У замкавым комплексе «Мір» завяршаецца другі этап маштабнай рэканструкцыі тэрыторыі.

Развіццё тэрыторыі вакол Мірскага замка падзелена на чатыры чаргі. Гэтыя планы агучыў дырэктар музея Аляксандр Лойка, паведамляе тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Першай чаргой стала рэстаўрацыя самога замкавага будынка. Другі этап — аднаўленне італьянскага саду плошчай 5,7 гектара. Як мы пісалі раней, гэты праект фінансуецца за кошт пазабюджэтных сродкаў музея (каля 8 мільёнаў рублёў) і распрацоўваўся з апорай на інвентар 1746 года. Асноўныя працы ў садзе завершаныя, ён адкрыецца для наведвальнікаў ужо ў гэтым месяцы. Пры аднаўленні паркавай структуры ўлічана неабходнасць захавання месца пахавання ахвяр Халакосту, расстраляных тут у гады Другой сусветнай вайны.
Трэці этап рэканструкцыі пачнецца ў 2027 годзе і закране англійскі пейзажны парк плошчай 16 гектараў. Асноўны фронт работ на гэтай тэрыторыі — узвядзенне новага жалезабетоннага моста цераз ручай замест страчанага драўлянага. Гэта дазволіць закальцаваць прагулачны маршрут вакол штучнага возера. Глабальнай высечкі існуючых дрэў не плануецца, бо асноўныя новыя пасадкі былі выкананы раней. Чацвёртая чарга развіцця комплексу — гэта аднаўленне палаца Святаполк-Мірскіх.

Мураваны двухпавярховы сядзібны дом быў узведзены ў формах неакласіцызму пры канцы XIX стагоддзя на загад Мікалая Святаполк-Мірскага. Ён набыў мірскія ўладанні ў 1891 годзе і пабудаваў рэзідэнцыю з усходняга боку ад старога замка. У 1914 годзе (па іншых звестках — у 1917-м) палац згарэў. Сын заснавальніка Міхаіл Святаполк-Мірскі не стаў аднаўляць будынак і засяродзіўся на рэстаўрацыі старога замка, пасяліўшыся ў ацалелай афіцыне. Рэшткі згарэлага палаца былі канчаткова разабраныя ў сярэдзіне ХХ стагоддзя.
З 2016 года на месцы былой рэзідэнцыі праводзяцца археалагічныя даследаванні пры ўдзеле спецыялістаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Падмуркі палаца адкрытыя для агляду і ўключаныя ў экскурсійную праграму. Унутранае размяшчэнне пакояў вядомае дзякуючы ўспамінам сям'і былых уласнікаў: на першым паверсе мясціліся сталовая, гасцёўня і бібліятэка-більярдная, на другім — вялікая гасцёўня, спальні і кабінет князя.

Паводле слоў дырэктара музея, адноўлены будынак плануюць аддаць пад гасцініцу, стылізаваную пад «міжваенны перыяд» (што вельмі дзіўна, улічваючы, што палац згарэў у Першую сусветную вайну і больш не аднаўляўся). Патрэба ў новай гасцініцы прадыктавана вострым дэфіцытам месцаў для пражывання турыстаў: існуючы гатэль у Мірскім замку налічвае ўсяго 16 нумароў, і запіс у яго ідзе на паўгода наперад.
Маштабнае развіццё інфраструктуры прымеркавана да 500‑гадовага юбілею Мірскага замка. Дата заснаваная на першай пісьмовай згадцы аб'екта ў дакуменце аб падзеле маёмасці ад 8 красавіка 1527 года. Асноўныя ўрачыстыя мерапрыемствы запланаваныя на 4—6 чэрвеня 2027 года. У рамках падрыхтоўкі да юбілею 10—11 верасня 2026 года ў Міры і Мінску праходзіць навуковая канферэнцыя «Абарончае дойлідства Беларусі: да 500‑годдзя Мірскага замка» з удзелам больш за 80 даследчыкаў. У лістападзе 2026 года на Уязной вежы з боку ўнутранага двара павінен з'явіцца вежавы гадзіннік.

Дзеля вырашэння транспартных праблем (цяпер да замка можна дабрацца толькі аўтамабілямі або аўтобусамі) кіраўніцтва комплексу летам агучвала намер аднавіць 12‑кіламетровую вузкакалейную чыгунку ад станцыі Гарадзея да Міра, якая існавала падчас Першай сусветнай вайны.
Гэты праект пакуль знаходзіцца на стадыі ідэі і патрабуе прыцягнення інвестараў і адпаведных рашэнняў з боку Беларускай чыгункі. Сёлета ж музей рыхтуецца дасягнуць рэкорднага паказчыка ў паўмільёна наведвальнікаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары