Расійскі дэпутат скардзіцца, што ўкраінцы занялі яго кватэру ў Іспаніі, а ён мусіць плаціць за іх электрычнасць
Пасля ўвядзення еўрапейскіх санкцый расійскі палітык Канстанцін Затулін страціў магчымасць наведваць сваю нерухомасць на беразе Міжземнага мора.
Канстанцін Затулін. Скрын відэа: 1tv.ru
Дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расіі» Канстанцін Затулін у эфіры ток-шоу «Время покажет» на расійскім Першым канале расказаў пра праблемы са сваёй нерухомасцю ў Іспаніі.
Паводле палітыка, кватэру плошчай каля 90 квадратных метраў на беразе Міжземнага мора ён набыў у 1997 годзе ў іпатэку, якую выплачваў каля дзесяці гадоў.
«У гэтую кватэру, якая належыць мне і маёй сям'і на праве ўласнасці, насамрэч з 2023 года засяліліся прадстаўнікі Украіны, якія там дагэтуль жывуць. І вось ужо прайшло тры гады, а іспанскія ўлады робяць выгляд, што ніяк не могуць іх выселіць», — паскардзіўся Затулін.
Пры гэтым, як сцвярджае дэпутат, ён па-ранейшаму абавязаны плаціць за электрычнасць, якой карыстаюцца цяперашнія жыхары кватэры, бо адключаць ім святло і ваду лічыцца негуманным.
«Мне было б вельмі цікава, карыстаючыся магчымасцямі вашай перадачы, спытаць, што ж гэта за жыллёвая палітыка такая ў Іспаніі, пры якой можна спакойна выразаць замкі, зайсці ў кватэру і жыць там гадамі», — абурыўся дэпутат.
Не атрымаўшы адказу ад вядучых, Затулін выказаў спадзяванне, што сітуацыю патлумачыць пасол Іспаніі ў Расіі.
Як піша выданне «Важные истории», кватэра Затуліна знаходзіцца ў курортным горадзе Тарэв'еха (Torrevieja) у правінцыі Алікантэ. Яшчэ ў студзені 2022 года, падчас масавых пратэстаў у Казахстане, дэпутат даваў каментары тэлеканалу «Дождь» непасрэдна са сваёй іспанскай кватэры.
Аднак ужо 25 лютага 2022 года Затулін трапіў пад санкцыі Еўрасаюза за падтрымку ратыфікацыі дамоў Расіі з так званымі ДНР і ЛНР. Яго нерухомасць у Іспаніі была замарожаная.
У лістападзе гэтага года Затулін накіраваў адкрыты ліст іспанскаму паслу. Нагодай стала атрыманне пратакола сходу таварыства ўласнікаў жылля, згодна з якім за сям'ёй дэпутата назапасілася запазычанасць у некалькі тысяч еўра.
Як вынікае з ліста, грамадзяне Украіны занялі кватэру на Каляды 2023 года, узламаўшы дзвярны замок. Паліцэйскія, якія прыбылі на месца, адмовіліся іх высяляць, спаслаўшыся на адсутнасць уласніка. З таго часу, сцвярджае Затулін, усе спробы яго сям'і вярнуць сабе жыллё не далі выніку.
Дэпутат абвінавачвае іспанскую паліцыю і мясцовыя ўлады ў тым, што яны фактычна сталі на бок акупасаў (так у Іспаніі называюць людзей, якія самавольна займаюць чужыя дамы і кватэры).
Пазбавіцца ж праблемнай нерухомасці Затулін не можа — праз санкцыі яму не дазволена прадаць кватэру.
68‑гадовы Канстанцін Затулін у расійскай палітыцы з пачатку 1990-х. Упершыню ён стаў дэпутатам Дзярждумы ў 1993 годзе. Узначальвае Інстытут краін СНД, займаецца пытаннямі расійскіх суайчыннікаў за мяжой, міграцыі і грамадзянства. Падтрымліваў анексію Крыма, а ў лютым 2022 года прагаласаваў за ратыфікацыю дамоў Расіі з так званымі ДНР і ЛНР.
Характэрна, што ў сярэдзіне лістапада Дзярждума ў чарговы раз адхіліла законапраект, які прадугледжваў забарону расійскім дэпутатам і чыноўнікам валодаць нерухомасцю за мяжой.
Чытайце таксама:
Пакуль беларуска гасцявала ў Мінску, у яе дом у Іспаніі спрабавалі залезці акупасы
Дэпутат Дзярждумы Затулін: Лукашэнка як дзіця капрызіць і крыўдзіць маму, а затым лашчыцца