стрымы, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных адносін. Я маю на ўвазе сямейных. Бо палітычна — калі ёсць агонь, калі ёсць пэўны паважлівы тон, то можна, канечне, працаваць. Сяргей мае талент даносіць пазіцыю, мае талент размаўляць з беларусамі. І калі б гэта было ў канструктыўным рэчышчы ў рамках агульнай стратэгіі, то гэта магчыма. А што тычыцца асабістага, то я не ўпэўненая.
«Я лічу сябе моцным, трывалым чалавекам»
«НН»: У ранейшых інтэрв’ю вы расказвалі, што трымаецеся без антыдэпрэсантаў і без псіхолагаў, пры тым, што часам адчуваеце і самотнасць, і спустошанасць праз спецыфіку працы. Тут без перамен? Што тады вас напаўняе і перазагружае — спорт ці, мабыць, канкрэтная музыка, фільмы?
СЦ: Можа, мне так здаецца, але я лічу сябе моцным, трывалым чалавекам. Канечне, бывае цяжка. Але ёсць вакол людзі, якія падтрымліваюць. Ёсць дзеці, у якіх я знаходжу сваё асабістае шчасце. Ёсць добрыя фільмы, навінкі. Ну, і спорт — канечне, спорт дапамагае.
Тут нічога надзвычайнага — звычайнае жыццё: калісьці паваляцца, калісьці прайсціся кудысьці. Што мне падабаецца ў Варшаве — тут вельмі шмат розных імпрэзаў і можна заўсёды схадзіць на нейкі канцэрт. Я сабе шмат гадоў у гэтым адмаўляла, думала, што не маю права нават на канцэрт схадзіць. А калі пачалі вызваляць першых людзей, я крыху дыхаць пачала. Марго Ляўчук у Варшаву з канцэртам прыедзе — схаджу, канечне. Хочацца людзей пабачыць, бо часцей я вяду затворніцкі лад жыцця.
«НН»: Колькі кілаграмаў ужо ціснеце ад грудзі?
СЦ: Ведаеце, самая вялікая праблема, што ў мяне нават са спортам не атрымліваецца сістэмна, бо мяне на месцы часам тыдзень-два няма, а потым, калі дома, то ты выматаная і хочацца проста легчы, каб ніхто цябе не чапаў. І калі ёсць такія перапынкі, то потым нібыта наноў пачынаеш трэніць. Але для падтрымкі агульнага фізічнага стану гэтага хапае.
Чытайце: Ціханоўская паказала, як трэніруецца ў трэнажорцы ВІДЭА
«НН»: Не за гарамі Каляды, Раство, ці будзе ў вас час на зімовы адпачынак і нейкія святочныя традыцыі разам з дзецьмі? Ёсць ужо тут планы і жаданні?
СЦ: Насамрэч, няма ў нас даўно ўжо такой зімовай казкі ў сям'і, бо былі не тыя абставіны. І зараз не зусім тыя. Для сябе асабіста я нічога не жадаю, але мая задача — каб дзеці гэтую казку хоць крышачку адчулі. Для іх гэта новы горад, новая краіна. Мы, канечне, паглядзім, што ёсць у Варшаве ў гэтыя дні, куды можна схадзіць, што можна наведаць. Мы вельмі-вельмі рэдка кудысьці выбіраемся разам. Але ж калі будзе тут зацішша, ніхто не будзе працаваць, то можна будзе хоць паглядзець горад і ўсю прыгажосць.