Аліменты цяпер будуць спаганяць нават з выйгрышаў у казіно
З 1 студзеня 2027 года ў Беларусі зменіцца пералік даходаў бацькоў, з якіх утрымліваюцца аліменты на непаўналетніх дзяцей. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Заря»
Пры вызначэнні памеру аліментаў цяпер будуць улічвацца ўсе даходы грамадзяніна пасля вылічвання падаткаў і абавязковых страхавых узносаў. У тым ліку гэта тычыцца сродкаў, атрыманых ад розных формаў самазанятасці і прафесійнай дзейнасці, якія не лічацца прадпрымальніцтвам: блогінгу, стрымінгу, працы на маркетплэйсах і лічбавых сэрвісах паслуг.
У пералік даходаў, з якіх будуць утрымлівацца аліменты, дадаткова ўключылі:
- выйгрышы і вяртанне незгуляных ставак у азартных гульнях — у казіно, анлайн-казіно, гульнявых аўтаматах, букмекерскіх канторах, таталізатарах, электронных інтэрактыўных і рэкламных гульнях, а таксама на іншых падобных мерапрыемствах;
- кошт абанементаў, сертыфікатаў, білетаў і розных відаў сацыяльных гарантый;
- выплаты пры заключэнні кантракта або яго падаўжэнні на новы тэрмін;
- страхавыя ўзносы, якія арганізацыя плаціць за работніка паводле дагавораў добраахвотнага страхавання медыцынскіх расходаў;
- даходы ад здачы ў наём, арэнду або субарэнду жылых і нежылых памяшканняў, транспартных сродкаў і зямельных участкаў;
- даходы ад аперацый з лічбавымі знакамі (токенамі).
Пералік даходаў стане адкрытым: у ім будуць прадугледжаныя і іншыя віды даходаў, на якія паводле рашэння суда можа быць звернута спагнанне. Гэта павінна дазволіць улічваць новыя крыніцы заробку без неабходнасці кожны раз змяняць нарматыўны акт, а таксама ліквідаваць магчымыя прававыя прабелы.
Пастанова набудзе моц 1 студзеня 2027 года.
Чытайце таксама:
Каго вышуквае міліцыя? Па 39% — палітычных і аліментшчыкаў. Рэшта — усе астатнія артыкулы ФОТАФАКТ
Беларусу ў Францыі суд дазволіў не плаціць аліменты на дачку — бо ў яго няма грошай
Рыта Дакота спрачаецца з былым мужам за аліменты 745 даляраў