У Мірскім замку аднавілі італьянскі сад XVIII стагоддзя. Ён адкрыецца ўжо ў верасні
У Мірскім замку завяршаецца другі этап глабальнай рэканструкцыі: адноўлены італьянскі сад прыме першых наведвальнікаў ужо ў верасні 2026-га. Пра тое, калі пачнуць рэканструкцыю англійскага пейзажнага парку, што плануюць адкрыць у палацы апошніх уладальнікаў Мірскага замка і як збіраюцца наладзіць чыгуначнае спалучэнне, адбудаваўшы вузкакалейку, даведалася выданне Times.by.

Зараз на подступах да адноўленага сада пыл слупам — рабочыя мосцяць брукаванку, якая вядзе да будучай цэнтральнай алеі. Ужо добра праглядаецца выразная геаметрыя саду: 95% раслін, кустоў і дрэў высаджана — як унутры, так і звонку.

Уся тэрыторыя музейнага комплексу займае 26 га, з якіх англійскі пейзажны парк — 16 га і 5,7 га — італьянскі сад. Згодна з захаванымі звесткамі яго заклалі ў XVII стагоддзі пры Каралю Станіславе Радзівіле Справядлівым.






«Першыя згадкі датуюцца 1692-м, — удакладняе намесніца дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце Вольга Навіцкая. — Сямю гадамі пазней фіксуюць суму, выплачаную мулярам за мост, які звязаў сад з палацавай часткай. Але поўны інвентар з апісаннем планіроўкі і насаджэнняў, які ўзяты за аснову рэканструкцыі, датуецца 1746-м».

Дарожкі і загарадзі дзялілі італьянскі сад на 25 квадратаў, у якіх раслі пладовыя дрэвы, ягадныя кусты, лекавыя травы, агародніна. Частка з іх пуставала — каб зямля адпачывала.
«Зімой цэнтрам увагі гасцей станавілася аранжарэя, — удакладняе суразмоўніца. — Згодна з інвентаром 1778‑га там налічвалася каля 40 апельсінавых і больш за 150 лімонных дрэў, а таксама мірт, кіпарыс, лаўр, самшыт, інжыр».
Адноўлены фрагмент больш сціплы па плошчы: 18 квадратаў з насаджэннямі, без аранжарэі, доміка садоўніка і гаспадарчых будынкаў. Пракладзеныя на Стоўбцы дарогі ў XIX і ХХ стагоддзях значна зменшылі плошчу саду.






Па вонкавым перыметры высадзілі ліпы. Крыху наводдаль — лістоўніцы, грабы і клёны. У цэнтральнай зоне саду загарадзь з парэчак і агрэсту фарміруе квадраты, унутры якіх растуць блакітныя кветкі лёну, фіялетавыя — ісопу, белыя — шалфею, чырвоныя — крываўніку. Некалькі квадратаў выдзеленыя пад яблыні і вішні.






Расліны падабраныя непатрабавальныя: добра адчуваюць сябе і засушлівым летам, і суровай зімой. Больш за 50% было высаджана год таму, таму праверка на марозаўстойлівасць пройдзена.
У поўнай меры прыгажосць можна будзе ацаніць гадоў праз пяць: і дрэвам, і кустам патрэбны час, каб увайсці ў поўную сілу.






Ад моста да галоўных варот саду вядзе брукаванка.
«Маставая якраз у працэсе — у дзень укладаем каля 15 метраў, і занятыя на гэтым 12 чалавек — шэсць майстроў і шэсць студэнтаў у дапамогу — работа працаёмкая, — каментуе брыгадзір БУ-145 Сяргей Беларусаў. — На спецыяльную сцяжку ўкладваем камяні. У іх якраз і галоўная складанасць: роўнымі — адзін да аднаго — яны выглядаюць толькі на паперы праекта. У рэальнасці кожны камень трэба ўручную падбіраць і ўкладваць».






Яшчэ адным цяжкім этапам работ суразмоўца называе ўкладку рулоннага газона. Ізумруднай травой не толькі запаўняюць прастору паміж квадратамі з раслінамі, але і высцілаюць некаторыя дарожкі, тыя, якія не засыпаныя пясчанай сумессю.
У спісе архітэктурных аб'ектаў, якія зробяць ландшафт больш разнастайным, — 31 лавачка, чатыры альтанкі, якія будуць увітыя раслінамі. Падсветка ў цэнтральнай паркавай зоне — гэта круглыя грунтавыя ўбудаваныя свяцільні, а па перыметры за агароджай — ліхтары на каваных гнутых ножках.

Аднаўленне італьянскага саду — гэта другі этап рэканструкцыі Мірскага замка, трэці — англійскі пейзажны парк. Распачаць збіраюцца ў 2027-м. Асноўны фронт работ — аднаўленне моста праз ручай, які закальцуе прагулачны маршрут вакол рукатворнага возера.
Вольга Навіцкая ўдакладняе: раней тут быў драўляны мост. Новы будзе з жалезабетону і шырэйшы. Прамы або арачны з невялікім пад’ёмам — яшчэ ўзгадняюць.

Зялёныя насаджэнні на тэрыторыі парку глабальных змяненняў не зведаюць. Тым больш што асноўныя падсадкі дрэў рабілі яшчэ на першым этапе рэканструкцыі комплексу і ў наступныя гады.
«Радуе, што некаторыя дрэвы першапачатковай пасадкі захаваліся і па сённяшні дзень выглядаюць велічна, здалёк прыцягваючы ўвагу, — расказвае Вольга Навіцкая. — Псеўдатсуга Мензіса рвецца ўверх перад уваходам у царкву, злева — лістоўніца, а хвоя чорная надзейна ахоўвае ўваход у пахавальню».

Захавалася і хваёвая алея з паўднёвага боку, якая была часткай прагулачнага маршруту вакол возера ад палаца апошніх уладальнікаў да замка.


«На жаль, час не пашкадаваў піхту Фразера, піхту сібірскую, елку Энгельмана, хвою сібірскую кедравую і многія іншыя дрэвы, якія выкарыстоўваліся ў насаджэннях англійскага пейзажнага парку. Некаторыя з іх вымерзлі ў суровую зіму 1939—1940 гадоў або былі высечаныя ў гады вайны і ў пасляваенны час», — дадае суразмоўніца.

Аднаўленне палаца Святаполк-Мірскіх — гэта чацвёрты этап рэканструкцыі. Да нашых дзён захаваліся толькі фундамент і флігель.
«Лінія фронту Першай сусветнай, якая праходзіла непадалёку, не пакінула палацу шанцаў — у 1917‑м ён быў спалены, — расказвае Вольга Навіцкая. — Захаваўся здымак, на якім палац адлюстраваны на трэці дзень пасля пажару. І толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя будынак быў цалкам разабраны».

Унутранае размяшчэнне пакояў і іх убранне, паводле яе слоў, вядомыя дзякуючы ўспамінам Марыі Святаполк-Мірскай, нявесткі князя Мікалая Святаполк-Мірскага. На першым паверсе была калідорная сістэма з чатырма пакоямі з усімі выгодамі, вялікая сталовая, більярдная (яна ж бібліятэка), невялікая гасцёўня. На другім паверсе — вялікая гасцёўня, спальні, кабінет князя, побач яго ж спальня.
У адноўленым палацы плануюць размясціць гатэль на 40 месцаў у стылістыцы 1920— 1930‑х гадоў.
Праектна-каштарыснай дакументацыі гэтага этапу яшчэ няма. Але турысты ўжо цяпер могуць убачыць, якім быў палац: мурал з выявай размешчаны на адным з будынкаў спіртзавода.

Кіраўніцтва замкавага комплексу абмяжоўвацца толькі падсправаздачнай тэрыторыяй не плануе. Адзін з самых глабальных планаў — аднавіць чыгуначныя зносіны.
«Падчас Першай сусветнай вайны тут пралягала вузкакалейка — 12 кіламетраў да Гарадзеі, — расказвае дырэктар музея Аляксандр Лойка. — Пакуль гэта планы на ўзроўні мары: мы іх агучылі, але канкрэтнага рашэння па іх няма. Спадзяёмся, што і Беларуская чыгунка падтрымае такое пачынанне, і інвестары знойдуцца. Уявіце, як будзе здорава: з Мінска да Гарадзеі на электрычцы, а потым перасаджваемся на аўтэнтычны паравоз і пачынаем каларытнае падарожжа ў часе».
Аднаўленне чыгуначных зносін патрэбна не толькі для каларыту. Суразмоўца не ўтойвае: з лагістыкай складана. Дабрацца можна або на ўласным аўта, або на аўтобусе турфірмы.

У 2025‑м Мірскі замак прыняў больш за 450 тысяч гасцей — і гэта толькі тыя, хто купіў білет і каго можна фізічна палічыць.
«А ёсць яшчэ тысячы людзей, якія прыязджаюць пагуляць па парку, палюбавацца архітэктурай замка, — адзначае Аляксандр Лойка. — І мы ўдзячныя кожнаму, хто галасуе рублём, купляючы білет. Атрыманыя сродкі ідуць не толькі на папаўненне фондаў — сёння колькасць артэфактаў перавышае 5 тысяч. Многія аднаўленчыя работы праводзяць таксама за кошт пазабюджэтных сродкаў. Па сутнасці, купля білета — гэта ўклад у будучыню, каб гэты госць праз некалькі гадоў змог зноў прыехаць за ўражаннямі і гісторыяй».






У лістападзе 2026‑га на Уязной вежы з боку ўнутранага двара плануюць устанавіць вежавы гадзіннік.
А ў наступным годзе Мірскі замак адзначае 500‑гадовы юбілей. Непасрэдна дзень нараджэння — 8 красавіка, але маштабныя гулянні прызначаныя на 4—6 чэрвеня пад агульнай назвай «Мірскі замак — увасабленне беларускай гісторыі». Плануюцца выступленні клубаў гістарычнай рэканструкцыі, праца рамесных гандлёвых радоў, насычаная канцэртная праграма і феерверк.






Караеў праінспектаваў Мір пасля скаргаў, што турыстам там няма дзе паесці
«Не змаглі паабедаць нідзе! Турыстычнае месца!» Беларуска не змагла нідзе ў Міры паесці
Мір і Нясвіж перанасычаныя турыстамі. Ва ўсім вінаватыя блогеры і сацыяльныя сеткі
Юрый Караеў марыць зладзіць штурм Мірскага замка мангола-татарамі
Беларусь — не ўскраіна, а цэнтр еўрапейскай гісторыі, сцвярджае гісторык Цімаці Снайдэр
Пры Мірскім замку ўзнаўляюць італьянскі сад XVIII стагоддзя. Комплекс чакае маштабная разбудова
Цяпер чытаюць
Колькасць ахвяр выбуху ў маскоўскім элітным рэстаране на юбілеі генерала, які камандаваў наступам на Кіеў з Беларусі ў 2022-м, вырасла да пяці чалавек
Каментары