Культура1313

«Рускай мовы мой сын не чуе». Маргарыта Ляўчук — пра выклікі мацярынства, вяртанне на вялікую сцэну, абражанага Лукашэнку і каханне

Пасля больш чым двухгадовай адсутнасці на вялікай сцэне спявачка Маргарыта Ляўчук едзе ў еўрапейскі тур адразу ў некалькіх сваіх амплуа — і опернай дзівы, і джазавай выканаўцы, і вострага на язык сатырыка ў дуэце з Андрэем Павуком. Разам з матуляй у першыя для яго гастролі адправіцца і двухгадовы сын Максім.

Фота тут і далей: асабісты архіў гераіні.

Пра выклікі мацярынства, прыгоды з беларускім пашпартам ва Украіне, самую пякельную перажытую атаку расіян, каханне і творчыя планы — у гутарцы з «Нашай Нівай».

Маргарыта Ляўчук — адна з самых вядомых беларускіх оперных спявачак. Была салісткай Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета. У 2020 годзе падтрымала пратэстоўцаў, эмігравала. На Маргарыту заведзены цэлы шэраг крымінальных спраў — паводле артыкула аб «здзеку з дзяржаўнага сцяга Беларусі» (пасля яе сатырычных відэа), за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні «Рудабельская паказуха», а таксама за абразу Лукашэнкі. Сёння артыстка жыве ва Украіне, дзе выйшла замуж за вайскоўца-харкаўчаніна Руслана Карнійку. У 2024 годзе ў пары нарадзіўся сын Максім.

«Наша Ніва»: Два гады дэкрэтнага — наколькі гэта змяніла жыццё?

Маргарыта Ляўчук: Малы ўжо ходзіць штодзень у садок, да вечара там. Мы аддалі яго ў год і восем месяцаў. У прыватную ўстанову, бо ў дзяржаўны такога маленечкага б не ўзялі. Мамцы ўжо трэба было адпачыць, бо я ж адна з ім. Каб кукуха не ехала, мне ўжо патрэбная была асабістая прастора.

Сын у нас вельмі дарослы, дарэчы. Ён апярэджвае свае развіццё як фізічна, так і па мазгах. Ужо вершыкі чытае ў садочку. Казкі, што я яму чытаю, ведае на памяць. Ды і ў садку яму вельмі падабаецца — там з ім займаюцца па поўнай праграме. Ён там адпачывае, і я магу займацца сваімі справамі і вяртацца ў форму.

Хто нараджаў, той ведае, што тваё цела пасля — не тваё цела. І патрэбны час, каб аднавіцца. У мяне была лішняя вага, і я хадзіла ў залу. Калі мы ў Кіеў пераехалі, працягнула трэніроўкі і прыйшла ў форму паціху. Праз два гады я ў класнай форме — я займалася сабой, я малайчынка. Бо можна было забіць, але я ўзяла сябе ў рукі.

Вядома, пасля цяжарнасці ў мяне пачалі выпадаць валасы, як у многіх мамачак. Ну, і ты займаешся сваім здароўем — вітамінкі прымаеш, ходзіш па лекарах… Гэта ўсё няпроста.

Што тычыцца вяртання ў форму з голасам — як толькі я нарадзіла, мне прапанавалі стаць салісткай Харкаўскага опернага тэатра.

На той момант гэта было немагчыма, бо я адна з дзіцём, няня ў нас была толькі час ад часу — не было такога, што можна было на кагосьці пакінуць Макса цалкам і пайсці працаваць нават на палову стаўкі. Тады яны прапанавалі мне ўдзел у некаторых канцэртах, я паспрабавала. Мне зрабілі бэйджык, я хадзіла ў тэатр на заняткі раз на тыдзень. Спачатку было цяжка, бо я год паўнавартасна не спявала. А потым, гляджу, усё нармальна гучыць, усё добра.

І на мінулую восень мы ўжо планавалі канцэрты, але напярэдадні, летам, мой муж атрымаў цяжкае раненне на фронце. І атрымалася, што яшчэ адно дзіцё, хай і дарослае, было на мне. Таму я сказала, што не магу ісці зараз спяваць. Ісці і спяваць у тэатр яшчэ ў тых умовах — быў бы большы стрэс.

Маргарыта з мужам і сынам.

У Кіеве мяне ў тэатры таксама ўсё чакалі на праслухоўванне, але тут свае праблемы: паспрабуй пераедзь з левага берага на правы, з правага на левы. Па мастах бамбяць, пастаянныя трывогі, метро не працуе, а сваёй машыны ў мяне няма. Дый сын пакуль у садку толькі да 17‑й гадзіны, а спяваць трэба і па вечарах. Не магу я ўсё кінуць і штовечар гнаць на рэпетыцыі. Тым больш, калі ты салістка опернага, то ты і зранку, і ў абед калі патрэбная — мусіш адразу быць у тэатры, а сваё асабістае жыццё пакінь. 

Можа, калі сыну будзе тры гады, ён крыху падрасце, тады яго і ў тэатр можна будзе з сабой браць. Пакуль я яшчэ не ведаю, які чэлендж нас чакае ў туры — як я буду сама з ім па ўсіх краінах, па цягніках, самалётах. Тую ж мяжу трэба будзе неяк перайсці… 

«НН»: У адным з інтэрв’ю вы згадвалі, што звярталіся да псіхолага — гэта было звязана з пасляродавай дэпрэсіяй?

МЛ: Калі ты сам-насам з дзіцём, у цябе рэальна едзе кукуха. Калі ты не можаш нават яго нікому перадаць, каб у туалет, прабачце, схадзіць, таму што ён плача бясконца. Я проста ўжо не вытрымлівала першыя дні. Разумела, што гэта нейкі жах і мне патрэбны псіхолаг, каб я спакайней да гэтага ўсяго ставілася. Таму я пачала раз на тыдзень браць няню, каб ездзіць займацца з тэрапеўтам. І мне рэальна стала лягчэй. Потым я ўжо ўехала ў гэтае мацярынства, і ўсё добра стала.

Таму, дзяўчынкі, якія нараджаюць, не сумнявайцеся, калі адчуваеце нешта не тое — адразу ідзіце да псіхолага, да каго заўгодна, асабліва калі вы адна.

«НН»: За час жыцця ва Украіне, які дзень/момант быў самым складаным?

МЛ: Кожны дзень і кожная ноч па-свойму цяжкія, асабліва калі ідуць абстрэлы. Але, відаць, самы цяжкі перыяд быў у Харкаве, калі майму малючку было шэсць месяцаў і адной ноччу нас бамбілі тры гадзіны запар. Камбінаваная атака была. І гэта былі дроны. 56 дронаў і яшчэ ракеты. І мы сядзелі з малым у ваннай. Гэта было проста дзіка, таму што ўсе дроны чамусьці ляцелі праз наш раён, і недалёка ад нашага дома прыляцела.

А калі дрон ляціць, ты ж не ведаеш куды, ты яго чуеш проста. Тады было цёпла, і я адкрыла ўсе вокны, каб іх чуць. Гэта быў такі стрэс для арганізма, мяне ўсю калаціла, я піла валяр’янку… І потым у мяне знікла малако. Зусім. Проста яго не было. І я тут жа паехала да свайго мамолага, і ён сказаў, што нельга стрэсаваць. Але як тут не будзеш, калі мы перажылі трохгадзіннае пекла? Сына прыйшлося пераводзіць на сумесі, але добра, што мы ўжо да гэтага яго падкормлівалі, лягчэй было.

Таму можаце сабе ўявіць, наколькі ўсе ўкраінцы ў стрэсе, асабліва мамачкі. Я на сабе гэта адчула. Але ты проста пагаджаешся на ўсе гэтыя ўмовы жыцця ва Украіне і жывеш.

«НН»: Не было ні разу думкі ўсё ж пераехаць у іншую краіну, асабліва калі сын нарадзіўся? Каб яму і вам было спакайней.

МЛ: Не, не было. Я вельмі хацела бачыць свайго каханага, бо навошта інакш выходзіць замуж і заводзіць сям'ю. І хачу, каб і мой сын бачыў тату, хай і зрэдку, хоць раз на тыдзень. Анлайн — гэта нейкая фігня, я так не хачу. 

Так, мы зараз жывём у такіх умовах, але ж мы бываем разам. І ўсе шчаслівыя, калі мы разам.

«НН»: Пераезд з Харкава ў Кіеў быў вымушаны?

МЛ: Мужа перавялі ў Кіеў на працу.

Калі мы пераязджалі ў Кіеў, то ў сталіцы і бяспечней было. Але пасля пачалася новая тактыка нашых расійскіх суседзяў-ворагаў, і цяпер у Харкаве цішэй наадварот. Мне нават сяброўка піша адтуль: «Можа, вяртайцеся?» Бо там штосьці прылятае, але як заўжды, і ўсе неяк да гэтага прызвычаіліся.

Кіеўцы, дарэчы, масава пераязджаюць у Харкаў, бо ён лепш падрыхтаваны да зімы. Нягледзячы на тое, што гэта прыфрантавая зона. У Кіеве ж зараз проста немагчыма ні працаваць, ні рабіць нешта — пастаянныя трывогі і ўсё зачынена.

Здавалася, што ўжо даўно было намацанае дно, але цяпер такая дзічына чыніцца… Можа, гэта ўжо нарэшце пік вайны? Але ніхто ў гэтым не ўпэўнены, канечне.

Маргарыта Ляўчук разам з Алесем Бяляцкім пасля яго вызвалення

«НН»: Чаму ў два гады прыйшлося навучыцца вашаму сыну праз тое, што ён нарадзіўся і гадуецца ў краіне, дзе ідзе вайна?

МЛ: Я сама, напрыклад, яму не казала ніколі: шахеды, дроны, трывога. Калі ён пайшоў у садочак, то там ужо іншыя дзеці навучылі, бо ў іх змяшаная група: ёсць і чатырохгодкі, і пяцігодкі.

Аднойчы сын вяртаецца дахаты і кажа: «Трывога, дроны!» А потым неяк: «Прывіт, дрон!», «Чекати на дрон!» А я яму кажу: «Не, чекати на дрон мы не будзем». Ён, канечне, нічога яшчэ не разумее. Для яго дрон — гэта нешта «ваў». І мы самі для яго робім усё так, нібыта гэта гульня.

Калі ён чуе трывогу, то іх у садку ўжо навучылі таксама — ён бяжыць абувацца і крычыць, што трэба ва ўкрыцце. І там гэта ўсё таксама ў фармаце гульні — настолькі, што сыну больш падабаецца знаходзіцца ва ўкрыцці, чым у самім садочку.

Яшчэ ён неяк выпаліў: «Трывога зламалася, трэба паладзіць!» Бо калі чырвоны ўзровень трывогі, там гук адзін працяглы, і вось ён яго ўпершыню пачуў і падумаў, што трывога зламалася.

«НН»: Вам толькі нядаўна дазволілі адкрыць рахунак у банку, вашай сям’і адмовілі ў іпатэцы, нават у сына былі бюракратычныя праблемы праз тое, што ў вас беларускі пашпарт, хаця ваш муж — украінец і вайсковец. Праз што яшчэ вам засталося прарвацца, каб «чалавекам звацца»?

МЛ: Бракуе яшчэ ўкраінскага пашпарта (пасміхаецца). Мне ўжо можна ісці на яго падавацца, але трэба здаць мову, тэсты, Канстытуцыю… Я ўжо кніжку купіла, вучу, гляджу фільмы на ўкраінскай мове, добра чытаю па-ўкраінску.

Не ўсім беларусам зараз можна падавацца на грамадзянства, але я як жонка ўкраінскага вайскоўца маю на гэта права. І тое гэты ўказ быў падпісаны Зяленскім толькі ў 2025 годзе. І я не ведаю нават, ці нейкая беларуска ўжо атрымала такім чынам пашпарт. Такое адчуванне, што, як заўжды, з беларусамі і тут будзе нейкі нюанс.

Я магу зразумець украінцаў, мы — з краіны-суагрэсаркі. З нашай краіны на іх напалі. Але на пяты год вайны яны нешта не ўсвядомілі, што беларусы, якія пражываюць ва Украіне і маюць ПМЖ ужо (то бок, іх СБУ праверыла і дапытала 150 мільёнаў разоў, і паліграф яны прайшлі), яны з вамі побач, пад аднымі бомбамі. 

«НН»: Неяк вы параўноўвалі, што адчуваеце сябе ва Украіне сёння як габрэі падчас Другой сусветнай…

МЛ: Вядома, мы жывыя людзі і нам непрыемна — беларус хоча чалавекам звацца. Мець банальныя, базавыя рэчы. Але не, калі ты беларус ці беларуска, на табе кляймо. Ну і ты проста кожны раз такі: «Окей, будзем рабіць нешта нейкімі шляхамі, гэта ўсё абыходзіць, гаварыць пра гэта, не маўчаць».

Я, дарэчы, неяк прыколвалася з мужам, калі ён быў на фронце: «Даражэнькі, ты там беражы сябе. У нашых з сынам інтарэсах, каб ты быў жывы, таму што, не дай божа, ты загінеш, то мы без нічога застанёмся тут». Бо калі б трагедыя здарылася, мне як беларусцы нават і выплат ніякіх бы не дасталася. Такой жа справядлівасці шукаюць зараз жонкі беларускіх добраахвотнікаў.

Гэтыя жарты пра грошы мужу імгненна падымалі настрой, і ён абяцаў: «Я буду жывы». Здавалася б, на полі бою ўсе аднолькавыя, але не. Беларусам нясоладка тут. А рускім ва Украіне яшчэ горш.

«НН»: Ужо ў лістападзе пачынаецца ваш еўрапейскі тур, падчас якога вы будзеце паўставаць на сцэне ў розных амплуа. У тым ліку — у сатырычным дуэце «Чырвоная зелень» з Андрэем Павуком. А ў вас там у рэпертуары і пра Лукашэнку песні, і пра сілавікоў, і пра Азаронка. Вы Грышам і свой пыласос назвалі. Не зашмат ім усім увагі ў суме?

МЛ: Я думаю, што мы як летапісцы пішам гісторыю Беларусі. Гэта ўсё захаваецца ў нашых песнях. Можа, пра нейкія б гісторыі ўжо людзі і забылі б — пра Чамаданіху б, напрыклад. Дый таго ж Азаронка. Але гэта нашая гісторыя ў палітычнай сатыры, нельга яе забываць.

Паспяваем і ўсе разам паржэм з гэтага абсурду.

Маргарыта з Андрэем Павуком, з якім яны разам робяць сатырычны праект «Чырвоная зелень»

«НН»: Пры гэтым за гумар вам прыляцела ў плечы чарговая крымінальная справа. Гэта закранула вашых бацькоў?

МЛ: У мяне зноў быў ператрус дома.

І пасля гэтага бацька паехаў у лякарню з ціскам. Яго паклалі. І маці таксама паклалі, яны разам ляжалі.

Я не ведаю, што там сілавікі кажуць, але сам іх візіт, канечне, стрэс для простых людзей кожны раз. Тым больш калі людзі ў гадах. І колькі ты ні рыхтуйся, усё роўна стрэс. Што яны там шукалі зноў, мне няясна.

Новую крымінальную справу завялі за абразу Лукашэнкі. З таго, што я ведаю, гэта ў тыктоку я абразіла яго. Я спецыяльна пераглянула пасля відэа і, відаць, гаворка ідзе пра ролік, дзе я сказала, што «Лукашэнка — пі***ас». Але я гэта кажу заўсёды, гэта мая старая фразачка.

Я, канечне, думала, што калі адзін раз яго абразіш, то пасля можна безлімітна. Але не — відаць, запішаш яшчэ тры новыя рылсы, дзе «Лукашэнка — пі***ас», і будзе яшчэ тры крымінальныя справы. Людзі працуюць, глядзяць тыкток — малайцы!

«НН»: Пакуль спявачка Насця Каменскіх кажа, што ў яе праз пераход на ўкраінскую мову вылезла кіста, вы размаўляеце ў сям’і якраз на ўкраінскай?

МЛ: Так, толькі ўкраінская мова і беларуская. Рускай мой сын не чуе. У нас усе сябры ва Украіне — украінамоўныя. А тыя, з кім я размаўляю па тэлефоне, нават калі яны не ідэальна валодаюць беларускай, усё роўна размаўляюць са мной і Максімкам па-беларуску. Бацькі размаўляюць на палескай мове, а па-руску, атрымліваецца, ніхто.

Канечне, можа, і трэба ведаць мову ворага, але я думаю, што калі гэта ўсё скончыцца і сын калі-небудзь сустрэнецца з рускамоўным чалавекам, яны будуць размаўляць па-англійску. Для аднаго будзе руская замежнай мовай, а для другога — украінская.

Пабачыць Маргарыту Ляўчук на сцэне можна будзе зусім хутка, не прапусціце падзею ў сваім горадзе:

13 і 14 лістапада ў кіпрскім Лімасоле — класіка Новага Свету «New World Classics» сумесна з піяністам Кірылам Кедуком. Камерная праграма для 70 слухачоў, прысвечаная музыцы XX стагоддзя з Паўночнай і Лацінскай Амерыкі. У рэпертуары — творы Джорджа Гершвіна, Леанарда Бернстайна, Астара П’яцолы, Эйтора Віла-Лобаса і Альберта Хінастэры.

20 лістапада ў Вільні — джазавыя прачытанні класікі «Jazzing the Classics» сумесна з Паўлам Аракелянам і гуртом Outsiders у Вільні. Акадэмічныя арыі і вядомыя мелодыі Грыга, Шуберта, Сен-Санса і Гершвіна ў арыгінальных джазавых аранжыроўках.

27 лістапада ў Вільні, 29 лістапада ў Беластоку, 4 снежня ў Варшаве, 5 снежня ў Кракаве і 6 снежня ва Уроцлаве — сатырычнае шоу «Красная Зелень» сумесна з Андрэем Павуком. Гумарыстычна-сатырычны праект з песнямі пра актуальныя рэаліі, чыноўнікаў і жывым інтэрактывам з залай.

25 снежня ў Коўне і Вільні, 26 снежня ў Варшаве і 27 снежня ў Рызе — каляднае турнэ «HOLY NIGHT» сумесна з мужчынскім хорам Unia. Супольная праграма ў храмах Еўропы, дзе спалучаюцца магутнасць мужчынскага хору і сапрана. У праграме — раннехрысціянскія калядныя творы, спевы рэнесансу і барока, беларускія, украінскія, польскія, літоўскія і ірландскія калядкі, а таксама сучасныя вядомыя і любімыя калядныя песні.

Каментары13

  • Берасьце Літоу́скае
    31.10.2026
    Брава , Зямлячка , Брава , рада́чка !
    Жыве Вечна Вольная Незалежная Вялікая Літва ! ♥️
  • Крута
    31.10.2026
    Без расейшчыны дзіця мае шанец вырасці нармальным чалавекам. Шкада, што не ў Беларусі.
  • замежные Беларусы будуць кіраваць РБ
    31.10.2026
    Крута, замежные Беларусы будуць кіраваць РБ (VKL), так па усёй эўропе было ў 80-90е. І ў нас будзе

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна40

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

Арт-менеджару Алегу Ларычаву выклікалі хуткую на суд4

У ЗША ўпершыню абралі мусульманіна ў Сенат. Раней Трамп называў гэтага кандыдата «джыхадыстам»11

Беларускую дэлегацыю абакралі на юнацкай Алімпіядзе, што ўпершыню праходзіць у Афрыцы6

Ціханоўская: Беларусь — гэта не Расія. І беларусы — гэта не Лукашэнка8

Пяць чалавек затрымалі за каментары пра чыноўнікаў і міліцыянераў10

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага61

Яна Пінчук расказала, як яе пяць гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу арыштавалі па запыце Беларусі1

У ЗША ўпершыню абралі цемнаскурую жанчыну губернатарам штата3

У Віцебскай вобласці паставілі скрыні для лістоў толькі аднаму адрасату

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна40

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць