БЕЛ Ł РУС

Youtube аднавіў відэа Сяргея Ціханоўскага з Мікітам Мелказёравым

27.11.2026 / 23:22

Nashaniva.com

Відэаплатформа YouTube аднавіла чатыры відэа канала «Краіна для жыцця», якія ў пачатку лістапада былі заблакаваныя праз скаргі на парушэнне аўтарскіх правоў, заўважыла «Радыё Свабода». На канале публікуюць відэа блогера і былога палітвязня Сяргея Ціханоўскага.

Скрыншот з відэа

Падставай для скаргаў сталі шасцісекундныя фрагменты з удзелам папулярнага блогера Мікіты Мелказёрава, які памёр у снежні 2025 года. Гэтыя кадры ўзялі з відэа праекта «Жыццё-маліна», апублікаванага ў 2023 годзе. У ім Мелказёраў заклікаў падтрымаць Ціханоўскага, які тады знаходзіўся ў зняволенні, і падпісацца на ягоны канал.

У пачатку лістапада каманда «Жыццё-маліны» патлумачыла, што заклікі Мелказёрава прагучалі ў іншым кантэксце і невядома, ці пагадзіўся б ён на выкарыстанне гэтых кадраў у іншых відэа. Таму каманда падала ў YouTube скаргі на парушэнне аўтарскіх правоў.

Цяпер ва ўсіх чатырох відэа па-ранейшаму застаюцца шасцісекундныя фрагменты з Мікітам Мелказёравым.

Сяргей Ціханоўскі ў каментары «Радыё Свабода» заявіў, што YouTube не патрабаваў выдаляць відэа, а толькі часова заблакаваў іх на час праверкі.

Каманда «Жыццё-маліны» паведаміла, што пасля разгляду скаргі YouTube спачатку прыняў рашэнне выдаліць відэа. Аднак аўтары кантэнту маглі падаць апеляцыю, што і зрабіў Ціханоўскі праз свайго ўпаўнаважанага прадстаўніка Дзмітрыя Наскаўца.

Пасля падачы апеляцыі каманда «Жыццё-маліны» атрымала дзесяць дзён, каб звярнуцца ў суд. У праекце патлумачылі, што YouTube сам не вырашае спрэчкі аб аўтарскіх правах, а кіруецца судовымі рашэннямі. Цяпер каманда вывучае юрыдычныя магчымасці далейшай абароны.

Пазіцыя «Жыццё-маліны» застаецца нязменнай: выкарыстанне вобразу Мікіты Мелказёрава ў такім фармаце яна лічыць недапушчальным.

Чытайце таксама:

У беларускім ютубе вайна страйкаў — прыляцела Пятрухіну

З ютуба выдаленыя два чарговыя стрымы Ціханоўскага

Ціханоўскі заявіў, што цяпер у кожным стрыме будзе ўключаць відэа з Мелказёравым па некалькі разоў

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага

Каментары да артыкула