Віцэ-прэм'ера Шулейку панізілі да дырэктара мясакамбіната
Юрый Шулейка, якога 23 лістапада Аляксандр Лукашэнка зняў з пасады віцэ-прэм'ера, які курыраваў сельскую гаспадарку, прызначаны генеральным дырэктарам Гродзенскага мясакамбіната. Гэта для Шулейкі відавочнае кар'ернае паніжэнне, фактычна яго вярнулі назад гадоў на 15.
Юрый Шулейка. Фота: БелТА
58‑гадовы ўраджэнец гарадскога пасёлка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна Юрый Шулейка быў звязаны з Гродзенскім мясакамбінатам з самага пачатку сваёй працоўнай кар'еры. У 1992—1994 гадах ён працаваў майстрам па рамонце тэхналагічнага абсталявання і выконваў абавязкі галоўнага энергетыка гэтага прадпрыемства.
У 1994—1996 гадах Шулейка ўзначальваў мясны цэх сельскагаспадарчага калектыўнага прадпрыемства «Абухава» Гродзенскага раёна. У 1996 годзе быў намеснікам дырэктара — начальнікам перапрацоўчага комплексу Зэльвенскай цеплаэлектрасеткі «Гроднаэнерга».
З 1996 да 2005 года Шулейка кіраваў аддзелам механізацыі і аўтаматызацыі вытворчых працэсаў на Гродзенскім мясакамбінацe. У 2005—2007 гадах узначальваў Лідскі мясакамбінат, у 2007—2008 гадах — прадпрыемства «Гродзенскія мясамалочныя прадукты», а ў 2008—2012 гадах — дзяржаўнае аб’яднанне «Гроднамясамалпрам».
Пасля таго ён стаў рабіць кар'еру ўжо на больш высокіх ступенях і не абмежаваную толькі мясаперапрацоўчай галіной. У 2012—2013 гадах Шулейка быў першым намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама і курыраваў пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2013 годзе стаў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама і займаў гэтую пасаду да 2017 года. Пасля гэтага яго прызначылі памочнікам прэзідэнта — інспектарам Гомельскай вобласці. У 2021—2024 гадах Шулейка ўзначальваў Брэсцкі аблвыканкам.
У чэрвені 2024 года Юрый Шулейка стаў намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі. 23 лістапада 2026 года гэтую пасаду замест яго заняў Аляксандр Ломскі.
Прызначаючы Ломскага, Лукашэнка заявіў, што Шулейку накіравалі на працу ў Гродзенскую вобласць. Прытым гэта, маўляў, не азначае, што чыноўнік едзе туды адпачываць. Ад Шулейкі чакаюць вынікаў найперш у сельскай гаспадарцы, арганізацыі працы ў гэтай сферы і перапрацоўцы. Пасля з'яўлялася інфармацыя, нібыта Шулейка будзе ствараць на Гродзеншчыне буйны аграхолдынг.
Чытайце таксама:
Адстаўлены віцэ-прэм'ер Шулейка будзе ствараць на Гродзеншчыне аграхолдынг
Хто такі Аляксандр Ломскі, новы віцэ-прэм'ер па сельскай гаспадарцы
Лукашэнка прызначыў новага віцэ-прэм'ера, адказнага за сельскую гаспадарку
Два міністры, новыя паслы і іншыя чыноўнікі — кадравы дзень у Лукашэнкі