БЕЛ Ł РУС

Мірскі замак увайшоў у топ-100 найлепшых крэпасцяў свету

26.11.2026 / 17:36

Nashaniva.com

Мірскі замак уключылі ў сусветны спіс ста найлепшых замкаў і крэпасцяў планеты The World’s 100 Best Castles & Fortresses 2026. Рэйтынг склаў незалежны праект з Мюнхена Worth a Journey. 

Фота: vecteezy.com

Мірскі замак заняў 89‑е месца ў сусветным спісе са 100 аб’ектаў і 69‑е сярод 75 найлепшых гістарычных крэпасцяў Еўропы. Ён стаў адзіным беларускім аб’ектам, які трапіў у гэты рэйтынг.

У апісанні замак характарызуецца як чырвонацагляная крэпасць з ровам каля возера. Наведвальнікам раяць агледзець капліцу-пахавальню князёў Святаполк-Мірскіх, сутарэнні і казематы, а таксама падняцца па вузкіх вінтавых лесвіцах на вежы.

У сусветным рэйтынгу непасрэдна перад Мірскім замкам размясціліся Прад’ямскі замак у Славеніі ( 87‑е месца) і Акракарынф у Грэцыі (88-е). Наступныя пазіцыі занялі крэпасць Рудхан у Іране ( 90‑е месца) і Касба Амрыдыль у Марока (91-е).

Беларускі замак апярэдзіў таксама шэраг вядомых гістарычных помнікаў: Гайдэльбергскі замак у Германіі заняў 92‑е месца, ірландскі Бунраці — 93-е, японскі Мацумота — 95-е, французскі П’ерфон — 96-е, а грузінская крэпасць Рабат у Ахалцыхе — 100-е.

Першае месца ў сусветным і еўрапейскім рэйтынгах атрымаў славацкі Ораўскі Град.

Ораўскі Град (Славакія)

Другое месца заняў японскі замак Хімедзі, які стаў лідарам сярод азіяцкіх аб’ектаў.

Замак Хімедзі (Японія)

На трэцяй пазіцыі апынуўся румынскі замак Корвінаў.

Замак Корвінаў (Румынія)

Мюнхенскае выдавецтва Worth a Journey спецыялізуецца на пошуку месцаў, якія, на думку яго каманды, сапраўды вартыя асобнага падарожжа. Пры складанні рэйтынгу выкарыстоўваюцца алгарытмы на аснове вялікіх моўных мадэляў, якія аналізуюць ацэнкі і водгукі турыстаў. Пасля гэтага рэдакцыя дадаткова правярае аб’екты падчас выязных інспекцый.

Галоўны рэдактар праекта Якаб Швіхтэнберг патлумачыў, што мэта рэйтынгу — вылучыць месцы, якія пакідаюць моцнае ўражанне ў людзей, што асабіста іх наведалі.

Чытайце таксама:

Каля Мірскага замка адбудуюць знішчаны палац Святаполк-Мірскіх. У ім размесціцца гатэль

У Мірскім замку аднавілі італьянскі сад XVIII стагоддзя. Ён адкрыецца ўжо ў верасні

Караеў праінспектаваў Мір пасля скаргаў, што турыстам там няма дзе паесці

Мір і Нясвіж перанасычаныя турыстамі. Ва ўсім вінаватыя блогеры і сацыяльныя сеткі

Каментары да артыкула