БЕЛ Ł РУС

Расійскі Мінтранс стаў паказваць Крымскі мост на інфаграфіцы толькі з адной чыгуначнай аркай

25.11.2026 / 22:27

Nashaniva.com

Міністэрства транспарту Расіі пачало паказваць Крымскі мост на інфаграфіцы толькі з адной чыгуначнай аркай, улічваючы наступствы ўкраінскіх удараў. У публікацыі ад 24 лістапада пра спосабы дабрацца ў Крым і вярнуцца адтуль на галоўнай ілюстрацыі намаляваная толькі адна арка даўжынёй 227 метраў. Аднак яшчэ 19 лістапада, ужо пасля аднаго з найбольш разбуральных удараў, на выявах у паведамленнях ведамства былі дзве аркі, піша The Moscow Times.

Фота: t.me/Mintrans_Russia

У сваёй публікацыі Мінтранс пералічыў па пяць спосабаў дабрацца на паўвостраў і выехаць з яго. Фактычна ўсе яны прадугледжваюць перасячэнне чыгуначнай часткі моста — на электрычцы або цягніку далёкага злучэння.

21 лістапада віцэ-прэм'ер Андрэй Нікіцін, які курыруе транспартную галіну, паведаміў пра аднаўленне руху па абедзвюх чыгуначных каляінах. Аўтамабільная частка збудавання разбураная, а авіязносіны з анексаваным Крымам расійскія ўлады спынілі яшчэ ў лютым 2022 года.

Віцэ-прэм'ер Марат Хуснулін, які адказвае за будаўніцтва, называў адну з дзвюх арак Крымскага моста, а таксама бэльку пралёта «пашкоджанымі». Аднак пасля ракетна-дронавага ўдару 17 лістапада абедзве канструкцыі фактычна перасталі існаваць: яны абрынуліся ў ваду і разламаліся на часткі.

Разбурэнні не толькі заблакавалі аўтамабільны рух па мосце, але і перашкаджаюць суднаходству ў Керчанскім праліве. Абломкі аркі і бэлькі апынуліся на дне Керч-Енікальскага канала, праз які суднам цяпер практычна немагчыма прайсці з Чорнага мора ў Азоўскае.

Міністр транспарту Расіі Дзмітрый Ядроў прызнаў, што пакуль немагчыма назваць нават прыблізныя тэрміны поўнага аднаўлення Крымскага моста. Паводле яго слоў, цяпер праводзіцца абследаванне збудавання, а таксама працуе спецыяльная група пад кіраўніцтвам Хуснуліна. Таму казаць пра тэрміны аднаўлення яшчэ заўчасна.

Раней прафесар Універсітэта Халіфы ў Абу-Дабі Андрэас Капасас выказаў меркаванне, што нават пры найбольш спрыяльным развіцці падзей расійскім уладам спатрэбіцца не менш за два гады, каб аднавіць мост. На яго будаўніцтва ў 2010‑х гадах было выдаткавана каля 3,5 мільярда даляраў.

З 16 па 19 лістапада Крымскі мост тройчы атакавалі ўкраінскія сілы. Найбольш разбуральным стаў другі ўдар у ноч на 17 лістапада. Тады запушчаныя з Украіны, у тым ліку, ракеты-дроны «Паляныця» абрынулі арку і каля 270 метраў аўтамабільнага палатна ў воды Керчанскага праліва.

Чытайце таксама:

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?

Зяленскі: Для ўдару па Крымскім мосце мы прымянялі толькі ўласную зброю

Для каардынацыі ўдараў па Крымскім мосце ўкраінцы выкарыстоўвалі свае «лятучыя мадэмы»

Каментары да артыкула