Грамадства1515

«Пытанне справядлівасці». Удава беларускага ваяра змагаецца ва Украіне за выплаты і годнае стаўленне

Былой ваярцы Палка Каліноўскага Вераніцы Яновіч адмовілі ў выплаце апошняга заробку мужа — беларускага добраахвотніка Аляксея Лазарава, які загінуў у студзені 2026 года. Падставай для негатыўнага рашэння стала беларускае грамадзянства дзяўчыны. Пра гэта яна эмацыйна расказала ў сацсетках. Журналіст «Еўрарадыё» паразмаўляў з Веранікай пра бюракратычную пастку для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і пра тое, чаму сітуацыя ніяк не вырашыцца вось ужо чатыры гады з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны.

Вераніка Яновіч і Аляксей Лазараў падчас вайсковай службы. Фота: прыватны архіў Веранікі Яновіч

— Зыходзячы з вашага паста, камандзір Лазарава вам фактычна адмовіў у выплатах таму, што ў вас беларускае грамадзянства. Усё правільна?

— Насамрэч, не зусім правільна казаць, што гэта сам камандзір адмовіў. Я не вельмі хачу нешта казаць пра вайсковую часць, асабліва яе камандзіра. Я маю на ўвазе не таго, хто галоўны ў 225‑м асобным штурмавым палку, а менавіта таго, каму Лёша падпарадкоўваўся. Гэта вельмі добры чалавек. Ён дапамагаў мне з петыцыяй [па ўзнагароджанні Героем Украіны ваяроў-замежнікаў] і таксама хоча справядлівасці — і для мяне, і для маёй сям'і.

Праблема — ва ўкраінскім заканадаўстве, у новых пастановах, прынятых у 2024 годзе.

Калі мы падавалі заявы і чакалі адказаў, то проста не знаходзілі гэтых новых пастаноў. А калі я атрымала адказ ад вайсковай часці, там былі канкрэтна пазначаныя прычыны маёй адмовы. Я прыклала іх да свайго паста.

Ведаючы ўвесь мой бэкграўнд, бэкграўнд Лёшы, усё, што нам давялося перажыць, гэта вельмі непрыемна. Для нас пытанне грошай ніколі не было галоўным. Чаму мы пайшлі ў войска? Наша сям'я, наадварот, ахвяравала фінансавай стабільнасцю ўвесь час вайны.

Лёша добра зарабляў. Да моманту, калі я далучылася, я таксама даволі паспяхова працавала, збіралася пераходзіць на іншую працу, у мяне былі свае кар'ерныя планы. Але мы ўсім гэтым ахвяравалі, таму што для нас гэта было пытанне справядлівасці і нашых каштоўнасцяў.

І я скажу так — сама адмова даволі класічная. Проста мы не былі вельмі дасведчанымі ў гэтым пытанні, таму што сем'і з падобнымі праблемамі пра такое не гавораць публічна. 

Гэта вельмі балючая тэма. Калі столькі сіл пакладзена дзеля правільнай справы, справядлівасці, каштоўнасцяў, а ўсё зводзіцца да пытання грошай, гэта вельмі цяжка.

Восем месяцаў [пасля гібелі Аляксея] я чакала нармальнага, зразумелага адказу, чаму мне адмаўляюць. Мне адмаўляюць у тым, каб вярнуць грошы, якія належалі майму мужу.

<…> Я яшчэ не атрымала адказу ад Міністэрства абароны Украіны наконт выплат [па факце смерці]. А тут гаворка ідзе пра грошы [апошні заробак] майго мужа. Якое права ўкраінская дзяржава мае вырашаць, што будзе з грашыма майго мужа? Яна яму не маці і не жонка. Я яго жонка.

У першым скрыне, які я прыклала да паста, ёсць параграф закона, на які яны спасылаюцца ў адмове. І калі я са сваёй гісторыяй, з тым, колькі ўсяго нам прыйшлося перажыць і колькі я перажываю зараз, чытаю сказ, у якім праз коску іду з калабарантамі і здраднікамі, — прабачце, але гэта ўжо пераходзіць усялякую мяжу.

— Вы кажаце, што чакалі рашэнне восем месяцаў. Чаму справа так доўга разглядалася?

— Тут сама працэдура такая — пакуль твая чарга дойдзе да разгляду на камісіі, усё гэта займае час. Калі яны сутыкнуліся з маім кейсам, я разумею, што, хутчэй за ўсё, гэта быў першы падобны выпадак.

Я ўпэўненая, што яны доўга не ведалі, што мне адказваць і што рабіць. Гэтая цішыня мне вельмі не падабалася. Яна мяне напружвала.

Мы разам з юрыстам падавалі адвакацкія запыты, а нам адказвалі: «Разглядае камісія, разглядае камісія».

Насамрэч пра адмову я ведала ўжо некалькі месяцаў, але не ведала, на што яны спасылаюцца. Ніхто не мог нармальна і зразумела сказаць: вось такі закон, такая пастанова, таму мы вам адмаўляем.

Мы самі глядзелі, шукалі, але гэтых дакументаў не знаходзілі.

Мне асабліва не хацелася, каб гэтая тэма стала публічнай. Таму што мне нават зараз пачынаюць пісаць: «Навошта ён пайшоў паміраць?», «Задарма палёг» і гэтак далей.

І мне хочацца сказаць гэтым людзям: вы, калі такое пішаце, разумееце, што гэта зусім розныя рэчы? Чаму ён там быў — і што адбываецца зараз.

<…> Як можна ўвогуле браць і параўноўваць подзвіг чалавека з яго грамадзянствам? І ад гэтага ж тыя, хто напаў на Украіну, не сталі добрымі. Яны напалі, яны забіваюць мірных людзей, цывільнае насельніцтва.

Таму я і вырашыла пра гэта казаць публічна. Я разумею, што ёсць сем'і, якія баяцца пераследу. Яны жывуць у Польшчы, у іх засталіся родныя ў Беларусі, і яны не могуць публічна выступаць.

Ёсць людзі, якія наогул не былі публічнымі ў войску. І іх блізкія таксама баяцца палітычнага пераследу.

Атрымліваецца, што няма ніякай адэкватна праведзенай мяжы: хто вораг, хто калабарант, хто здраднік, а хто чалавек, які ахвяраваў сваім жыццём, здароўем і часам, прыйшоў сюды дапамагаць і ваяваць.

Няма гэтага разумення з боку ўкраінскай дзяржавы. Яна ўвогуле раздзяляе гэтых людзей? Ці для яе мы ўсе аднолькавыя?

— Улічваючы, што ва Украіне загінула ўжо некалькі соцень, а можа, і больш замежных добраахвотнікаў, я так разумею, што праблема тычыцца ў першую чаргу грамадзян Беларусі і Расіі?

— Так.

— Калі вы самі былі ў войску, вам стабільна плацілі заробак. Калі вы служылі, усё было нармальна. І зараз, калі звольніліся, а муж таксама быў звязаны з Узброенымі сіламі Украіны, узнікла гэтая праблема з выплатамі. Як юрысты тлумачаць, чаму ўзнікла такая прававая калізія?

— Я думаю, такая сітуацыя адбылася таму, што да закона, які яны сфармулявалі, паставіліся безадказна. Не прадумалі ўсе моманты, усе нюансы — або не захацелі іх пралічыць і ўлічыць.

На жаль, акрамя публічнага выказвання і спроб неяк паўплываць на гэта, я іншага шляху не бачу.

Юрыдычна, па факце, гэты закон ёсць. Першы суд я, хутчэй за ўсё, прайграю. Мне так казалі людзі, якія таксама займаюцца падобнымі пытаннямі. Яны кажуць, што дапамагчы тут можа Канстытуцыйны суд Украіны, але гэта ўжо больш высокі ўзровень.

І зноў жа, для гэтага патрэбны час, высілкі, грошы.

Я чалавек, які перажывае страту. Як выглядае маё жыццё зараз, ніхто не ведае. Ніхто не ведае, што перажываюць мае блізкія.

І зараз замест таго, каб спрабаваць неяк жыць далей, зачапіцца за гэтае жыццё, знайсці нейкі сэнс, я вымушаная займацца такімі рэчамі.

— Ці ведаеце вы яшчэ гісторыі людзей, якія трапілі ў такую ж сітуацыю? 

— Мая гісторыя ўнікальная толькі тым, што я маю тут поўную легалізацыю, знаходжуся пад дадатковай абаронай, мы з Лёшам ажаніліся ва Украіне. То-бок у мяне ёсць поўны пакет дакументаў. Здаецца, што ты знаходзішся пад абаронай украінскай дзяржавы, але яна цябе ніяк не абараняе.

Я ведаю і пра іншыя выпадкі. Там іншая сітуацыя з дакументамі.

Пасля ўчарашняга паста мне напісала шмат людзей. Яны распавядалі свае гісторыі. І гэта не адзінкавы выпадак.

Гэта не гісторыя пра тое, што вайсковая часць сама вырашыла так зрабіць і адмовіла. Гэта заканадаўчая гісторыя. Хтосьці прыняў такое рашэнне і вырашыў, што мы ўсе на адзін капыл, што паміж намі няма ніякай розніцы.

Насамрэч вельмі шмат кажуць пра праблемы беларусаў ва Украіне. Ёсць праблемы, якія вырашаюцца, і ў большасці выпадкаў мы вырашаем іх уласнымі намаганнямі.

Гэта яшчэ адна праблема, якую можна вырашыць. Але гэта зноў час, рэсурсы, вялікая праца, грошы.

Вераніка Яновіч і Аляксей Лазараў падчас вянчання, сакавік 2022 года. Фота Палка Кастуся Каліноўскага

Мне ўжо не страшна. Я шмат чаго страціла, і мне не страшна казаць пра такія рэчы.

У мяне нават былі думкі проста перастаць гэтым займацца. Але я разумею, што была ў гэтай гісторыі з самага пачатку публічна і магу паспрабаваць дабіцца справядлівасці.

І яна патрэбна не мне. Яна патрэбна іншым сем'ям, іншым добраахвотнікам.

Павінна быць справядлівасць. Павінна быць павага да вайскоўцаў і іх сем'яў незалежна ад таго, грамадзяне яны Беларусі ці грамадзяне Расіі.

Зразумела, што тут павінны быць пэўныя абмежаванні, звязаныя з пытаннямі бяспекі. Але павінна быць і справядлівасць.

Павінны разбірацца ў кожным канкрэтным выпадку. Чалавек, які сядзіць у бюракратычным кабінеце, атрымлівае заробак і займаецца бюракратыяй, павінен таксама ўлічваць, што ёсць такія людзі, як мы, і думаць, што з намі рабіць.

— А што вам кажуць знаёмыя? Як яны рэагуюць на вашу сітуацыю — і ўкраінцы, і беларусы? Ці захоўваецца ў іх жаданне заставацца ва Украіне, улічваючы такое стаўленне дзяржавы?

— Я заўсёды аддзяляю бюракратычную сістэму ад грамадства. Для мяне гэта розныя рэчы.

Усе мае [знаёмыя] украінцы і ўкраінкі — грамадскія дзеячы, журналісты і проста звычайныя людзі — усе ў шоку. Ім сорамна.

Яны кажуць: «Выбачай за нашу дзяржаву».

Большасць людзей, з якімі я размаўляю, — звычайныя людзі. І для іх усё зразумела. Для дзяржавы чамусьці гэта вялікае пытанне.

А наконт таго, ці застануся я ва Украіне, — у мяне тут магілка. Я нікуды не паеду. 

Я часам жартую па-чорнаму: так хацелася пусціць дзесьці карані — і вось я іх пусціла.

— Сёлета была сустрэча Зяленскага і Ціханоўскай у Кіеве. Ці звязваліся ўжо з вамі прадстаўнікі Офіса або іншых беларускіх дэмакратычных сіл наконт вырашэння гэтай праблемы? І як вы самі бачыце: ці могуць беларускія дэмакратычныя сілы вам у гэтым дапамагчы?

— Я з імі не супрацоўнічала, і са мной яны не звязваліся.

Але, насамрэч, давайце будзем шчырымі — праблемы беларусаў ва Украіне, якія былі, мы самі вырашалі. І тыя, якія ёсць зараз, таксама.

Усе ўсё выдатна ведаюць.

Я разумею, што асобныя сітуацыі могуць дапамагчы вырашыць праблему глабальна для ўсіх. Але патрэбныя нейкія рухі.

Гэтая сітуацыя цягнецца ўжо колькі гадоў? Выходзіць, чатыры гады. І калі яны хочуць гэтымі праблемамі займацца, хай займаюцца.

Але дапамагаць трэба ўсім. Каб гэта не была гісторыя пра тое, што мы ўзяліся дапамагаць чалавеку, таму што ён публічная асоба, а пра іншых забыліся.

Гэта павінна быць сістэмная праца. Пакуль сістэмнай працы тут няма. Ёсць толькі размовы пра праблемы.

— Запытаю вас яшчэ адносна вашай петыцыі па наданні Героя Украіны ваярам-замежнікам, пад якой вы сабралі 25 тысяч подпісаў. Ці пачалі яе разглядаць?

— Зараз сітуацыя такая, што петыцыя знаходзіцца на разглядзе. Пакуль па ёй няма ніякага руху на сайце.

Зараз на сайце мы бачым, што разглядаюць петыцыі, пададзеныя два гады таму, і на іх адказваюць. Сітуацыя з нашай петыцыяй, канешне, крыху іншая, чым з большасцю петыцый.

Але я думаю, што трэба пачаць гэта вырашаць. Таму што два гады чакаць — гэта зноў жа страта гісторыі, страта памяці пра герояў.

Я ведаю, што пра нашу петыцыю і нашу ініцыятыву ведаюць на вельмі высокіх узроўнях. Мы не толькі збіралі подпісы, але і праводзілі іншую працу. А ці будзе нейкі рух? Ці трэба будзе нам зноў самім спрабаваць прабіць гэтае пытанне? Гэта пакажа толькі час.

Мы стараемся. Я намагаюся несці Лёшаў дух. Нягледзячы на ўсю несправядлівасць і негатыў, трымаць у душы аптымізм, веру ў праўду, веру ў справядлівасць.

Лёша заўсёды такім быў. І для мяне гэта таксама пра памяць аб Лёшы — несці гэтую справядлівасць і дамагацца яе.

— У якім вы зараз фізічным стане? Чым штодзень займаецеся? Як выглядае ваша жыццё кожны дзень? І ці ёсць у вас праблемы, акрамя гэтай сітуацыі з выплатамі? 

— Не, такіх праблем няма. У мяне ёсць банкаўскія рахункі. Я пляту [упрыгожанні] на замову і ўсё гэта раблю афіцыйна. У большасці інстанцый, куды я звяртаюся, у мяне няма ніякіх праблем.

Я проста намагаюся больш працаваць. Але гэта ўсё вельмі складана.

Першы час пасля таго, як Лёшы не стала, нам было вельмі цяжка проста ўзяць сябе ў рукі і рабіць звычайныя бытавыя рэчы.

Я забывала пакарміць катоў. <…> Мне вельмі дапамагалі мае блізкія. Родныя — людзі, якіх я ўжо тут лічу роднымі. Яны былі побач, дзяжурылі, сачылі за мной, дапамагалі з бытавымі пытаннямі.

Пасля гэтага ў мяне былі праблемы з сэрцам. Я вучылася нанова хадзіць, можна сказаць так, таму што сэрца проста не вытрымлівала напругі. Я праходзіла сто метраў — і ў мяне пачыналася тахікардыя, падымаўся ціск. Трэба было выпіць таблетку, адпачыць, расхадзіцца.

Ва ўсім гэтым — страта, боль, перажыванне.

Калі мы гаворым пра страту, мы часцей гаворым пра эмацыйныя, сэнсавыя рэчы. А што перажывае цела, арганізм? Ён таксама ў пэўным сэнсе памірае. І вельмі шмат чаго мне давялося вучыцца рабіць нанова пасля ўсяго гэтага.

Я вельмі ўдзячная людзям, якія былі ў гэты час побач са мной. Я ніколі гэтага не забуду.

Гэта было самае страшнае, што я перажывала ў сваім жыцці.

— Што вы плануеце рабіць з адмовай? Як, на вашу думку, гэтую праблему можна вырашыць?

— Гэтую праблему можна вырашыць. Больш за тое, гэтую праблему трэба вырашыць.

Зараз над ёй працуюць юрысты. Мы самі таксама намагаемся падыходзіць да яе комплексна.

Калі ў нас ёсць выхады на людзей, якія маюць пэўную палітычную вагу, мы гэтым карыстаемся. Мы асвятляем праблему.

Пра яе ўжо ведаюць некаторыя людзі ў Вярхоўнай Радзе, якія хочуць узяць яе пад свой кантроль, пад сваю апеку. Уключаюцца журналісты, хочуць дапамагчы ўкраінскія праваабаронцы.

Гэта ўсё таму, што прыняты гэты закон. І тут патрэбна комплексная праца, каб яго змяніць, каб ён быў чалавечным, каб ён быў справядлівым.

Я разумею, што патрэбныя абмежаванні ў пытаннях бяспекі і гэтак далей. Але ўсё адно нельга забываць пра чалавечнасць і справядлівасць.

Таму што калі мы ваюем за справядлівасць супраць зла, то справядлівасць павінна быць і ў дачыненні да тых, хто гэта робіць, чыімі рукамі гэтая справядлівасць здабываецца.

Каментары15

  • Сумна гэта ўсё
    30.09.2026
    Вельмі шкада сваякоў загінулых дабраахвотнікаў. Людзі ахваравалі сабой за ідэю.
    Нават не ўяюляю, што гэтыя сваякі адчуваюць, калі чытаюць пра Міндзіча, кааператыў дынасція і полк Скеля
    Кіраўніцтва Украіны да свайго насельніцтва не на шмат лепей ставіцца, чым да беларусаў
  • барадзед
    30.09.2026
    пра Ціханоўскую задалі пытанне, добра
    што пра гэтую сітуацыю кажуць іншыя прадстаўнікі беларусаў ва Ўкраіне? Францкевіч быццам вырашае ўсе праблемы
    гена там быццам прасоўвае усе паляпшэнні для ваяроў
    Ганчарэнка нават заканапраекты ініцыюе
  • Ну
    01.10.2026
    Чытаю навіны і разумею, як добра, што ў апошні момант нешта (хутчэй - нехта) спыніў мяне ў 2022-м ад таго, каб паехаць ваяваць за Ўкраіну. Тое, што там адбываецца ўсе гэтыя гады - адзін суцэльны і бясконцы "кагнітыўны дысананс"...
    ПС. Сілаў Вераніке! І спачуванні.

Цяпер чытаюць

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак22

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Усе навіны →
Усе навіны

Ozon задумаў стварыць буйны лагістычны комплекс у Оршы8

Праз пагрозу дронаў перастаў хадзіць аўтобус з Навазыбкава ў Гомель1

БелАЗ выпрабоўвае самазвал з аўтаномным кіраваннем. Сам ён пад Лунінцам, а кіруюць ім з Мінска2

20‑гадовага забойцу ўкраінскай дэпутаткі Ірыны Фарыён асудзілі на пажыццёвае зняволенне4

«Магілёўліфтмаш» выпусціць ліфт для хмарачосаў3

Беларус пад Мінскам на чатырох сотках вырасціў тону батату

Скандал на фотаконкурсе мікравыяваў Nikon: пераможцу западозрылі ў выкарыстанні штучнага інтэлекту

За 146 парушэнняў і два ДТЗ — тры месяцы без правоў. У Мінску са скрыпам пакаралі кіроўцу Bentley8

Кубракоў заявіў, што наркадылеры перакідваюць наркотыкі з Польшчы ў Беларусь з дапамогай метэазондаў14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак22

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць